Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Калі такое прыносіць табе задавальненьне, мне шкада цябе, – вымавіў Фрода. – Мяркую, твая асалода будзе толькі ў мроях. Ідзі прэч зараз жа й аніколі не вяртайся!
Вясковыя хобіты бачылі, як Саруман выйшаў з халупы, накіраваўшыся да Торбы, рушылі ўвасьлед і зараз стоўпіліся ля дзьвярэй. Калі пачулі Фродаў загад, загаманілі:
– Не адпускайце яго! Забіце! Ён ліхадзей і злачынца! Забіце яго!
– Забіце яго! – пакпіў Саруман, пасьміхаючыся з раззлаваных хобітаў. – Дык забіце, калі лічыце, што вас досыць на аднаго, адважныя хобіты!
Тады выпрастаўся, пазіраючы на іх змрочна чорнымі вачыма.
– Але ж ня думайце, што калі ў мяне адабралі ўсё маё дабро, адабралі й моц! Той, хто пашкодзіць мне, будзе пракляты! А калі мая кроў запляміць Шыр, зямля ягоная зачахне й аніколі не адродзіцца!
Хобіты адсунуліся, зьляканыя. Але Фрода сказаў:
– Ня верце яму! Ён страціў усю моц, апрача голасу, якім яшчэ можа кпіць з вас і падманваць вас, калі вы яму дазволіце. Але ж я ня дам яго забіць. Няма карысьці сустракаць помсту помстаю. Гэта нічога ня выправіць. Ідзі прэч, Сарумане, і найхутчэйшай дарогай!
– Гэй, Зьмяюча! Зьмяюча! – паклікаў Саруман, і з найбліжэйшай халупы выпаўз Зьмеяроты, ледзь не на карачках, бы сабака.
– Ізноў на бальшак, Зьмяючыку мой! – загадаў Саруман. – Гэтае шляхетнае спадарства зноў гоніць нас прэч. Хадзем!
Саруман павярнуўся, каб сысьці, і Зьмеяроты патрухаў за ім. Але калі Саруман праходзіў побач з Фрода, у руцэ ягонай раптам бліснуў корд, і чараўнік імгненна зрабіў выпад. Лязо ткнулася ў прыхаваную кальчугу й храснула, зламаўшыся. Тузін хобітаў, і Сэм першы, кінуліся, загаласіўшы, наперад ды прыціснулі злачынцу да зямлі. Сэм выцягнуў корд.
– Не, Сэме! – выгукнуў Фрода. – Не забівай яго нават цяпер. Бо ён не пашкодзіў мне. I ў любым выпадку я не хачу, каб яго забівалі ў гэткім ліхім настроі. Ён быў колісь вялікім, такой высакароднасьці, супраць якой нам ня варта падымаць руку. Цяпер ён нізка паў, і нам яго не ацаліць, але ж я ўсё адно пашкадую яго, спадзеючыся, што ён мо знойдзе ацаленьне.
Саруман падняўся на ногі й дзіўна зірнуў на Фрода – з сумесьсю подзіву, павагі й нянавісьці.
– Ты вырас, паўросьлік, – вымавіў Саруман. – Так, ты надзвычай вырас. Ты мудры й жорсткі ў сваёй мудрасьці. Ты скраў асалоду маёй помсты, і мне давядзецца сыходзіць у горычы, бо я абавязаны тваёй літасьці! Ненавіджу яе й цябе! Добра, я сыду й не патурбую цябе болей. Але ж не чакай, што на разьвітаньне я буду зычыць табе здароўя й доўгіх гадоў. Ані таго, ані другога ў цябе ня будзе. Тое не мая дзея – я ўпрост прадказваю.
Ён пайшоў прэч, і хобіты расступіліся, каб дазволіць яму прайсьці, але пальцы іхнія пабялелі на тронках зброі. Зьмеяроты павагаўся, а тады паклыпаў за гаспадаром.
– Зьмеяроты! – паклікаў Фрода. – Табе не абавязкова йсьці за ім. Я ня ведаю за табою ліха. Ты можаш адпачываць тут і сілкавацца колькі часу, пакуль не памацнееш і ня здолееш сысьці, куды захочаш.
Зьмеяроты павярнуўся й утаропіўся ў Фрода, ён амаль быў вырашыў застацца... Тут азірнуўся Саруман.
– Ня ведаеш за ім ліха? – хіхікнуў ён. – Ну-у. Нават калі наш Зьмяючык вылазіць уночы, дык гэта дзеля таго, каб на зоры замілоўвацца. Чулася мне, нехта пытаўся, дзе хаваецца Лота. Ты ведаеш, Зьмяючык, ці ж не? Ці ня скажаш ім?
Зьмеяроты скурчыўся й заенчыў:
– Не, не!
– Тады я скажу, – працягнуў Саруман. – Зьмяючык прыкончыў вашага правадыра, няшчаснага малога небараку, гэткага файнага й мілага правадырчыка. Ці ж не, Зьмяючыку? Ткнуў калі той спаў, наколькі мне вядома. I пахаваў, спадзяюся, хоць Зьмяючык апошнімі часамі надта галодны! Не, Зьмяючык зусім ня добранькі. Лепей вам пакінуць яго мне.
Шалёная нянавісьць успыхнула ў вачох Зьмеяротага.
– Ты ж сказаў мне зрабіць гэта, ты! – прашыпеў ён.
– А ты заўжды робіш, як кажа Старыч, ці ж не, Зьмяюча? – Саруман зарагатаў. – Ну, зараз ён кажа: хадзі за ім!
Ён пхнуў нагою ў твар Зьмеяротага, які курчыўся на зямлі, павярнуўся й крочыў прэч. Але тут быццам нешта зламалася ў Зьмеяротым. Ён ускочыў, выхапіўшы схаваны нож. А тады з сабачым рыкам скочыў Саруману на сьпіну, адкінуў яму галаву назад ды джгнуў па горле. I зь енкам пабег прэчкі. Не пасьпеў
Фрода й слова вымавіць, як бразнулі струны трох лукаў. Зьмеяроты ўпаў нежывы.
На жах тым, хто стаяў побач, над целам Сарумана склубіўся шэры дым і павольна падняўся над Стромай на вялікую вышыню, нібы блядная, захутаная ў саян постаць. На момант яна захісталася, пазіраючы на захад, але адтуль прыляцеў халодны вецер, і постаць нахілілася ды, уздыхнуўшы, распусьцілася ў небыць.