Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Найгоршай стратаю былі дрэвы, бо на Старычаў загад іх бязьлітасна сьсеклі па ўсім Шыры. Сэм тужыў найболей па іх. Бо лічыў, што гэтую шкоду ацаляць даўжэй за ўсё й толькі ягоныя прапраўнукі ўбачаць Шыр такім, якім ён мусіць быць.
А тады раптоўна, пасьля таго, як тыднямі спрэс ён быў надта заняты, каб успамінаць прыгоды, згадаў падарунак Галадрыелі. Дастаў скрынку й паказаў астатнім Вандроўнікам (бо так іх цяпер клікалі ўсе), спытаў іхняй парады.
– А я ўсё чакаў, калі ты згадаеш, – усміхнуўся Фрода. – Адчыняй зараз!
Вонкі ляжаў шэры пыл, мяккі й драбнюткі, а пасярэдзіне тырчэла зярнятка, рыхтык маленькі арэшак у срэбнай шкарлупінцы.
– Што ж мне рабіць з гэным? – падзівіўся Сэм.
– Кінь у паветра ветраным днём, і няхай робіць сваю справу! – прапанаваў Піпін.
– Ну і? – спытаў Сэм.
– Абяры якое месца на спробу дый зірні, што там з парасткамі адбудзецца, – параіў Мэры.
– Упэўнены, панна не хацела б, каб я ўсё сабе забраў, калі столькі народу вакол пацярпела, – запярэчыў Сэм.
– Тады выкарыстай уласны розум ды рацыю, Сэме, – параіў Фрода. – Выкарыстай свой падарунак, каб дапамагчы працы й палепшыць яе. I ўжывай беражліва. Тут няшмат, мяркую, кожнае зярнятка каштоўнае.
Сэм пасадзіў каліўцы паўсюль, дзе зьнішчылі ўлюбёныя ці асабліва прыгожыя дрэвы, і паклаў макулінку каштоўнага пылу ў глебу ля каранёў кожнага парастка. Уздоўж і ўпоперак Шыру хадзіў ён у сваёй працы, а калі найперш зьвяртаў увагу на Хобіцак і Прырэчча, дык за тое ніхто яго не дакараў. Урэшце выявіў, што троху пылу яшчэ засталося, таму пайшоў да Трохграшовых Камяніскаў, якія без малога ў самым цэнтры Шыру, дый кінуў пыл на вецер, добраславіўшы. Маленькі ж срэбны арэшак пасадзіў на полі Вечарыны, дзе стаяла калісьці Більбава дрэва. Надта цікавіўся: што зь яго вырасьце? Цярпеў усю зіму, ледзь трываючы, каб не хадзіць туды – пільнаваць, што ж робіцца.
Вясна пераўзышла ягоныя самыя сьмелыя спадзяванкі. Дрэвы прыняліся расьці й галінавацца з такою хуткасьцю, быццам жадалі ў адзіны год укласьці дваццаць. А на Полі Вечарыны выбіўся з-пад зямлі найпрыгажэйшы парастак. Меў ён срэбную кару й доўгія лісты, а ў красавіку яго абсыпала залатая квецень. Насамрэч, быў тое мэларн, на дзіва ўсяму навакольлю. Праз гады, калі парастак стаў дрэвам незвычайнага хараства, ён праславіўся паўсюль, і народ выпраўляўся ў доўгія вандроўкі, каб толькі пабачыць яго – адзіны мэларн на захад ад гораў і на ўсход ад Вялікага мора й адзін з найцудоўнейшых у сьвеце.
Увогуле, 1420 год выдаўся ў Шыры найцудоўнейшым. Ня толькі шчодра зьзяла сонца, ня толькі лілі ласкавыя, найспрыяльнейшыя дажджы (калі трэба й колькі трэба), але само лета падавалася насычаным, вялікшым, нібы паветра набрыняла багацьцем, сьпеньнем і ростам, нібы лета зазьзяла хараством не сьмяротных гадоў, што ўспыхваюць і гаснуць над Міжзем'ем, а гадоў вечнасьці. Усе дзеці, зачатыя альбо народжаныя сёлета – а такіх было шмат, – расьлі прыгожыя й дужыя, і большасьць мелі валасы колеру сьпелага золата, раней у хобітаў надзвычай рэдкага. Пладоў зямля нарадзіла столькі, што хабіцяняты амаль плавалі ў суніцах зь вяршкамі, а пасьля сядзелі на траўцы пад сьлівамі й елі, елі, складваючы з костачак кучы, нібы заваёўнікі – піраміды чарапоў, а тады перапаўзалі да наступнага дрэва. Аніхто не хварэў, усе радаваліся, апрача тых, каму даводзілася абкошваць траву.
У Паўднёвым падзеле вінагрон хіліўся пад цяжарам гронак, а зёлка ўрадзіла проста надзіва. Паўсюль высьпела столькі зерня, што кожную пуню запоўнілі даверху. Ячмень з Паўночнага падзелу вырас такі файны, што піва 1420 году памяталі доўга й яно ўвайшло ў прымаўкі. I пакаленьне пасьля яшчэ маглі пачуць ад якога дзеда ў шынку, што заліваў у сябе праведна заробленае піва й адсоўваў пусты куфаль з уздыхам: "А-але, гэнае насамрэч нібы ў чатырыста дваццатым, даю слова!"
Спачатку Сэм заставаўся ў Котанаў разам з Фрода, а калі адбудавалі Новую слабаду, перабраўся да Дзеда. У дадатак да заняткаў у хаце кіраваў аднаўленьнем і вычышчэньнем Торбы-пад-Стромай, але часьцяком адлучаўся, вандруючы па Шыры ў садоўніцкай працы. Таму на пачатку сакавіка яго не было дома й ён ня ведаў, што Фрода захварэў. Трынаццатага сакавіка спадар Котан знайшоў Фрода на ложку. Той ляжаў, сьціскаючы белы камень, які вісеў на ланцужку на ягонай шыі. Падавалася, Фрода быў напалову ў сьне.
– Ён сышоў назаўжды, – мармытаў ён, – і цяпер усё цьмянае й пустое.
Але немач мінула, і калі Сэм вярнуўся дваццаць пятага дахаты, Фрода ачуняў і нічога пра сябе не распавёў. Тым часам аднавілі Торбу-пад-Стромай. А Мэры зь Піпінам прывезьлі з Цвыркуновай лагчыны ўсю мэблю й рэчы, і старая нара стала выглядаць амаль як раней. Калі ўсё нарэшце ўсталявалі, Фрода спытаў: