НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Новы старшыня Нацыянальнага Сакратарыята Раман Скірмунт гатовы быў далей шукаць шляхі паразумення з немцамі, але Рада блакіравала ўсялякія ініцыятывы ў гэтым напрамку. Немцы са свайго боку не рабілі ніякіх істотных канцэсій на карысць беларусаў. Наадварот, рашуча тармазілі ўсялякія ініцыятывы па стварэнні беларускіх вайсковых, паліцэйскіх ці ваенізаваных структур. Немцы баяліся, што могуць яны ўзмоцніць спантанны партызанскі сялянскі рух, арганізаваны з мэтай абароны ад грабяжоў маёмасці, якія праводзіліся нямецкімі салдатамі ў рамках сыскання кантрыбуцыі, наложанай на Расію ў Брэсце.
У кастрычніку 1918 г. прэм’ерміністрам урада стаў Антон Луцкевіч. З прычыны адсутнасці ўмоў для ажыццяўлення палітыкі на тэрыторыі сваёй краіны засяродзіўся ён на дыпламатычнай дзейнасці, галоўным чынам на пошуках сярод суседзяў хаўруснікаў прыхільных ідэі незалежнай Беларусі. Кіраўніка ведамства вайсковых спраў палкоўніка Канстанціна Езавітава направіў ён у Коўна і Варшаву, а сам падаўся ў Кіеў. Не знайшоўшы ў сталіцах новаствораных дзяржаў ніякіх абяцанняў падтрымкі, Луцкевіч прыняў запрашэнне Леніна на перагаворы ў Маскве. Невядома як праходзілі гэтыя размовы, аднак Луцкевіч ужо больш не прабаваў дамаўляцца з бальшавікамі.
Пад канец лістапада 1918 г. немцы сталі эвакуіраваць свае войскі з Беларусі. Пакінутыя імі тэрыторыі займала Чырвоная Армія. 10 снежня бальшавікі былі ўжо ў Мінску. Два дні раней у Вільню падалася Рада БНР і ўрад Антона Луцкевіча. У Беларусі не было ніякіх войскаў, якія прабавалі б аказваць супраціўленне нешматлікім савецкім падраздзяленням, таму што немцы намнога больш паспяхова расправіліся з беларускімі вайсковымі структурамі чым бальшавікі.
Стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі
Беларуская Народная Рэспубліка, хаця заіснавала ў большай ступені як ідэя чым рэальна існуючае палітычнае тварэнне, стала аднак каталізатарам, які давёў да стварэння беларускай савецкай дзяржаўнасці. За такую форму нацыянальнага быту выказаўся таксама І Усебеларускі з’езд, пакуль быў разагнаны па волі мінскіх прадстаўнікоў Савета Народных Камісараў. З такімі патрабаваннямі выступалі беларускія бальшавікі, якія дзейнічалі ў розных секцыях Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) [РКП(б)]. Аднак воля беларусаў у гэтым выпадку мела другараднае значэнне. Аб узнікненні новых стварэнняў у выглядзе беларускай або літоўска-беларускай дзяржаўнасці прадрашалі патрэбы бягучай савецкай палітыкі. Экспарт рэвалюцыі ў Еўропу патрабаваў перш за ўсё надаць верагоднасць бальшавіцкім лозунгам аб праве народаў на самавызначэнне. Па гэтай прычыне трэба было нейтралізаваць урад БНР, які разаслаў свае дыпламатычныя місіі ў большасць еўрапейскіх краін.
8 снежня 1918 г. савецкія ўлады пракламавалі ў Маскве стварэнне Літоўскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. У яе межах мелі апынуцца амаль усе беларускія землі. Хутка аднак адышлі яны ад гэтай задумы і ўжо ў палове снежня Цэнтральны Камітэт РКП(б) разважаў праект стварэння асобных — літоўскай і беларускай — рэспублік. 25 снежня ў час сустрэчы Іосіфа Сталіна, тадышняга камісара па справах нацыянальнасцей і старшыні Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б) Аляксандра Мяснікова былі вызначаны межы абедзвюх дзяржаў. Беларусь — паводле Сталіна — мелі састаўляць Гродзенская, Мінская і Смаленская, а Літву — Ковенская і Віленская губерні. Тры дні пазней Сталін па тэлеграфу загадаў далучыць да Беларусі Магілёўшчыну і Гомельшчыну. VI Паўночна-Заходняя канферэнцыя РКП(б), якая адбывалася 30 снежня ў Смаленску, пераўтварылася ў І З’езд Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, які ў гэты ж дзень абвясціў рэзалюцыю аб старэнні Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі (БССР). У рэзалюцыі пісалася: