Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 147 148 149 150 151 152 153 154 155 ... 228
Перейти на страницу:

А Сноўдалу і не наўме была тая мітусня і мітрэнга, што ўзнялася вакол яго і ўжо добра-такі надакучыла яму. Ён спяшаўся пакінуць горад і на ўскраіне яго рушыў напрасткі, зносячы агароджы і платы, вытоптваючы грады, абыходзячы малых дзяцей і дарослых, што не ўправіліся схавацца і не ведалі ўжо, што і рабіць. Але толькі на змярканні горад выпусціў яго на волю, адсталі, адчапіліся праважатыя. Сноўдала зноў апынуўся ў полі, тым самым, што гарэла, але цяпер ужо не так смуродна і ўдушліва. Па зорках скіраваў сябе на дуб, які ўпаў, калі ўжо збіўся з дарогі, трэба было пачынаць усё спачатку, вяртацца туды, дзе заблудзіўся. I ён вярнуўся, і зноў адчуў сябе разгубленым. Не надта ж і далёка знаходзіўся той дуб ад горада. Не вельмі даўно ён і ўпаў, лісце яшчэ не паспела завянуць на ім. А Сноўдалу здавалася, што ён адолеў тысячы кіламетраў і мінулі стагоддзі з таго часу, як развітаўся з дубам. I ўсе тыя кіламетры, усе тыя стагоддзі былі зараз у ім у Сноўдалу. Ён упаў усім целам на зямлю, ледзь даклыпаўшы да дуба. I дуб пашкадаваў яго:

— Здарожыўся, сынок. Я ж казаў табе, што ты яшчэ прыйдзеш да мяне, па мой ліст і мой жолуд. Я ведаў і чакаў цябе.

— Мо ты таму і ўпаў, каб накарміць мяне.

— Не, прыспеў мо час, я і лёг, як загадана было мне.

— Кім загадана?

— А тымі, на чыіх костках я дагэтуль рос, каго перажыў, каго перастояў, хто загадае ў свой час упасці і табе.

— А калі я не паслухаюся і не ўпаду?

— Закрыецца ход. А ён не павінен закрывацца, ён вечны, таму ты і ўпадзеш.

— Які ж гэта ход, дзе той ход, куды?

— Усяму свой час. Ты пакуль еш, дарога твая далёкая. Я пакажу ход, па якім адыходзяць і вяртаюцца. I ты таксама пойдзеш і вернешся, хаця дарога твая апошняя ў цябе, а таму еш, каб пастаяць за тых, каго ўжо няма, і паказацца тым, хто ёсць.

I Сноўдала пад ласкавы, прыглушаны і як бы загаслы ўначы шэпт дубовага вецця пачаў есці лісце і жалуды.

— У кожнага з нас, хто жыве на зямлі, у дрэў і звяроў, людзей, адзіны лёс. Упала дрэва — упаў і чалавек,на аднаго звера на зямлі стала меней, зрабіўся меншы на аднаго чалавека і свет. I ў той, табе здаецца, ужо далёкі дзень, але што даўніна ў параўнанні з жыццём зямлі, свет збяднеў на аднаго чалавека. А я памёр у ім і разам з ім.А добры быў чалавек, мо нават апошні, з кім парадніўсяя на зямлі, звязаны з ім каранямі быў, мо таму і не вытрымалі мае карані, адкрыўся ход. I ты пойдзеш па ім, і хто ведае, мо яшчэ паспееш выратаваць другога чалавека, які параднёны ўжо з табой. Ён нашага, зямнога роду. Зямнога, зямнога... Хопіць, ідзі, ідзі...

Сноўдала падняўся і пайшоў на гэты голас, які за тугой даўніны, усё ж адбылося на яго вачах, ён быў тады наглядальнікам, а цяпер хацеў уберагчы яцвяга ад смерці, хацеў спыніць, разагнаць пагоню, ворагаў яцвяга. I ён кінуўся насустрач ім, як толькі пагоня наблізілася да яго. I ўжо, здавалася, прапароў рогам таго, хто бег першым. Але, дзіва нейкае, рог яго бадануў толькі паветра, цемру, цень. I ўсе астатнія, што ўдзельнічалі ў той пагоні, былі толькі ценямі. Не дадзена было яму нікога ні забіць, ні спыніць. I Сноўдала працягваў свой шлях, губляючыся ад здагадак: што павінна ўчыніць тая пагоня, чым яна скончыцца — забойствам, смерцю кожнага, ці пагоня тая вечная, адзін уцякае, а ўсе астатнія гоняцца за ім, і не мае гэта канца, гэта бессмяротна. Усё толькі гульня ў жыццё і смерць. I адразу ж выпадак даў яму праверыць здагадку. Дарогу Сноўдалу, трымаючы напагатове стрэльбу, заступіў Барталамеус Шпаковіч. Той самы Барталамеус і з той самай стрэльбай, якая ўжо аднойчы забіла яго, Сноўдалу. I цяпер стрэльба была гатова забіць яго зноў. Сноўдала бачыў, што, як і тады, Барталамеус не прамахнецца, адчуў гэта цемечкам, макавым зернем у ім, якое не было абаронена косткаю. Сноўдала спалохаўся, хаця і ведаў, што стрэльба Барталамеуса Шпаковіча не мае сілы абарваць яго зубрынае жыццё.

Зубрынае. Так. Але яго, Сноўдалы, жыццё яна здольная была перапыніць. I бясконца доўжылася хвіліна спалоху і ўзаемнага чакання. Смерць чорным вокам не міргаючы пазірала яму ў вочы з рулі стрэльбы, таксама не міргаючы цікаваў і ён за ёю, краёчкам вока ўлоўліваў добра ўжо бачнае святло наперадзе тунеля. А цемра абціскала яму бакі, вымушала прыціскаць хвост. Сноўдала ўжо быў згодны пайсці прэч ад стрэльбы. Мо ён так і зрабіў бы, але адчуў на сабе яшчэ нейчыя вочы, не добрыя, не злосныя, хутчэй за ўсё абыякавыя. I тыя вочы ўчапіліся, упіліся ў яго і холадна загадалі яму: наперад. I ён, падпарадкоўваючыся іх загаду, зрабіў крок насустрач стрэльбе, непазбежнасці. I ў тое ж імгненне шчоўкнуў курок, успыхнула чырвонае святло і прагучаў стрэл. I Сноўдала гатовы ўжо быў упасці і пачаў ужо асядаць на пярэднія ногі, але адчування болю нідзе ў ім не было. I ўдару, што збівае з ног, ён не адчуў. Нічога не адчуў, так толькі, бы муха куснула ў цемечка. I ён зразумеў, што пошчак курка, асляпляльная чырвань уваччу, дотык чагосьці да цемечка — усё гэта толькі памяць, чаканне таго, пра што ён ужо ведаў, праз што прайшоў. Шпаковіч з яго стрэльбаю ўжо не страшныя яму, праз гэта, калі ўжо так наканавана, трэба проста прайсці, пераступіць і крочыць далей. Што ўжо адбылося, другі раз не адбудзецца, мінулае не вернецца, хаця яно і заўсёды з табой. Будучыня, можа здарыцца, наперадзе, і ў гэтым тунелі, і на выхадзе з яго, будзе куды больш страшнай, але, пакуль наперадзе хоць што-небудзь мігціць, трэба ісці на гэтае мігценне, брацца на святло, перамагаючы жахі і стому, што б там цябе ні чакала, які б вялікі падман ні ўгатаваў табе лёс. I калі ёсць падманы, то ёсць каму і каго падманваць, ёсць жыццё. Сноўдала параўняўся са Шпаковічам, той стаяў не кратаючыся, прыпаўшы шчакою да ложа стрэльбы, чакаючы і выцэльваючы яго. Сноўдала зноў адчуў гэтае выцэльванне і цемечкам, і макавым зернем у ім, адчуў саму стрэльбу, ён ужо дакрануўся да яе рулі ўздыбленай варсінкаю, ледзь не кінуўся назад, таму што зноў пачуў шчаўчок курка, палыхнула перад вачыма чырвань, і чырвоная муха, здаецца, укусіла мозг, але раней, чымсьці ўсё гэта адбылося, Сноўдала ўжо ведаў, што гэта павінна адбыцца, так будзе. Ды толькі аніякае веданне, аніякая памяць, хоць і лжывая, не можа застацца абыякаваю, калі вось так сам-насам сутыкаешся са сваёй смерцю. Сноўдала на нейкае імгненне збянтэжана спыніўся, і гэта дазволіла Шпаковічу яшчэ раз узвесці курок і зрабіць яшчэ адзін уяўны стрэл. Стрэліць яшчэ раз, калі ўжо ад самой стрэльбы не засталося і рулі нават, Сноўдала ўвабраў стрэльбу ў сябе ці сам увабраўся ў яе, прайшоў праз Шпаковіча ціхім і дробным крокам, бы хацеў растаптаць яго, хоць і ведаў, што таптаць няма каго. Усё гэта толькі цень. I цень гэты, цемра, што акружыла яго, абціснула холадам яму бакі, адрынулі ад яго, святло засляпіла вочы. Тунель рассунуўся, расчыніўся, над ім зіхацела ад блакіту неба, зямлю ўгравала чыстае сонейка. Сад быў перад Сноўдалам, вялізны, бясконцы, недзе ўдалечыні ён сыходзіўся з небам, парадноўваўся з небам. I першы, каго ён убачыў у тым садзе, калі вочы звыкліся са святлом, быў зноў Барталамеус Шпаковіч, але ўжо без стрэльбы. Весела і радасна ён кінуўся насустрач Сноўдалу, бы чакаў яго. Сноўдала не прыняў і аніяк не адгукнуўся на гэтую яго радасць, хацеў прайсці праз яго, як і там, у тунелі. Але тут, у гэтым садзе, Шпаковіч не быў ужо ценем. Сноўдала адчуў гэта, упёршыся ў яго галавою, раз'юшыўса. Цяпер ён абавязкова ўжо растаптаў бы Шпаковіча, але не паспеў. Набеглі зубры, тыя, што даўно памерлі ўжо, што працягвалі жыць толькі ў памяці яго. Шматлікія Сноўдалы яго зубрынага роду, і ніводзін з іх таксама не быў ценем, бо ўсе разам затрубілі, захоркалі, вітаючы яго, радуючыся яму. Акружылі, павялі ў сад.

1 ... 147 148 149 150 151 152 153 154 155 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)