НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
«Замацоўваючы свае правы на самавызначэнне, абвешчанае расійскай рэвалюцыяй і прымаючы рэспубліканскі строй на абшарах Беларускай Зямлі, дзеля паратунку Роднага Краю і дзеля забеспячэння яго ад раздзелу і адлучэння ад Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, Першы Усебеларускі З’езд ухваляе: безадкладна ўтварыць са свайго складу орган краёвай улады, у асобе Усебеларускай Рады Сялянскіх, Салдацкіх і Рабочых Дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання Краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з цэнтральнаю ўладаю адпаведнай перад саветамі рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў».
З’езд паспрабаваў устанавіць беларускую савецкую ўладу без ведама Абласнога выканаўчага камітэта Заходняй вобласці і фронту. 17 снежня каля поўначы будынак, у якім праводзіўся З’езд, быў ачэплены падраздзяленнямі Заходняга фронту. Па загаду Мяснікова прэзідыум З’езда быў арыштаваны, а дэлегаты — разагнаны салдатамі. Бальшавікі занялі таксама сядзібы Вялікай беларускай рады, Цэнтральнай вайсковай беларускай рады і Беларускай сацыялістычнай грамады. Беларускія вайскоўцы зусім не былі падрыхтаваны да барацьбы з расійскімі бальшавікамі. Дарэчы, раней заяўлялі яны волю супрацоўнічаць з імі.
На думку некаторых гісторыкаў, разгон З’езда бальшавікамі быў выяўленнем самавольнасці мінскіх рэзідэнтаў Савета Народных Камісараў, дзеяннем, якое супярэчыла інтэнцыям цэнтральных улад. Сапраўднай прычынай — пісаў беларускі гісторык з Варшавы Юры Туронак — было імкненне З’езда стварыць свае органы савецкай улады, замест прэтэндуючых на яе чужых камісараў, якія, так як Мураўёў ці Керанскі, не прызнавалі беларускага народа і яго права на самавызначэнне. Савецкія гісторыкі І Усебеларускі з’езд паслядоўна называлі антысавецкім, які імкнуўся ўстанавіць буржуазную рэспубліку і адлучыць яе ад Савецкай Расіі.
З’езд, яшчэ да разгону, паспеў выбраць Раду, якая засядала 18 снежня 1917 г. і стварыла пастаяннае нацыянальнае прадстаўніцтва — Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда. Старшынёй Выканаўчага камітэта і кіраўніком ведамства замежных спраў стаў Язэп Варонка, ваенныя справы былі даручаны Сымону Рак-Міхайлоўскаму, а ўнутраныя — Івану Сераду. У Выканкам з 11 чалавек неўзабаве былі ўключаны прадстаўнікі нацыянальных меншасцей: паляк Аляксандр Прыстар, яўрэі Гутман і Зарубавель (Віткін), літовец Мічуліс і расіянін Злобін. Такім чынам у Мінску стварыліся быццам бы два ўрады: яўны — савецкі і нелегальны — беларускі. Галоўная слабасць Выканаўчага камітэта заключалася ў адсутнасці фінансавых сродкаў на якую-небудзь дзейнасць. Выканкам не мог нават забяспечыць харчамі вайсковых падраздзяленняў, якія падпарадкаваліся яму як палітычнай уладзе ў Беларусі.
У студзені 1918 г. пачаліся сутычкі паміж раскінутымі па ўсёй Беларусі падраздзяленнямі 1-га польскага корпуса генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага з часцямі расійскай арміі Заходняга фронту, якія кантраляваліся бальшавікамі. У бальшавіцкай прапагандзе ўсе палітычныя сілы, якія аспрэчвалі іх права на ўладу, былі абвінавачаны ў спрыянні палякам. За выдуманае супрацоўніцтва з палякамі 31 студзеня былі арыштаваны ў Мінску кіраўнікі Цэнтральнай беларускай вайсковай рады Канстанцін Езавітаў і Васіль Захарка. Гэта стала прычынай далейшай дэзарганізацыі працэсу стварання беларускіх ваенных структур. Бальшавікі распусцілі большасць беларускіх часцей у радах сваёй арміі, салдат раскінулі, разаслалі па дамах або па іншых падраздзяленнях па-за тэрыторыяй Беларусі.
У лютым 1918 г. у Брэсце пачаліся мірныя перагаворы паміж Савецкай Расіяй і Нямеччынай. Па жаданні старшыні расійскай дэлегацыі Льва Троцкага прадстаўнікі беларускага Выканкама не былі немцамі ўпушчаны на мірную канферэнцыю. Справа дзяржаўнай прыналежнасці Беларусі не знаходзілася менавіта ў коле іх зацікаўленняў. Немцы патрабавалі ад Расіі хуткай сплаты кантрыбуцыі, а ў сувязі з замаруджваннем расійскімі прадстаўнікамі падпісання адпаведных абавязацельстваў, 18 лютага нямецкая армія наступіла на ўсход і дайшла да Дзвіны і Дняпра, займаючы амаль усю Беларусь.
Немцы лічылі гэты абшар часткай тэрыторыі Расіі, а часова быў ён для іх закладам за вымаганую кантрыбуцыю. І менавіта таму яны самі імкнуліся сыскаць з Беларусі частку пабораў, якія — на іх погляд — была ім вінавата Расія.