НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
5 лістапада праходзіў у Мінску З’езд воінаў-беларусаў Заходняга фронту, які вырашыў падпарадкавацца ВБР і ад яе імя пачаць фарміраванне сваіх узброеных сіл. З гэтай мэтай была створана Цэнтральная беларуская вайсковая рада (ЦБВР), якая бесперашкодна працягвала дзейнасць таксама пасля захопу ўлады ў Беларусі бальшавікамі. Ва ўмовах палітычнага хаосу і бальшавіцкай дэкларацыі аб праве народаў на самавызначэнне стваранне беларускіх структур у расійскай арміі лічылася цалкам натуральнай з’явай, тым больш што мелі яны прадстаўляць Беларусь у складзе Расіі. З’езды воінаў-беларусаў праходзілі ў лістападзе і снежні 1917 г. таксама ў ваенных акругах па-за тэрыторыяй Беларусі — у Кіеве, Адэсе, Смаленску. Усюды прымаліся дэкларацыі падтрымкі для аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай расійскай дзяржаўнасці і заявы аб гатоўнасці садзейнічаць намаганням ЦБВР у справе фарміравання беларускага войска. Некаторыя камандзіры, не чакаючы дазволу расійскіх начальнікаў, самі пачыналі ствараць беларускія нацыянальныя часці.
Бальшавіцкім пераваротам у Беларусі кіравалі людзі звонку — Карл Ландар, Міхаіл Фрунзе, Вільгельм Кнорын, Аляксандр Мяснікоў. Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў практычна без барацьбы захапіў уладу ў горадзе і пераняў кантроль над мясцовымі ваеннымі гарнізонамі. У лістападзе амаль усе вайсковыя фарміраванні ў Беларусі апынуліся пад кантролем бальшавіцкага Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Заходняга фронту. Здзейснілася гэта шляхам замены царскіх генералаў малодшымі афіцэрамі, якія былі верныя новай уладзе і атрымалі павышэнне па службе.
Вялікая беларуская рада праігнаравала бальшавіцкі пераварот і паставілася да яго як да чарговай змены ў расійскай эліце ўлады і заадно палічыла яго знакам паглыблення няўстойлівасці палітычнай сітуацыі ў Расіі. ВБР прызнала новы ўрад у Петраградзе, але адмовілася прызнаць легальнай палітычнай уладай існуючы ў Мінску Выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту, якім кіраваў Аляксандр Мяснікоў. Бальшавіцкі камітэт ВБР патрактавала як палітычны твор, падпарадкаваны выключна камандзіру расійскай арміі, якая стаяла ў Беларусі. Дзеля ўпарадкавання спраў у краіне Рада рашылася склікаць 5 снежня Усебеларускі з’езд. Меў ён шырока прадстаўляць усе беларускія грамадскія і палітычныя асяроддзі. З’езд, згодна намерам ВБР, павінен быў акрэсліць парадак аўтаномнай Беларусі. Справа дзяржаўнай незалежнасці не абмяркоўвалася ніводнай сур’ёзнай беларускай палітычнай сілай.
РАЗДЗЕЛ 2
ЗМАГАННЕ ЗА СВАЮ ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ
Беларуская Народная Рэспубліка
І Усебеларускі з’езд быў скліканы ў Мінску са згоды і пры фінансавай падтрымцы Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей, якім кіраваў Іосіф Сталін. Хаця частка дэлегатаў — 300 чалавек — сабралася 5 снежня 1917 г., афіцыйна з’езд быў адчынены два дні пазней. З розных бакоў Беларусі, а таксама Расіі і Украіны, прыбывалі прадстаўнікі беларускіх вайсковых фарміраванняў, губернскіх земстваў, павятовых і гмінных самаўрадаў, прафсаюзаў, бежанскіх камітэтаў. Агулам да 14 снежня зарэгістраваліся 1872 дэлегаты. У іх ліку пераважалі ваенныя, настаўнікі і чыноўнікі. У з’ездзе прымала ўдзел звыш 700 афіцэраў і унтэрафіцэраў усіх расійскіх гарнізонаў. Пераважная большасць дэлегатаў выводзілася з сялянскага саслоўя. Старшынёй З’езда быў выбраны прадстаўнік Цэнтральнай вайсковай беларускай рады Іван Серада. Да 14 снежня працягваліся працэдурныя ўзгадненні паміж прыхільнікамі розных палітычных плыняў і распрацоўка дакументаў, якія мелі разглядацца З’ездам. У тым часе праводзіліся лекцыі для дэлегатаў па гісторыі і актуальнай сітуацыі краіны. У ходзе пасяджэнняў прадстаўнікі Віленшчыны, Гродзеншчыны, Віцебшчыны і Міншчыны рашуча выказваліся за палітычную аўтаномію Беларусі. Дэлегаты Магілёўшчыны, Смаленшчыны і вельмі ўплывовыя прадстаўнікі беларускіх сацыялістычных партый Петраграда выказваліся за адзінства расійскай дзяржавы і гарантаванне беларусам выключна свабоды культурнага развіцця. 17 снежня З’ездам была прынята рэзалюцыя, у якой сцвярджалася: