Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Уладзіка ў хаце не заспела, была толькі яго маці, замітусілася, забегала, не знаходзячы месца, куды і пасадзіць яе, якое з крэслаў прапанаваць.
— Не турбуйцеся, цётка Лізавета, я і пастаю.
— Вой, што ты, дзеўка, так рэдка заходзіш, а я нікуды не вылажу, хоць пагаворым.
— А чаму вы нікуды не выходзіце? — Света ўсё ж села, хоць голас чалавечы пачуе.
— Ды ўсё няма часу, няма часу, клопаты. I хлопец зводзіць...— Успомніла Лізавета Уладзіка і асекласяі стала каля печы, што палілі, пэўна, зранку, цёплай яшчэ, нібы змерзла, не ведаючы, куды схаваць вочы, на чым спыніць іх. Усё, куды яна ні глядзела, гаварыла ёй пра Уладзіка, яго хваробу, кожная рэч, а больш адсутнасць тых рэчаў, гэта каб не было яму за што ўхапіцца, калі прылучыцца прыпадак.
— Кепска, Светка, вясна, б'юць яго прыпадкі,— угрэлася, пэўна, каля печы, падала голас Лізавета.— А ты да яго ішла ці да мяне? Мо што па рабоце да яго?
— Па рабоце,— схлусіла Светка.— Шукаю яго па рабоце.
— Вой, божухна ты мой, а ён і не ведае, і не ведае,што ты прыйшла. Я збегаю пашукаю.
— Не трэба, цётка Лізавета, не трэба... Вы самі яму лепш скажыце, каб ён не хадзіў за мной, не трэба.
— Я скажу, я зараз паклічу,— як і не чула яе Лізавета.— От ужо рады будзе, от рады. А ты схлусі яму, Светачка, схлусі, што да яго прыходзіла. Я збегаю паклічу, ён дзесь на рэчцы. Мне, мамо, гаворыць сярод вады лепш, вада добрая. I ты будзь добрай яму, схлусі яму. Мо тадыі да вады яму не трэба будзе хадзіць. А то так баліць маё сэрца, так баліць, дзе ён і што сярод той вады. Палезе яшчэ і захлынецца...
— Не магу я, цётка Лізавета, хлусіць,— перапыніла Уладзікаву маці Светка.— Ды тут такая справа, што хлусіць нельга.
— Вох, і тут ты правая.— Уладзікава маці падышла да Светкі, абняла яе.— А што нам з табою рабіць, Светка? Быў бы ён здаровы, і я б з табой гаварыла інакш.
— А мо і не сталі б вы тады са мною гаварыць.
— Мо і так, мо і тут ты правая, дзіця маё. Усё ты разумееш.— Лізавета падсела к сталу насупраць Светкі, паспрабавала зазірнуць ёй у вочы, жаласліва так, як пабіты сабака. Светка адвяла вочы, бы таксама нашкодзіла, потым усё ж перамагла сябе, не хаваючыся зірнула ў вочы Лізавеце. I тая зразумела, што ў тым яе позірку. Паклала сваю руку з кароткімі пальцамі, у чорных трэшчынах, ад зямлі, работы, на руку Светкі, захітала галавою.
— Не трэба, не трэба, дзеванька, і я не буду. Не буду.— Вочы Лізаветы пачырванелі, наліліся вільгаццю, але волі слязам яна не дала.— Ты зразумей толькі мяне. Маці я, маці... А мо ўсё ж, Светачка, бяда на бяду, ліха на ліха — яно іншым разам і на шчасце абарачаецца... Не буду, не буду,— прыкмеціўшы, як здрыганулася рука Светкі, спыніла сябе Лізавета.
Светка ўстала і пайшла к парогу. I ўжо на парозе, убачыўшы, як заходзіцца, нема, бязгучна плача маці Уладзіка, наперакор сэрцу, якое падказвала ёй, што гэта лішняе ўжо, сказала:
— А ўсё ж перадайце яму, цётка Лізавета, я буду чакаць яго вечарам каля лодак.
Вымавіць імя Уладзіка яна не здолела. Але абяцанне сваё чакаць яго каля лодак стрымала. Скіравала да іх адразу, не заходзячы ў хату, каб хоць пераапрануцца. Навошта ішла туды, і сама не ведала, навошта панаджвала, абнадзейвала. I не толькі яго, Уладзіка, абнадзейвала, але і сябе, сапраўды, надзея — маці дурных.