Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Ён зноў бег па вогненным полі і ўжо не дазваляў сабе перадышкі, бег, забыўшыся на стомленасць, не баючыся агню і дыму, не зважаючы на тое, што лёгкім можа не хапіць паветра, можа лопнуць сэрца, жылы могуць парвацца. I бег гэты цяпер доўжыўся век. Адыходзіла ноч, наставаў дзень, дзень заступаў на змену ночы, мяняліся поры года. Ішоў і раставаў снег, бруілі ручаі, адзваніўшы сваё, яны ўсыхалі. I там, кудой яны беглі, ускіпала зелень. Яна жухла, зноў падаў снег. А Сноўдала ўсё бег, губляючы сліну і пену, што гнала па целе кроў, якая закіпела ад гэтага бегу, закіпела і не паспявала астуджваць ні костак, ні жыл. Зямля і тая, здаецца, зжалілася над ім, яна ўзняла яго ў паветра. I Сноўдала, здавалася, ужо не бег, а ляцеў, мінаючы горы і акіяны, гарады і лясы. I таксама імкліва ляцелі над зямлёю яцвягі з іх хаткаю, ляцелі на сусвеце, засцячы сабою зоркі і планеты, творачы на зямлі буры і землятрусы, раздуваючы пажары і войны, не ведаючы ні стомленасці, ні супынкаў, падпарадкаваўшы сябе адной толькі пагоні.
А калі гэтая пагоня пачала надакучаць Сноўдалу, калі яму прыеліся яцвягі з іх курнаю хаткай, што маячылі наперадзе, і ён паспрабаваў спыніцца, хатка і яцвягі імкліва насунуліся на яго. I ён прайшоў скрозь іх, як скрозь цень. Адно насланнё скончылася, але надышло другое. Сноўдала ўбачыў самога сябе такім, якім неаднойчы бачыў, гледзячыся ў ваду, толькі больш выразна, і ўсяго цалкам, адразу, ад ускудлачанай, злямцаванай барады да запаленых, у белай пене, бакоў. Убачыў і затросся. Затросся і другі Сноўдала. I яны абодва і адначасова кінуліся адзін на аднаго. Зазвінела, рассыпаючыся на друзачкі, шкло. Перад Сноўдалам паўстала вялізная зала, застаўленая ўсякай усячынай, ад матацыклаў і веласіпедаў, якія былі ўжо яму знаёмыя, да рэчаў, якіх яму бачыць не даводзілася,— квадратных адпаліраваных скрынек з мноствам бліскучых нікеляваных гузікаў, скрынек са шклом, якое свяцілася і па якім ці то за якім бегалі людзі. Людзі бегалі і па зале, крычалі і хаваліся. А тыя, за шклом, паводзілі сябе прыстойна. I яны больш падабаліся Сноўдалу, хаця выглядалі і вельмі маленькімі, як лялечныя, несапраўдныя. А сапраўдных, што знаходзіліся ў зале, ён адразу ж неўзлюбіў. На самай справе, калі спытаць, чаго ўзнялі такі вэрхал, чаго галосяць, лямантуюць, пішчаць. Што за дзіва такое — зубр ва універмагу. Ды пляваў ён на гэты іх універмаг. Нічога талковага ўсё роўна ў ім няма. I Сноўдала з гордасцю і паважнасцю, імкнучыся, каб нічым не нагадваць паводзіны людзей, што з лямантам і сналохам шыліся ва ўсе куткі, рушыў да выхаду, далей ад гэтых чатырох сцен, на вуліцу, на брук, які ўжо ён бачыў перад сабою. Праход, праўда, быў надта вузкі, але ён пашырыў яго, звярнуў два касавыя апараты, ад чаго страцілі прытомнасць тры касіркі, праламаў падвоеныя шкляныя вітрыны. I быў ужо на маставой.
На вуліцы народ таксама спачатку сыпануў ад яго ў розныя бакі. Але Сноўдала ніяк не рэагаваў на гэты людскі спалох. I не толькі таму, што быў вельмі ўжо ганарысты. Ён ніяк не мог уцяміць, як гэта здарылася, што ён апынуўся ў горадзе, у самым цэнтры яго. Толькі ж што знаходзіўся ў глыбіні стагоддзяў, дзесьці на самым пачатку жыцця, і раптам без перасадкі — у самую сярэдзіну яго, росквіт ці захад. Мо хто іншы на яго месцы быў бы і рады гэтаму, але толькі не ён, Сноўдала. Не дзеля таго яго выпраўлялі ў дарогу, не дзеля таго, каб шалэндаць па пыльных гарадах, урывацца ва універмагі, палохаць людзей, выпраўляўся ён і сам. Не сустрэчы з яцвягам шукаў ён на сваім шляху, не ў мінулае ішоў, а ў будучыню. А сустрэўся з мінулым. Атрымліваецца як бы тое, што куды б ён ні скіраваў, а мінулага яму не абысці, сумнае яно ці радаснае. Яго, прынамсі, гэтая сустрэча не ўзрадавала, а толькі стаміла, нагнала нуды. I ці не ёсць уся гэтая будучыня толькі нуда і сум па мінулым, насланнё, сон, цень мінулага, што так упарта ўцякаў ад яго, не дазваляючы наблізіцца да сябе ні на крок. А потым злітаваўся, даў магчымасць дагнаць сябе, і рассыпаўся, развеяўся ў прах, прапусціў, паказаўшы яму, Сноўдалу, яго ж самога, хто ён ёсць і за кім ці за чым ён гоніцца. Закінуў у гэты горад, з якога як мага хутчэй трэба выбаўляцца.
Сноўдала працягваў крочыць па горадзе ўсё такі ж негарадскі, нехапатлівы і задуменны, як дзед, што ўпершыню наважыўся пакінуць вёску, ступіць з прасёлка на асфальт, і яго ўсё больш агортвала жаданне кінуцца бежкі па гэтым асфальце, прэч з горада. Але ён стрымліваў сябе, не хацеў прыніжацца перад натоўпам, які цягнуўся ўжо ўслед яму. Ці то не ўвесь горад збегся паглядзець на яго. Ганаровы эскорт усё павялічваўся і павялічваўся. Былі ўжо ў ім і міліцыянеры, і пажарнікі ў форме і на машынах — гэта на той выпадак, калі ён раптам накінецца па каго-небудзь. На гэты ж выпадак званілі і балабонілі па ўсім горадзе тэлефоны, тэрмінова склікаліся нарады. Паспешліва шукалі паляўнічых і паляўніцтвазнаўцаў, звераводаў і ветэрынараў. Яны павінны былі вырашыць яго лёс: забіць, усыпіць ці пакуль што нічога не рабіць: назіраць, як ён сябе будзе паводзіць, куды скіруе. Зубр паралізаваў усё жыццё горада, выбіў з каляіны, парушыў яго адладжаны арганізм, вывеў усіх гараджан на вуліцу, як на дэманстрацыю.