Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Нобэлеўскія прэміі Захад дае не за геніяльнасьць і не за забесьпячэньне міру, а дзеля таго, каб вядомая асоба стала агентам уплыву. Ну, вось Салжаніцын хіба ня быў агентам уплыву Захаду? Ці Сахараў? Дый Пастарнак таксама, хоць, мабыць, толькі напалову...
Так што Алексіевіч цяпер будзе ўсяляк крытыкаваць, абліваць брудам дзеячаў Беларусі і Расеі. У Захаду адносна яе далёкасяжныя пляны....», — гэтак лічыць Барыс Руцько зь Менску.
Вось цікава, спадар Барыс, а савецкі пісьменьнік Шолахаў, усяляк аблашчаны камуністычным рэжымам, таксама быў «агентам уплыву Захаду»? А расейскі акадэмік і прыхільнік расейскіх камуністаў Жарэс Алфёраў? А савецкі фізык і двойчы герой сацыялістычнай працы Пётар Капіца? А савецкі акадэмік, ляўрэат ня толькі Нобэлеўскай, але і Ленінскай, і трох Сталінскіх прэміяў Леў Ландаў?
Сьвятлана Алексіевіч да палітычнай апазыцыі ніколі сябе не прылічвала і, наколькі вядома, займацца палітычнай дзейнасьцю не зьбіраецца. А вось тое, што яна стала бясспрэчным маральным аўтарытэтам для лепшай часткі беларускага грамадзтва — гэта безумоўна. Ніколькі не сумняваюся, што настане той час, калі беларусы ўганаруюць Алексіевіч як нацыянальную гераіню. Яна вартая таго, бо зрабіла для сваёй краіны значна больш, чым усе нашы няўцямныя бляклыя палітыкі і хакеісты, разам узятыя. Але адбудзецца гэта, зразумела, не пры сёньняшняй уладзе...
25 кастрычніка 2015
Радыё Свабода, Менск
Аляксандар Лукашэнка наведаў творчы вечар расейскага кампазытара Віктара Дробыша, які быў арганізаваны ў «Менск-Арэне».
Як паведамляе БелТА, ён яму ўручыў ордэн Францішка Скарыны і падкрэсьліў, што шануе Віктара Дробыша за яго творчасьць, але «больш за ўсё за тое, што вы ніколі, нават быўшы далёка ад нашай Радзімы, калі пра нас ня вельмі добра казалі, не саромеліся называць сябе беларусам, у адрозьненьне ад асобных нашых «творцаў»».
«Скажу зноў жа пра нашых асобных «творцаў», творчых асобаў, нават ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія не пасьпелі яшчэ яе атрымаць, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну. Гэта няправільна, гэта не апазыцыйнасьць. Гэта абсалютна няправільна, таму што Радзіму, сваю зямлю, як і сваіх бацькоў, сваю маці не выбіраюць. Яна такая, якая яна ёсьць. Калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеесься яе, значыць, ты, перш за ўсё дрэнны сын», — працягнуў Аляксандр Лукашэнка.
25 кастрычніка 2015
Радыё Свабода, Менск
Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць пазыцыяй сёлетняй нобэлеўскай ляўрэаткі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч. Паводле яго словаў, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі выехала за межы Беларусі і пастаралася «цэбар бруду выліць на сваю краіну».
Тут сабраныя выказваньні пісьменьніцы пра цяперашнюю ўладу пасьля таго, як стала вядома пра яе ўганараваньне Нобэлеўскай прэміяй.
Выступаючы ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве, пісьменьніца казала:
«У Беларусі Лукашэнка спыніў час. Яго ўменьне прадаваць сваю біяграфію то Эўропе, то Расеі і атрымліваць за гэта газ і нафту... Гэтыя грошы сыходзяць на тое, што мы іх проста праядаем, а ня ўкладваем у будучыню, у тэхналёгіі. Але ён спыніў і сацыялізм. Заводы і фабрыкі належаць дзяржаве. Па вялікім рахунку, нічога не прададзена, нават маленькія прадпрыемствы. Ён захаваў псыхалёгію сацыялізму, бо ён сам гэтай псыхалёгіі чалавек. Ён увесь час гаворыць на гэтых прадпрымальнікаў, лічачы, што яны бандыты, што гэта несумленныя людзі. І адбылося такое спыненьне. І ў беларусаў мякчэйшы варыянт гэтага сацыялізму».
«Лукашэнка баіцца, што Пуцін заваюе нас. Але ня трэба ваяваць зь Беларусьсю. Нам проста дастаткова зімой закруціць два краны — нафтавы і газавы. Усё. І Беларусі няма, і Лукашэнкі няма. Так што... Лукашэнка цалкам у руках Пуціна. І ніякі Захад ня возьме Лукашэнку на ўтрыманьне так, як яго ўзяў на ўтрыманьне Пуцін, плацячы яму за тое, што ён зь ім. Таму што Беларусь засталася адзіным сябрам Расеі. Ужо, як вы ведаеце, авіябаза будзе ў нас расейская. То бок, гэта будуць ракеты.
Усе выдатна разумеюць, што гэта будзе месцам першага ўдару ў выпадку чаго. Лукашэнка кажа, што ён гэтага не дапусьціць, але гэта нічога ня значыць. Гэта значыць, што ён проста таргуецца з Пуціным. Ён хоча, каб Пуцін яму за гэта яшчэ больш заплаціў. Так што вось такія адносіны. Відаць, што калі яны стаяць побач, то яны адзін аднаго не трываюць. Таму што Лукашэнка часта абражае Пуціна, як бы паказваючы нейкую сваю самастойнасьць. І мужыкі ў вёсцы кажуць: «А глядзі-тка як наш! Як ён гэтага карліка!». Ён на гэта і цісьне.