Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 138 139 140 141 142 143 144 145 146 ... 150
Перейти на страницу:

Бандыты рушылі па Ўсходнім шляху не прыпыняючыся, збочылі на прырэцкі бальшак, які некаторы час вёў угару паміж высокіх схілаў з жывымі агароджамі наверсе. За паваротам, недзе за дзьве гоні ад галоўнага шляху, напаткалі завал зь перакуленых старых вазоў. I спыніліся перад ім. I ў той самы момант зразумелі, што за агароджамі паабапал, якраз над галовамі, паўнютка хобітаў. За сьпінамі іншыя хобіты ўжо пхалі на гасьцінец вазы, раней прыхаваныя на полі, перакрываючы шлях назад. А зьверху бандыты пачулі голас.

– Ну, крочылі прамютка ў пастку, – абвесьціў Мэры. – Вашыя сябрукі з Хобіцку зрабілі тое самае, і цяпер адзін мёртвы, а рэшта ў палоне. Кладзіце долу зброю! А тады адыходзьце ад яе на дваццаць крокаў і сядайце на зямлю. Хто паспрабуе вырвацца, таго падстрэлім.

Але бандытаў ня так лёгка было запалохаць. Некалькі хацелі падпарадкавацца, але ж астатнія ім не далі, падбухторваючы біцца. З тузін кінуліся назад, на перашкоду з вазоў. Шасьцярых падстрэлілі, але астатнія вырваліся, забіўшы двух хобітаў, а пасьля разьбегліся ва ўсе бакі.Яшчэ двох улучылі на бягу. Мэры выдзьмуў з рога гучны покліч, і ў адказ здалёк затрубілі таксама.

– Далёка не ўцякуць, – вымавіў Піпін. – Тут усё навакольле поўнае нашымі паляўнічымі.

А зачыненыя ў пастцы людзі, яшчэ тузіны чатыры з гакам, паспрабавалі ўскараскацца на агароджы й схілы, і хобітам давялося шмат каго пастраляць ці пасекчы сякерамі. Але ж многія мацнейшыя й люцейшыя людзі прарвалася з заходняга боку й рашуча напалі, цяпер болей жадаючы забіваць, чым уцякаць. Некалькі хобітаў загінулі, астатнія завагаліся, ажно тут зьявіліся Мэры зь Піпінам, якія былі на ўсходнім баку, і напалі на бандытаў. Мэры ўласнымі рукамі забіў правадыра, даўгалыгага касавокага бамбізу, падобнага да вялізманага орка. А тады склікаў усіх ваяроў, абкружыўшы рэшту людзей у кольца лучнікаў.

Нарэшце ўсё скончылася. Амаль семдзесят латругаў ляжалі мёртвыя на полі бою, тузін былі ўзятыя ў палон. Загінулі дзевятнаццаць хобітаў, болей за трыццаць былі параненыя. Мёртвых людзей склалі на вазы й адвезьлі да старога яру, дзе калісьці бралі пясок. Там і пахавалі, у Яміне Бойкі, як пазьней яе назвалі. Загінулых хобітаў паклалі разам у магілу на схіле пагорку, дзе пазьней усталявалі валун і разьбілі вакол сад. Так скончылася бітва 1419 году ў Прырэччы, апошняя, якая адбылася ў Шыры, і адзіная з часоў бітвы 1147 году на Зялёных палях, у Паўночным падзеле. Апасьля перамозе, хоць і каштавала яна, на шчасьце, няшмат жыцьцяў, прысьвяцілі цэлую частку ў Пунсовай кнізе, а імёны ўсіх удзельнікаў занесьлі ў Скрутак, які шырскія гісторыкі вывучвалі назубок. Значны рост багацьця й славы Котанаў пачынаецца менавіта з таго часу. Але наверсе Скрутку ва ўсіх ягоных сьпісах і варыянтах нязьменна стаяць імёны гетманаў: Мэрыядока й Перыгрына.

Фрода таксама ўдзельнічаў у бітве, але меча не агаліў, клапоцячыся толькі пра тое, каб хобіты, раззлаваныя стратаю сяброў і сваякоў, не забівалі тых ворагаў, хто здаўся. Калі бойка скончылася й вызначылі, што каму рабіць далей, Мэры зь Піпінам і Сэмам далучыліся да Фрода й разам з Котанамі выправіліся да іх сядзібы. Там запозьнена паелі, а тады Фрода ўздыхнуў:

– Мяркую, надышоў час разабрацца з правадыром.

– Сапраўды, чым хутчэй, тым лепей, – пагадзіўся Мэры. – I ня трэба мякка сьцяліць! Ён адказны за тое, што прывёў сюды бандытаў ды за ўсё ліха ад іх!

Спадар Котан сабраў у суправаджэньне два тузіны дужых хобітаў.

– Гэта мо толькі здагадка, што агураў у Торбе не засталося, – патлумачыў так. – Хто ведае?

Тады выйшлі пехатою на чале з Фрода й Сэмам, за імі Мэры зь Піпінам.

I гадзіна таго шпацыру сталася найсмутлівейшай за ўсё іхняе жыцьцё. Перад імі паўсталі вялізныя коміны, а калі наблізіліся да старой вёскі за Вадою, пабачылі праз шэрагі агідных будынкаў абапал шляху новы млын ва ўсім ягоным мярзотным і пагрозьлівым звыродзтве: вялізазны цагляны гмах поперак струменю. З гмаху ў раку ліўся смуродны бруд. А вакол прырэцкага бальшаку не засталося ніводнага дрэва.

Калі хобіты перайшлі па мосьце й зірнулі на Строму, то вохнулі. Нават для Сэма, які глядзеў у Люстэрка, пабачанае стала неспадзяванкаю. Старую мызу на заходнім баку разбурылі, на яе месцы стаялі шэрагі абсмоленых халупаў. Усе каштаны зьніклі. Насыпы й жывыя агароджы былі парушаныя. На полі, здратаваным ушчэнт, у беспарадку стаялі вялікія вазы. На месцы слабады зеўрала яміна, адкуль цяпер бралі пясок і каменьне. А саму Торбу-пад-Стромай закрывала купа вялізных хацінаў.

1 ... 138 139 140 141 142 143 144 145 146 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)