Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Пісьменьнік Уладзімер Арлоў пералічыў прычыны нэрвовага стаўленьня Аляксандра Лукашэнкі да Сьвятланы Алексіевіч.
Арлоў: «Я лічу, што такая нэрвовая рэакцыя ўладаў на атрыманьне Сьвятланай Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі выклікана некалькімі чыньнікамі.
Па-першае, насуперак неаднаразовым заявам Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што нашыя пісьменьнікі нічога ня вартыя — маўляў, другую «Вайну і мір» не напісалі — высьвятляецца, што беларускія літаратары могуць дасягнуць вельмі высокага ўзроўню.
Па-другое, Сьвятлана Алексіевіч належыць не да Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, якім кіруе генэрал Чаргінец, а да незалежнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — арганізацыі, якая лічыцца ўладамі выразна апазыцыйнай.
Па-трэцяе, Сьвятлана Алексіевіч ніколі не хавала сваіх дэмакратычных поглядаў. Зразумела, што Нобэлеўская прэмія ніякім чынам на яе перакананьні не паўплывала, яна гаворыць пра тое, што не прымае цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі».
Уладзімер Арлоў выказаў спадзеў, што ва ўладаў хопіць розуму не рабіць варожых крокаў у бок пісьменьніцы Алексіевіч.
Арлоў: «Наадварот — цяпер момант, калі дзяржаўныя выдавецтвы павінны азадачыцца друкам яе твораў, чаго не было ўжо апошнія чвэрць стагодзьдзя. Абавязкова павінны быць выдадзеныя пераклады яе твораў на беларускую мову — тым больш, што на іх ёсьць вялікі попыт.
Я таксама спадзяюся, што ня будзе адмененае рашэньне пра вяртаньне твораў Сьвятланы Алексіевіч у школьную праграму. Улады павінны зразумець, што посьпех Сьвятланы — агульнанацыянальны, што прэмія атрыманая ня толькі ёй, але і ўсёй нашай краінай, што беларускі «Нобэль» павышае аўтарытэт усёй Беларусі. Пакуль жа сваімі заявамі прэзыдэнт дэманструе неразуменьне такіх элемэнтарных рэчаў».
25 кастрычніка 2015
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 2015 па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч у нядзелю, 25 кастрычніка, у эфіры радыёстанцыі «Гаворыць Масква» пракамэнтавала крытыку прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на свой адрас.
«Калі Лукашэнка павіншаваў мяне, хай ня першы, я была рада, таму што зразумела, усё ж ён палітык. І раптам вось гэты камэнтар», — сказала беларуская пісьменьніца.
Яна выказала меркаваньне, што віншаваньне Лукашэнкі з прысуджэньнем ёй Нобэлеўскай прэміі было зроблена таму, што набліжаліся выбары кіраўніка беларускай дзяржавы.
«Тут поўна было розных камісій міжнародных, і перад сваім народам трэба было трымаць твар, а цяпер ён вольны», — заявіла яна.
Паводле пісьменьніцы, яна ніколі не крытыкавала беларускі народ, а толькі палітычныя рашэньні прэзыдэнта.
«Я б сказала, што не пра гэта трэба сёньня прэзыдэнту гаварыць. Народ чакае рэформаў, у народзе назапасілася энэргія. А ў нас наогул ніякай ідэі. Толькі б утрымаць уладу. Калі гэта абраза беларускага або расейскага народу, то я ня ведаю, дзе і ў якім часе мы жывем», — дадала Алексіевіч.
Раней у нядзелю Лукашэнка ў часе ўзнагароджаньня ў Менску кампазытара Віктара Дробыша параўнаў яго з Алексіевіч, падкрэсьліўшы, што Дробыш, будучы далёка ад роднай зямлі, ніколі не саромеўся называць сябе беларусам, «у адрозьненьне ад асобных нашых творцаў, творчых асоб, нават ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія яшчэ не пасьпелі атрымаць яе, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну». Прэзыдэнт таксама заявіў: «Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці не выбіраюць. Яна такая, якая ёсьць. І калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеесься яе, значыць ты, перш за ўсё, дрэнны сын».
Верагодна, кіраўнік дзяржавы адрэагаваў на выказваньні пісьменьніцы за мяжой, у прыватнасьці на сустрэчы з заходнімі журналістамі ў Бэрліне 10 кастрычніка. Тады Алексіевіч папярэдзіла Эўропу пра тое, што Лукашэнка «таргуецца, каб набіць сабе цану ў адносінах з Расеяй, і зноў адвернецца ад Эўропы, калі атрымае расейскія грошы».
25 кастрычніка 2015
Юры Дракахруст, Прага
Звычайна ці вельмі часта публіцыстычная, грамадзянская і творчая пазыцыя пісьменьніка супадаюць.
Зразумела, творчасьць ня зводзіцца да грамадзянскай пазыцыі, але супярэчнасьць сустракаецца даволі рэдка. У сваіх кнігах прынамсі Дастаеўскі не супярэчыў, скажам, сваёй «любові» да палякаў ці свайму «канстантынопальнаш», выкладзеным у «Дзёньніку пісьменьніка».
Ну а вось Сьвятлана Алексіевіч... Вядомая яе грамадзянская пазыцыя, за якую яе ў Расеі ахрысьцілі русафобкай, яе жорсткая крытыка як Пуціна, гэтак і Лукашэнкі.