Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Тады слухай... Табе будзе цікава пачуць, што старадаўнія гаварылі пра мяне, якія выказвалі думкі. Увесь трактат я табе прыводзіць не буду, хаця ён і не дужа вялікі, але вытрымкі нейкія прачытаю...
“Не малое месца сярод лятаючых займае муха, калі яе параўноўваць з камарамі, мошкамі і іншай крылатай дробяззю, якую настолькі велічынёй пераўзыходзіць муха, наколькі яна сама саступае пчале. І крыламі муха надзелена не па агульных мерках. Адным дадзена суцэльна зарастаць валоссем, другім жа – карыстацца хуткімі крыламі, – не, як конікам, стракозам і пчолам, з сятчаткі крылы ў мухі, крылы іншых гэтак жа грубыя, як грэцкае адзенне супраць тонкіх і мяккіх тканін індыйскіх. Да таго ж, калі хто пільна прыгледзецца – крылы мухі расквечаны, як у паўліна, калі яна, распластаўшыся, узмахвае імі пад промнямі сонца”. Ну, як, Антон сан?
– Цікава, – адгукнуўся я. – Чытай далей.
– Добра, слухаюся. “ І палёт мухі не падобны на хуткія ўзмахі кажана, не падобны на падскокванне конікаў ці кружэнне асы – плаўным паваротам імкнецца муха да нейкай мэты, якую намеціла ў паветры. І да таго ж яна ляціці не маўкліва, але з песняй, аднак не з варожай песняй камароў, не з цяжкім зумканнем пчол ці вос, страшным і пагрозлівым, – не, песня мухі настолькі званчэй і саладзей, як супраць трубаў і кімвалаў мядовыя флейты...”
Муха трошкі памаўчала, як давала мне час пераварыць пачутае, асэнсаваць, працягвала:
– “Што ж да іншых часцін цела, то галава мухі найтанчэй злучаецца з шыяй, лёгка паварочваючыся вакол, а не зросшыся, як у коніка; вырачаныя вочы з вялікай колькасцю рагавіцы: грудзі, цудоўна складзеныя, і лапкі, прарастаючыя вольна, без залішняй звязаннасці, як у асы. Чэраўца – моцнае і падобнае на панцыр сваімі шырокімі паяскамі і луской. Абараняецца муха не хвастом-джалам, як у пчалы ці асы, але губамі і хабатком, такім жа, як у слана; ім яна адшуквае і хапае яду, і ўтрымлівае яе, моцна прытуліўшыся, быццам мацкі паліпа, хабатком. З яго паказваецца зуб, якім яна пракусвае цела і п’е кроў; п’е яна і малако, але салодкая для яе і кроў, і боль пакутніка не дужа вялікі. Шасціногая, але ходзіць толькі на чатырох, карыстаючыся двума пярэднімі, як рукамі. І можна бачыць муху, якая стаіць на чатырох і, як чалавек, трымае на вазе у руках што-небудзь з харчу...”
– Ты глядзі, – выказваю здзіўленне. – Сапраўды цікава...
– Яшчэ б... А далей слухай. “І яшчэ буду я гаварыць пра вялікі розум, калі пазбягае муха злоснага і варожага ёй павука: яна падглядвае за ім, які цікуе яе, каб зацягнуць у свае сеткі, і раптам адхіляе палёт, каб не папасціся, не аблытацца яго спляценнямі. Пра мужнасць і адвагу мухі не нам трэба гаварыць; яскравейшы з паэтаў – Гамер – не з львом, не з леапардам і не вепрам параўноўвае адвагу лепшага з герояў, жадаючы яго пахваліць, але з дзёрзасцю мухі, з бястрашшам і ўпартасцю яе націску. Ён так прама і гаворыць: не дзёрзкая, але смелая. Таму што, злоўленая, кажа паэт, яна не здаецца, але наносіць укусы. І ўвогуле так усхваляе паэт і захапляецца мухай, што не адзін толькі раз і не рэдка, але вельмі часта ўспамінае яе: так, толькі памянёная, яна ўпрыгожвае паэму. То расказвае паэт, як плоймамі злятаюцца мухі на малако, то расказвае пра Афіны, калі адводзіць яна стралу ад Менелая, каб не нанеслі яму смяротнай раны; параўноўваючы яе з клапатлівай маці, якая ўкладвае сваё немаўля, зноў супастаўляючы з ёю муху. Гэтак жа цудоўным эпітэтам упрыгожыў ён мух, празваўшы “моцнымі”, а рой іх называў “народам”. Не стаміўся яшчэ слухаць мяне, Антон?
– Ды не, ты ж цікавыя рэчы адкрываеш для мяне.
– Я радая, што табе падабаецца, – засмяялася Мухіко, – таму яшчэ трошкі паслухай... “Адно паданне расказвае, што ў старажытныя часы жыла-была Муха – цудоўнейшая жанчына, спявачка і з языком балаболістым, як млын, і былі яны разам з Селенай...” ведаеш, хто такая Селена, Антон?
– Не, падкажы...
– Багіня месяца, закаханая ў прыгожага Эндзіміёна. Яна кожную ноч сыходзіць з неба, каб абдымаць свайго каханага юнака... “... і былі яны разам з Селенай закаханы ў аднаго і таго ж Эндзіміёна. І вось пастаянна яна будзіла юнака, лапочучы, напяваючы і пасміхаючыся над ім, – і так рассердзіла яго аднойчы, што селена ў гневе ператварыла жанчыну вось у гэтую муху. Таму і цяпер, успамінаючы Эндзіміёна, яна быццам зайздросціць сну, асабліва маладых і пяшчотных. Укус яе і смага крыві – знак не нянавісці, але кахання і пяшчоты, бо імкнецца яна, па магчымасці, адведаць ад усяго і здабыць мёду з прыгажосці...”
Мухіко зрабіла кароткі перапынак на колькі секунд, а потым працягвала:
– “Па сведчаннях старадаўніх, была таксама і нейкая жанчына, якую называлі Мухай, – паэтэса, прыгожая і мудрая, і другая яшчэ – слынная ў Аттыцы гетэра, аб якой камічны паэт сказаў: “Ну, укусіла Муха, дык да сэрца дрыжыкі працялі...” Альбо яшчэ – і ўжо, бадай. Апошняя вытрымка: “Вясёлая камедыя гэтаксама не гідавала і не закрывала доступ на сцэну імю Муха. Не саромеліся яго і бацькі. Мухай называлі нават сваіх дачок. Ды і трагедыя з вялікай пахвалой успамінае муху ў вершах: