Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Яны сьсеклі яго, сьсеклі Сьвяточнае дрэва! – выгукнуў Сэм, паказваючы на месца, дзе стаяла дрэва, пад якім Більба казаў Разьвітальную прамову. Сьсечанае дрэва так і ляжала, мёртвае, сярод поля. Вось гэта й стала для Сэма апошняю кропляю, і ён заліўся сьлязьмі.
Спыніўся, калі пачуў рогат. Змрочнага й нядобрага выгляду хобіт стаяў, абапёршыся на нізкую сьцяну млыновага падворку. Твар ягоны быў у сажы й брудзе, рукі запэцканыя да чарнаты.
– Не даспадобы, га, Сэмку? Ты заўжды быў мяккагаловы. А я ўжо думаў, ты на адным з тых караблёў сплыў, пра якія заўжды языком матляў. Казаў, адплываюць, адплываюць. А нашто ж вярнуўся? Нам цяпер ёсьць праца ў Шыры.
– Я бачу, – зазначыў Сэм. – Няма часу памыцца, але ёсьць час сьцяну падперці. Але ж, спадарыку Пяшчаку, мне тут з каго-кольвек спытаць трэба дый спагнаць даўжкі таксама, і болей цярпець твой язык я ня стану. Глядзі, а тое столькі сплочваць давядзецца, што ў кесцы ня зьмесьціцца.
– Га! – гыркнуў Пяшчак, плюнуўшы празь сьцяну. – Ты мяне не чапай. Я правадыроў сябра. А вось цябе ён зачэпіць, калі ты сваю пысу не затыкнеш.
– Не марнуй словаў на дурня, Сэме! – паклікаў Фрода. – Спадзяюся, няшмат хобітаў сталі такімі, як гэты. Бо тое шкода горш за ўсё, зруйнаванае людзьмі.
– Ты – брудны й неразумны невук, Пяшчаку, – сказаў Мэры. – і зусім не разумееш, што адбываецца. Мы йдзем да Стромы, менавіта каб выкінуць прэч твайго каштоўнага правадыра. Зь людзьмі ягонымі ўжо разабраліся.
Тэд ажно рот раскрыў, бо толькі цяпер заўважыў дружыну хобітаў, якая на знак Мэры пайшла праз мост. Тады кінуўся назад, да млыну, выбег з рогам і гучна ў яго задзьмуў.
– Лепш дыханьне ашчадзі! – засьмяяўся Мэры. – Бо ў мяне рог лепшы!
I, узьняўшы срэбны ражок, задзьмуў – ясны покліч паплынеў над Стромай. Пачуўшы, з нораў, халупаў і трухлявых хацінаў Хобіцку павыскоквалі хобіты й натоўпам, з радаснымі выгукамі й вітаньнямі рушылі за прышлымі па шляху да Торбы-пад-Стромай.
Наверсе спыніліся, а Фрода зь сябрамі пайшлі далей, наведаць калісьці найулюбёнейшую мясьціну. У садзе было поўна адрынаў ды халупаў некаторыя так блізка да старых заходніх акенцаў, што загароджвалі ўсялякае сьвятло. Паўсюль ляжалі кучы сьмецьця. Дзьверы былі падрапаныя, званочак не працаваў. Пагрукалі, але аніхто не адказваў. Тады папросту пхнулі дзьверы. Тыя расчыніліся. Сябры зайшлі. У нары сьмярдзела, беспарадак быў страшэнны, кучы бруду. Відавочна, у нары ўжо даўно не жылі.
– Дзе ж хаваецца няшчасны Лота? – спытаў Мэры, калі хобіты абшукалі ўсе пакоі й не знайшлі анікога жывога, апрача пацукоў ды мышэй. – Ці паклікаць астатніх, каб халупы абгледзелі?
– Гэна ж горш за Мордар! – выгукнуў Сэм. – Пэўным чынам нашмат горш. Бо ліха ў хаце стакроць горшае за бяду ў лесе, як кажуць, бо памятаеш, якая была твая хата да бяды.
– Так, гэта Мордар, – пагадзіўся Фрода. – Менавіта ўзор мордарскай працы. Саруман рабіў яе ўвесь час, нават калі лічыў, што робіць для сябе. Як тыя, каго падмануў Саруман, накшталт Лота.
– Хадзем прэч! – азірнуўся Мэры ў адчаі й смутку. – Калі б я ведаў, якую шкоду ўчыніць Саруман, я сваю кеску ў глотку ягоную забіў бы!
– Вядома, вядома! Але ж ты ня ведаў, і таму я магу зараз павіншаваць цябе зь вяртаньнем! – вымавіў ад дзьвярэй Саруман.
Ён выглядаў ахайным, сытым і задаволеным, вочы сьвяціліся нядобраю радасьцю. Тут раптоўная здагадка абрынулася на Фрода.
– Старыч! – выгукнуў ён.
– Дык ты ўжо чуў гэтае імя, праўда? – Саруман зарагатаў. – Мой народ у Ізенградку звычайна так мяне й клікаў. Напэўна, на знак павагі. Відавочна, ты не чакаў мяне тут.
– Не, – адказаў Фрода, – хоць мог здагадацца. Гэндальф папярэджваў, што ты яшчэ здольны ўчыніць ліха.
– Здольны, і нават не малое. Я сьмяяўся з вас, хобітаў-шляхцюкоў, такіх ганарыстых побач з усімі вялікімі гаспадарамі, такіх упэўненых, задаволеных сваімі мізэрнымі асобамі. Вы лічылі: файненька з усяго выбраліся, а цяпер – дахаты, адпачываць у мілай сядзібцы. Думалі, што Саруманаў дом можна пабурыць, а яго выгнаць у глухмень, вашую ж хату ніхто не кране. Бо, вядома ж, Гэндальф за вамі дагледзіць, уратуе... Дык вось: не ўратуе Гэндальф! – Саруман зарагатаў зноў. – Калі ягоныя пехтуры сваё адрабілі, ён іх выкідвае. А вам даспадобы было цягнуцца за ім, лыпаючы вачыма па бакох ды менцячы языкамі, трацячы на вандроўку ўдвая болей часу, чым трэба. Мне й падумалася: "Ну што, калі яны гэткія дурні, чаму не павучыць іх крыху. За ўсе даўжкі трэба расплачвацца, ці ж не?" Навучаньне магло атрымацца й адметнейшым, каб толькі часу болей стала ды людзей пад рукою. Усё ж я зрабіў болей, чым вам выправіць за вашыя жыцьці. Прыемна будзе згадваць, параўноўваючы з горам, якое ўчынілі мне.