Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
I Мар'ян прыгцядаецца да іх твараў. Якія ж чыстыя, шчырыя яны, якія ясныя кемлівыя вочкі. Маркоціцца, сумуе, слухаючы старадаўні вальс, школа, ціснецца да сцяны Маня, Марыя, Зулькіна дачка. У школе далі ёй мянушку Кіберык. На ўроках ніколі нічога не ведала, але не гублялася, калі выклікалі да дошкі, адказвала: таму што кіберык. На яго ўроку, на заалогіі, так яе і празвалі.
— Чарапахі водзяцца, водзяцца паўсюдна. I пад нашаю вёскаю таксама. На мосцік ступіш, калі сонца добра прыпячэ, што твае рабыя каровы ляжаць.
— Ты пра будову арганізма, Марыя, пра будову,— перапыніў Мар'ян яе.— Якія ў яе органы, з чаго яна складаецца.
— Чарапаха складаецца шмат з чаго, органаў мае багата, тулава, галава, лапы, хвост...
— А куды яна галаву хавае, калі спалохаецца, калі ты на мосцік той ступіш. Што ў яе яшчэ ёсць?
— Кіберык!
— Што?
— Кіберык ёсць яшчэ ў чарапахі. Калі яе напалохаеш, яна кіберык і галаву ў той кіберык.
— Панцыр, панцыр,— падказаў ёй Іванчык, Кандратаў сын.
— Так, гэта яшчэ называецца панцыр. Але ўсё роўна кіберык.
Клас ляжаў. Разам з вучнямі смяяўся і ён, Мар'ян. I так заўсёды, калі выходзіць адказваць Кіберык. Нясмела набліжаецца да яе, сунецца ўздоўж сцяны Іванчык, Нябойса:
— Ты не бойса, не бойса, што мне рабіць не будзе дзе, што не вывучуся я, каб рабіць.
— Я табе двойку ў журнал стаўлю.
— Стаў, стаў, не бойса.
— Гэта ты павінен баяцца, а не я.
— А ты таксама не бойса, не бойса...
Вось такі гэты Іванчык Нябойса. Але руку добрую мае хлопец да любой справы, пяшчотную. Калі прышчапіў Іванчык дзічку, яблыньку ці грушку, то прышчэп той ніколі не засохне, упрыгожыць які хочаш сад. I Кіберык не зломак, да кожнай каровы свой падыход мае, загаворыць, аблашчыць, падоіць. Маці пасля кожнага чарговага адлучэння ад баптыстаў нап'ецца, на ферму і не патыкаецца. Кіберык бяжыць на дойку. I чым яны не пара, Іван ды Мар'я. Ён русявы, віхрасты, нязграбны яшчэ, як усе падлеткі, тонкі, звонкі і прагоністы, але мужыцкая костка і сіла адчуваюцца ўжо ў ім. Рукі ўчэпістыя і да калень, далоні шырокія, а сам ён задуменны, не хапатлівы. Кіберык жвавая, спрытная, шустравокая. Во і цяпер не дачакалася, калі наблізіцца да яе Іванчык, сама падышла да яго, узяла за руку, павяла ў круг. Кружацца ў вальсе Нябойса і Кіберык, Іван ды Мар'я. Усе ўжо дзеці карагодзяцца ў вальсе, акрамя Калістратавай Лізкі. Няма Лізцы пары. Не хапіла ёй хлопчыка, не нарадзіла вёска ёй хлопчыка. Не шанцуе Лізцы, і Зулька злавіла яе ў сваім гародчыку, і мянушку яна ўжо атрымала за сваё няўдальства: Цюльпанчык. Сапраўдны Цюльпанчык. Маленькая, у бацьку, Калістрата, ціхенькая, непрыкметная, як і маці яе, сарамлівая, а твар, рукі — белыя-белыя, што мармур, гладкаскурыя, быццам і не ў вёсцы нарадзілася і расла, як той цюльпанчык. Што з табой будзе, Цюльпанчык, праз пяць-шэсць гадоў. Вёску ты мо і не пакінеш, бацька нікуды не пусціць. Але хлопчыка ў вёсцы табе няма, няма табе пары. Ні адна хата не парупілася, каб знайсці для цябе хлопчыка. I мо здарыцца так, што ты кінешся ў белы свет як у капейку, шукаць яго насуперак бацькоўскай волі, як кінулася некалі Зулька. Паскакала ў Казахстан падымаць цалінныя землі. Падняла, цраз тры гады прыехала, прывезла дачку ў прыполе.