Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 143 144 145 146 147 148 149 150 151 ... 228
Перейти на страницу:

Лямантавалі жабы, білі ў вушы, нібы ўвесці нешта хацелі ёй. Свяціла поўня, вялізная, жоўтая дзірка ў небе, уваход ці выйсце кудысьці. I здавалася, бы з той дзіркі і сыходзяць жабіны лямант, песня і стогн, заклік і перасцярога. Хто заклікае, хто і ад чаго перасцерагае: не паддацца прывабнаму ў цемры голасу вады, ракі, уласнаму жаданню сесці ў лодку, адпіхнуцца ад берага і пусціць лодку за плынню, як птушку выпусціць на волю. I лодка пад месячным святлом, у абдымках прытопленых вадою кустоў лазы, шыракалістых белых і жоўтых гарлачыкаў, падобных на птушак, качак, гусей, чаек, якія, здаецца, страцілі ўначы крылы, але захавалі здольнасць і імкненне рухацца, рухацца туды, у невядомае, па гарбатай спіне вады, сярод цемры, як па небе. Туды, дзе бачны прасвет, дзе на лукавіне ракі светлаю плямай бялее бярозавы гай, які ўжо даўно прываблівае Светку, дзе б хацела яна апынуцца сёння ўначы і куды яна баіцца зайсці. Баіцца застацца сам-насам, а яшчэ больш — разам з Уладзікам. Вельмі ж нясцерпна і млява пахне вясной бярозавы ліст, якога толькі што выгнаў з клейкай пупышкі салодкі бярозавік, што ўсю доўгую зімку запасіўся ў бярозе, гусцеў, хмеліўся, блукаючы ў каранях, у нетрах зямлі, чакаючы сонечнага цяпла і сонечнага промня, дачакаўшыся, радасна пабег па ствале ў крону і прымусіў выбухнуць пупышку з зялёным і духмяным лістом.

Нячутна, нібы крадучыся, падышоў Уладзік, як і не ішоў, а вырас тут з цемры, ноч вырасціла яго, як вырошчвае той жа ліст на бярозе, траву. Вымаляваўся сярод лодак, кустоў, пазначыўся ценем у вадзе і, не дайшоўшы да Светкі, спыніўся.

— Чаго, Уладзічак, не падыходзіш бліжэй? — спытала Светка.

— А я не ведаю, ці варта бліжэй і як бліжэй.

— Я вось таксама не ведаю, Уладзік. Пытаю сябе і не чую адказу. А ты мне што адкажаш?

— То памаўчымо мо лепш, сядзем і паслухаем адно аднэго.— I Уладзік ступіў да яе, узяў за руку, прымусіў залезці ў лодку. Яны селі на карме. У лодцы сярод вады было больш светла, чымсьці на беразе. I Светка на нейкую хвіліну адчула шкадаванне, што прыйшла ў будзённым, не пераапранулася. Але толькі на хвіліну, пакуль абцягвала сукенку, хавала калені, жыло ў ёй адчуванне апраткі. А як толькі Уладзік прыхіліўся да яе плячом, адразу ж ацверазела. Было яно гарачым, тое плячо. I гарачкавасць тая была і ў ёй. Яна зачарпнула даланёю вады, асвяжыла, памыла твар, павярнулася тварам да месячнага святла:

— Глядзі, глядзі, Уладзік, якая я ўжо старая.

Ён памкнуўся нешта адказаць ёй, пэўна, не згаджаючыся, але яна не дала яму і слова вымавіць.

— Не трэба. Праўду на сяле кажуць. Перастарка, ялаўка. Нікуды ад праўды не схаваешся.

— Што мне, Света, да таго, што і хто языком менціць.

— Выходзіць, табе без розніцы, што пра мяне гавораць,— яна крышку пацвельвала яго, каб перавесці гаворку на іншае, не такое балючае ёй, больш лёгкае, смешнае, звесці на нішто, як гэта было і раней, калі яны сустракаліся і перакідваліся слоўцам у клубе ці на вуліцы. Але, як ні дзіўна, жартаваць на людзях куды лягчэй, чымсьці вось так: плячо ў плячо, вока ў вока. Не пакідала, не адыходзіла тое галоўнае, што мучыла яе з таго часу, як Светка пачала разумець сябе. Але яна не здавалася таму галоўнаму, працягвала жартам пацвельваць Уладзіка:

— Гэта ж ты на спатканне да мяне прыйшоў, Уладзічак. Першае наша з табой спатканне. I я сама прызначыла яго. Што ты на гэта скажаш мне, Уладзічак, як цяпер будзеш адносіцца да мяне? I маці ж твая ведае...

— Што ведае маці?

— А ты не прытварайся. Маці твая звесці нас хоча.Я цераз яе і спатканне табе прызначыла, няўжо яна табе не сказала, што я чакаю цябе тут.

— Я ад самай раніцы не заходзіў да сябе дамоў.

— Як не заходзіў? А мяне як ты тут знайшоў?

— Я пачуў цябе. I ўбачыў. Здалёку яшчэ, з Нівак.

— Не мог ты мяне з Нівак убачыць, не трэба, Уладзік, хлусіць. Гэта ж больш кіламетра.

— Убачыў. Я нікому пра гэта не гаварыў. Маці з бацькам не ведаюць. Табе першай скажу. Я ў цемры, ноччу, лепш, чым удзень, бачу.

— Як гэта ноччу ты бачыш, у цемры? — Светка не паверыла яму.

— А як і ўдзень — усё ясна. I больш нават.

— Што ж больш?

— Больш, чым ты думаеш, што на душы ў цябе, бачу.

— Што ж у мяне на душы? — Светка ўсё яшчэ не верыла яму.

— Вось ты зараз смяешся, а на душы ў цябе ноч. Баліць душа,— сказаў Уладзік, патупіўшыся і з болем, нібы гэты боль быў і ў ім, не даваў яму ўзняць на Светку вочы.— I з самага пачатку ты з болем тут стаіш. Святло ад цябе сыходзіць цьмянае. Была хвілінка, ты ўзрадавалася, на бярозы на тым баку глядзела, яны свяціліся, зіхацелі. Над кожнай як зарыва светлае, і над табою таксама зарыва. Вось я і пайшоў на яго і выйшаў на цябе. I не трэба, Светка, не трэба так. Дай мне руку, хай гэта цяжкае, цёмнае адыдзе ад цябе, перальецца ў мяне, а я яго ў ваду. Во бачыш, я другую сваю руку ў ваду апусціў. Хай сплыве вадой. На дно яго, у рэчку.

1 ... 143 144 145 146 147 148 149 150 151 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)