Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
I Сноўдалу было незразумела, як зямля трымае яшчэ яго цела, як ён знаходзіць яшчэ дарогу, ступае не правальваючыся, зямля не прыбірае яго, не зацягвае ў агонь. Поле ж зрыта, паточана вогненнымі хадамі, бы па тарфяніку точацца вялізныя палаючыя краты ці чарвякі нейкія, што дыхаюць агнём, выпальваюць усё на сваім шляху, пакідаючы за сабою адзін толькі попел і белы пясок, які не гарыць. Не гарыць, але і не родзіць. На ім ужо нічога ніколі не вырасце, і ніякі след не адаб'ецца. Трэба шмат жыццяў, пакаленняў і стагоддзяў, каб аднавіць яго, трэба вельмі шчодра паліць яго жывою крывёй. I мо сёння ўжо ён, Сноўдала, яго цела і яго кроў і з'яўляюцца тым будучым гноем, дзякуючы якому зноў адродзіцца зямля.
Ён мог бы і не ісці праз гэтае вогненнае поле, абагнуць яго, узяць крыху ўбок, выбраць шлях, які б не быў такім небяспечным. Сноўдала, як толькі адышоў ад дуба, ступіў на палаючае поле, прыкмеціў сярод разрываў дыму курную хатку на курыных ножках, старую, як і сам ён, як свет гэты, дым і агонь. Хатка тая была не рубленая з бярвення, а складзеная з лёгкіх і тонкіх сасновых жэрдак, без коміна нават і даху. I корпаліся каля той хаткі, нібы ўстаўшы з небыцця, дзед і бабуля, той апошні яцвяг, які даўно ўжо загінуў, загінуў на яго зубрынай памяці, зубрыных вачах, і жонка яцвяга. Абое яны былі цяпер жывыя. Адрадзіліся падобна яму, Сноўдалу, ці ніколі не паміралі, не ведалі, што такое смерць, не падазравалі нават, што яна ёсць. Нічога не ведалі пра войны, пагоні і аб тым усяленскім могільніку за смуродным балотам, якое магло гарэць, дзе супакоіліся апошні яцвяг і апошні зубр.
Яцвяг зноў быў жывы, і ён, Сноўдала, зноў быў жывы. Чалавек і звер, адны сярод зямлі, што палала, схапілася агнём, бясконцага, узаранага вогненнага поля. Яны бачылі адно аднаго і павінны былі сустрэцца, сысціся. Яцвяг чакаў яго, ён стаяў з жонкаю пад прызбаю сваёй хаты, і каза яшчэ была каля іх. Усе трое скрозь дым пазіралі ў яго бок, углядаліся туды, адкуль ён павінен быў з'явіцца, калі агорае гэтае поле, пройдзе скрозь дым. Яны чакалі яго. I чакалі, пэўна, даўно, стагоддзі, таму што знасілі ўжо сваю старую апратку, што была зроблена са шкур звяроў, былі апрануты больш сучасна: абое ў фуфайках, у жанчыны на галаве хустка, у мужыка яе — картуз, і ў руках капаніцы. А мо і не капаніцы, мо проста кіёчкі, на якія яны абапіраліся, старая баба, стары дзед.
I Сноўдала заспяшаўся да іх, не адчуваючы ўжо атрутнага паветра, не разбіраючы дарогі, не баючыся вогненных пастак на сваім шляху. Ён зноў адчуў сябе царом усяго існага. Абудзіліся колішнія сіла і адвага, і шлях яго быў высланы камякамі палаючай зямлі, якая разляталася ва ўсе бакі, як зоркамі. Але дзіва дзіўнае, як Сноўдала ні спяшаўся, як шырока ні крочыў, хатка з яцвягам і яго жонкаю не набліжалася, як бы так і заставалася ў тумане, у далечыні, нібы ён і не ішоў, не бег ці бег на адным месцы, як тая вавёрка ў коле. Кола круцілася, вавёрка скакала і заставалася ў сваёй клетцы. Сноўдала пачаў злавацца, усе мышцы, што былі ў яго целе, усю кроў — усё аддаў руху, хуткасці, зліўся ў адно цэлае з ветрам і дымам. Хатка не наблізілася ні на крок. Яцвяг з жонкаю як стаялі, так і працягвалі стаяць у туманнай сваёй далечыні, і гэтая далеч, здаецца, бы нават яшчэ і павялічылася, як нейкая сценка з памяншальнага шкла з'явілася паміж імі і Сноўдалам, і яна адкінула іх, адсунула адно ад аднаго. Сноўдала задыхана спыніўся, каб адпачыць і ўпэўніцца: ці на самай справе хатка яцвягаў адбеглася ад яго. Ускапыціў зямлю, якую яшчэ не паспеў ахапіць агонь, але якая ўжо адчувала набліжэнне гэтага агню, таму што была яна ўжо цёплаю, распаранаю, хоць і вільготнай. I гэтая цёплая вільгаць зямлі не дала палёгкі Сноўдалу. Упершыню зямля не астуджала, не супакойвала распаленага цела.
Не зводзячы вачэй з хаткі і яцвягаў, Сноўдала ўсім целам калыхнуўся наперад, ледзь устояў на нагах, як не ўпаў на каленцы, калыхнуліся і адбеглі назад яцвяг з жонкаю, хатка, каза. I Сноўдала раз'юшыўся: чаму гэта яны бегаюць ад яго, прывабліваюць, паказваюцца на вочы і ўцякаюць, не пускаюць да сябе. Але ў яго хопіць сілы і хуткасці, каб дагнаць і пакараць іх. I ўжо нічога іншага не маючы ў галаве, як толькі гэта: дагнаць і пакараць, ён рынуўся наперад, на курную хатку яцвягаў, мецячыся ў іх рогам.