Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 141 142 143 144 145 146 147 148 149 150
Перейти на страницу:

– Калі ж ты зьбіраесься перасяліцца да мяне, Сэме?

Сэм глянуў ніякавата.

– Няма патрэбы перабірацца зараз жа, калі ня хочаш, – сказаў Фрода. – Але ж ведаеш: Дзед побач, а ўдава Сваруха добра за ім даглядае.

– Рэч ня ў тым, спадару Фрода, – і Сэм заліўся чырваньню.

– Дык у чым?

– У Ружы, Ружане Котан. Падаецца, ёй, небарацы, зусім не даспадобы, што я бадзяюся па Шыры дый усялякае такое. А я ёй нічога не казаў, таму й яна не казала. А я маўчаў, бо працу ж трэба зрабіць. А зараз я сказаў, і яна мне кажа: "Ты ўжо год змарнаваў, дык нашто чакаць даўжэй?" – "Змарнаваў? – кажу я ёй. – Ну я б так не казаў". Адылі я ж бачу, што яна мае на ўвеце. Я амаль разрываюся, як гаворыцца.

– Бачу, – пагадзіўся Фрода. – Хочаш ажаніцца, а таксама хочаш жыць з мною ў Торбе? Мой даражэнькі Сэме, няма тут праблемы! Ажаніся, калі пажадаеш, дый сяліся тут разам з Ружай. Месца ў Торбе хопіць для любой сям'і, якой заўгодна вялікай!

Гэтак і пастанавілі. Сэм Гэйхад пабраўся з Ружанаю Котан увесну 1420-га (знакамітага таксама й вясельлямі) дый пераехаў зь ёю ў Торбу-пад-Стромай. I калі Сэм лічыў, што яму пашанцавала, дык Фрода ведаў, што больш пашанцавала менавіта яму, бо аніводнага хобіта ў Шыры не даглядалі з гэткаю ласкаю. Калі адраджэньне Шыру спрэс расплянавалі й пачалі зьдзяйсьняць, Фрода вярнуўся да спакойнага жыцьця, шмат пісаў ды праглядаў усе ранейшыя нататкі. На Вольным кірмашы сярэдзіны лета ён адмовіўся ад пасады прадстаўніка галавы, і даражэнькаму старому Вілю Беланогу яшчэ сем гадоў давялося ачольваць сьвяточныя баляваньні.

Мэры зь Піпінам пэўны час жылі разам у Цвыркуновай лагчыне, і тады шмат было руху паміж Прыбыччам і Торбаю. Два маладыя Вандроўнікі надта ўразілі Шыр песьнямі, расповедамі дый выкшталцонасьцю манераў, а таксама шыкоўнымі бяседамі. Уладарычамі клікаў іх народ, маючы на ўвазе, вядома, толькі добрае, бо любое сэрца расчульвалася, калі скакалі яны на коніках, у зіхоткіх бронях ды з цудоўнымі, прыгожымі тарчамі, і сьмяяліся, і сьпявалі іншаземныя песьні. Хоць цяпер вялікімі зрабіліся маладыя хобіты й насамрэч шляхетнымі, у астатнім не перамяніліся. Магчыма, больш таварыскія сталі дый ветлівыя, весялейшыя дый радасьнейшыя, чым раней.

Фрода ж і Сэм цалкам вярнуліся да звычайнага ладу. Хіба толькі пры патрэбе апраналі доўгія шэрыя плашчы, файна сатканыя, замацаваныя ля каўняра цудоўнымі фібулкамі, а Фрода заўжды насіў на ланцужку маленькі белы каменьчык і часта кранаў яго.

Усё цяпер вялося добра й абяцала весьціся шчэ лепш, а ў Сэма клопатаў ды радасьці было – на зайздрасьць любому хобіту. Анічога не азмрочвала ягонага жыцьця ў той год, апрача толькі крыху няўцямнага смутку пра гаспадара. Фрода нейк паціху выключыўся з усіх шырскіх справаў, і Сэму непрыемна было бачыць, як мала шануюць Фрода ва ўласнай ягонай краіне. Няшмат хто ведаў ці хацеў ведаць пра ягоныя зьдзяйсьненьні й прыгоды. Увага й павага даставаліся большай часткаю спадарам Мэрыядоку зь Перыгрынам, дый (каб Сэм толькі ведаў!) самому Сэму. А восень зноў прынесла цень былой бяды.

Неяк надвячоркам Сэм зайшоў у Фродаў кабінэт і ўбачыў, што гаспадар дзіўна выглядае. Зьбялеў надта, а вочы, падавалася, бачаць нешта надзвычай далёкае, нетутэйшае.

– Што здарылася, спадару Фрода? – спалохаўся Сэм.

– Я паранены, – азваўся той. – Паранены й аніколі цалкам не ацалюся.

Але ж хвароба мінула, і на ранак Фрода ўстаў, як звычайна. Толькі пасьля Сэм згадаў, што немач напаткала менавіта шостага кастрычніка. Роўна праз два гады пасьля нападу ў лагчыне пад Наветранай стромаю.

Час рушыў і надышоў 1421 год. Фрода зноў занядужаў у сакавіку, але ж намогся тое ня выказаць. Дый Сэм меў даволі ўласных турботаў, каб не зьвярнуць асаблівай увагі. Першае іхняе з Ружай дзіцё нарадзілася дваццаць пятага сакавіка, у дзень, які Сэм асабліва адзначаў.

– Аёй, спадару Фрода, – так сказаў ён, – я ўсё нешта ў сумневах ды ў задуменьні. Бо мы з Ружанкаю пагадзіліся назваць яго Фрода, але во ў чым праблема: гэна ня ён, а яна. Хоць такая прыгожая дзяўчынка, проста замілаваньне, болей да Ружы падобная, чымся да мяне, на шчасьце. Дык вось і ня ведаем, што рабіць.

– А што ня так з старымі звычаямі, Сэме? – спытаў Фрода. – Абяры кветкавае імя, накшталт Ружы. Палова дзяўчатак у Шыры носіць гэткія імёны, дык чаго лепей?

– Мяркую, вашая рацыя, спадару Фрода. Чуў я цудоўныя ймёны ў час вандроўкі, аджа яны занадта велікозныя, каб штодня трапаць ды зношваць, так бы мовіць. Дзед мой, ён што кажа: "Карацейшае бяры, тады скарачаць не давядзецца". Але ж калі ймя будзе кветкавае, дык я пра даўжыню не клапаціўся б. Мусіць быць прыгожая кветка, бо дзяўчынка, бачце, красунька незвычайная, і яшчэ папрыгажэе.

1 ... 141 142 143 144 145 146 147 148 149 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)