Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
На прэс-канфэрэнцыі ў Бэрліне Алексіевіч таксама казала пра Беларусь.
Аб прэзыдэнцкіх выбарах 2015 года:
«Мы ўсе маем падазрэньне, што для Лукашэнкі няважна, як мы галасуем. Як казаў Сталін, ня важна, як галасуюць, а важна, хто падлічвае. Тут нібыта той выпадак. Так што ніхто з нас не чакае ніякіх сюрпрызаў, і ўсе маюць адчуваньне: тое, што ў Расеі і Беларусі, — усё гэта надоўга».
Аб расейскай вайсковай авіябазе ў Беларусі:
«Я ня думаю, што ён сапраўды супраць базы. Я думаю, што ён таргуецца — ён спадзяецца, што Расея дасьць яму грошай. Гэта ягоная вядомая гульня. Калі кепска з Расеяй, ён паварочваецца ў бок Эўропы. За гэты час у Эўропе памянялася кіраўніцтва — кожныя чатыры гады прыходзяць новыя людзі, і яны думаюць, што перайграюць Лукашэнку. Яны спрабуюць гэта зрабіць, ня ведаючы, што гэта ненадзейны чалавек, і калі Расея дасьць яму грошай, ён адразу ж адвернецца ад Захаду. Мы гэта бачылі — разоў пяць гэта было на нашых вачах».
Пра пэрспэктыву збліжэньня Лукашэнкі з Эўразьвязам:
«Па-першае, ніхто гэтага Лукашэнку не адпусьціць. Ня трэба нават ніякіх «зялёных чалавечкаў», ніякіх салдатаў. Проста яму не дадуць газ ці нафту, і ўсё — мы будзем зіму жыць як на лёдзе».
Пра выбары 2010 году:
«Вы ведаеце, калі Лукашэнка пасадзіў людзей, калі людзі выйшлі на плошчу, 700 было арыштавана, многіх зь іх ён пасадзіў, нават кандыдатаў у прэзыдэнты, я напісала яму адкрыты ліст. Але вы ведаеце, што ў нас у краіне кіруе толькі адзін чалавек, ніхто мне не адказаў на гэты ліст. Адзінае, што я атрымлівала, — сотні лістоў ад людзей, якія хацелі гэта пачуць, каб хтосьці хаця б гэта сказаў. Мы ведалі, што мы бясьсільныя, але каб хтосьці хаця б гэта сказаў».
25 кастрычніка 2014
Кацярына Зайкоўская, Менск
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч адзначае рост Сьвятланы Алексіевіч як палітыка і гаворыць пра недарэчнасьць варожых выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі ў бок пісьменьніцы.
Шушкевіч: «Лукашэнка ўвогуле не разумее, што такое Нобэлеўская прэмія. Любы прэзыдэнт маліцца павінен, каб прадстаўнік яго краіны стаў ляўрэатам, таму што гэта вялізнае прызнаньне на сусьветным узроўні. Што бачым мы? Абвінавачаньне ў апазыцыйнасьці пісьменьніцы, якая ўпершыню такое прызнаньне атрымала.
Гэта яшчэ адно сьведчаньне таго, што Аляксандр Лукашэнка — антыбеларус і ўся яго 20-гадовая дзейнасьць антыбеларуская. Ён стаіць на задніх лапках перад расейскім кіраўніком і выконвае ўсё, што яму загадаюць з Крамля.
Я вельмі пільна сачу за ўсімі выступамі Сьвятланы Алексіевіч і магу адзначыць, што яна вельмі моцна ўдасканалілася ў палітычным пляне. Можна сказаць, што стала сапраўдным палітыкам. А яе выступ у Кракаве — гэта вельмі ўзважаная ацэнка і аналіз сытуацыі. Магу сказаць, што мае думкі супадаюць з тым пра што кажа Алексіевіч. Адзінае, што яна ўмее вельмі выкшталцона іх выкласьці. Я лічу, што мы павінны ганарыцца такім чалавекам. Найперш, беларускія жанчыны павінны ганарыцца».
Пісьменьнік, ляўрэат літаратурнай прэміі Гедройця ў 2015 годзе Віктар Казько адзначае, што прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка дэманструе неспагадлівае стаўленьне ня толькі да канкрэтнай асобы нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, а да ўсёй культуры, да таго, што мае прыкметы беларускай сацыянальнасьці.
Казько: «Яму хочацца, каб мы былі як авечкі ў загоне, слухалі, што скажа пастух-правадыр. Але ў мастацтве так ня можа быць. Мастак таму і мастак, што мае сваё меркаваньне. І толькі праз адлюстраваньне гэтага меркаваньня можа адбывацца творчасьць. Мастакі ня хочуць быць у статку, брахаць на загад.
Сьвятлана Алексіевіч — асоба, да якой прыслухоўваюцца. Як да Коласа, як да Купалы. Таму што ў словах такіх літаратараў заўсёды ёсьць нешта прарочае. Вось Лукашэнка і злуецца, што людзі хутчэй прыслухаюцца да Алексіевіч, чым да яго».
Віктар Казько падкрэсьліў, што вельмі высока цэніць творчасьць Сьвятланы Алексіевіч, але адзначыў, што ў «нобэлеўскія кабінэты Беларусі дарогу праклаў Васіль Быкаў».