Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Фрода з Сэмам змоўклі й сьцішыліся сярод мяккіх ценяў, пакуль не заўважылі зіхаценьне. Набліжаліся падарожнікі.
Тое ехаў Гільдар і зь ім шмат сьветлага народу. I, на Сэмава зьдзіўленьне, Эльранд і Галадрыель. На Эльрандзе была шэрая корзна, на лобе зьзяла зорка, у руках ён трымаў срэбную арфу, а на пальцы ягоным пабліскваў залаты пярсьцёнак зь вялізным блакітным каменем. Гэта быў Вілья, наймагутнейшы з трох эльфавых кляйнодзікаў. Галадрыель ехала верхам на белай кабылцы, уся апранутая ў зіхотка-белае, срабрыстае, нібы аблокі ў месяцовым сьвятле, яна быццам зьзяла нязыркім сьвятлом. На яе пальцы быў відаць Нэнья, пярсьцёнак зь міфрылу, і на ім зіхцеў зімовай зоркаю адзіны белы каменьчык. Побач на маленькім шэрым поні трухаў Більба, сонна гайдаючыся ў сядле.
Эльранд павітаў стрэчных стрымана й шляхетна, а Галадрыель усьміхнулася ім.
– Спадару Сэмвайзе, – вымавіла яна, – я чула й бачу, што ты добра выкарыстаў мой падарунак. Шыр цяпер будзе добраславёны й утульны.
Сэм пакланіўся, але адказаць анічога ня здолеў. Ён ужо прызабыў, якая ж панна прыгожая.
А Більба прачнуўся й расплюшчыў вочы.
– Вітаю, Фрода! Ну, я пераўзышоў Старога Хвата сёньня! Так вось сталася. Цяперака, мяркую, я цалкам гатовы да шчэ адной вандроўкі. Ты з мною?
– Так, я з табою, – пацьвердзіў Фрода. – Ахавальнікі Пярсьцёнка мусяць ісьці разам.
– Куды ж ваша сабраўся, спадару? – выгукнуў Сэм, хоць ужо й сам зразумеў, што адбываецца.
– Да Заваняў, Сэме.
– А я ж не магу!
– Не, Сэме. Пакуль што, прынамсі. Пакуль ня далей за Завані. Хоць ты таксама насіў пярсьцёнак, праўда нядоўга. Магчыма, прыйдзе й твой час. Не сумуй надта, Сэме. Не заўжды табе разьдзірацца на паловы. Ты мусіш быць цэльным, самім сабою цягам мноства гадоў. У цябе яшчэ столькі наперадзе радасьці й працы, столькі зьдзяйсьненьняў і дасягненьняў.
– Аднак, – сьлёзы сабраліся ў Сэмавых вачох, – я думаў, ваша таксама ўзрадуецца Шыру й радавацьмецца шмат гадоў – пасьля таго, што ваша зьдзейсьніў дзеля яго.
– Я таксама думаў так калісьці. Але ж я надта глыбока паранены. Я намагаўся ўратаваць Шыр, і той выратаваны – аджа не для мяне. Так часьцяком здараецца, калі нечаму пагражае небясьпека, Сэме: нехта мусіць адмовіцца, страціць каштоўнасьць для сябе, каб пакінуць астатнім. Ты – мой спадчыньнік. Усё, што меў і што мог бы мець, я пакідаю табе. Таксама ў цябе ёсьць Ружа й Эланор, а зьявяцца шчэ й маленькі Фрода, і Ружанка-малодшая, і Мэры, і Златачка, і Піпін, а можа, і болей, каго я ня здольны бачыць. Твае рукі й кемнасьць спатрэбяцца паўсюль. Вядома, ты будзеш Галавою – так доўга, як толькі пажадаеш, і самым знакамітым садоўнікам у гісторыі. Чытацьмеш Пунсовую кнігу й падтрымлівацьмеш жывою памяць мінулай эпохі, каб народ не забыўся на Вялікую навалу й любіў сваю зямлю яшчэ болей. I таму ты будзеш больш заняты й шчасьлівы, чым многія, увесь час, пакуль доўжыцца твая частка Гісторыі... А цяпер – едзьма з мною!
Эльранд з Галадрыеляй зьяжджалі, бо Трэцяя эпоха скончылася, дні пярсьцёнкаў мінулі, завершыўся расповед і песьня пра іхнія часы. З уладарамі ад'яжджалі прэчкі многія вышнія эльфы, якія не захацелі болей заставацца ў Міжзем'і, а сярод іх поўныя смутку, але добраславёнага, бяз горычы, ехалі Сэм, і Фрода, і Більба, і эльфы з радасьцю шанавалі іх.
Хоць ехалі паўз сэрца Шыру ўвесь вечар і ўсю ноч, аніхто, апрача дзікіх жывёлаў, не заўважыў падарожнікаў. Хіба што зрэдчасу начны вандроўнік прыкмячаў жвавы пробліск пад дрэвамі, сьвятло й цень, што праплывалі над травою ў сьвятле месяца, які хіліўся на захад. I неўзабаве вандроўнікі разьвіталіся з Шырам, праехаўшы паўднёвым краем Белых пагоркаў, сягнулі Дальняга ўзгор'я й вежаў, што паглядалі на далёкае мора, і нарэшце выехалі да Мітлянду, да Шэрых Заваняў у доўгім заліве Люн.
Калі вандроўнікі пад'ехалі да брамы, іх павітаў Кірдан Карабел – высокі, з доўгаю барадою, сівы й стары, але з вачыма, яскравейшымі ад зораў. Ён глянуў на вандроўнікаў і пакланіўся дый вымавіў:
– Усё гатовае.
Тады правёў да Заваняў, дзе чакаў белы карабель. Побач з прыпаромкам стаяў вялікі шэры конь, а каля яго – Гэндальф ва ўсім белым. Калі ён павярнуўся й крочыў да прыбылых, Фрода заўважыў, што чараўнік цяпер адкрыта носіць на руцэ трэці вялікі пярсьцёнак, Нар'ю, і самацьвет на ім барвяны, бы полымя. Тады вандроўнікі ўзрадаваліся, бо зразумелі: Гэндальф таксама адплывае зь імі.
А Сэмава сэрца заныла ад тугі, і яму падалося: якім ні было б сумным разьвітаньне, доўгі самотны шлях дахаты станецца больш журботным. Аднак калі ўсе сабраліся й падрыхтаваліся да адплыцьця, калі эльфы пачалі падымацца на карабель, раптам у вялікай пасьпешлівасьці абвесьціліся Мэры зь Піпінам. I Піпін засьмяяўся скрозь сьлёзы: