Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Кажуць, што яна мае непрыемны характар і ў паводзінах іншых часам адчувае агрэсіўнасьць, нават калі для гэтага няма ніякіх падставаў. Ня ведаю чаму, але калі я пра гэта пачуў, мне падалося, што яна мае рацыю. Ва ўсякім разе, заўтра Сьвятлану Алексіевіч будуць любіць і цаніць больш, чым учора. І хоць, праўда, не ў яе краіне, знойдуцца і такія, бо ідыётаў, параноікаў, літаратурных аналітыкаў і геастратэгаў ніколі не бракуе, хто ў прэміі для Алексіевіч будзе шукаць нейкія пазалітаратурныя прычыны і матывы. Я ўжо й цяпер іх чую, тут ня трэба вялікай фантазіі, як яны крычаць пра тое, што сёлетні Нобэль прысуджаны пад рэха вайны ва Ўкраіне. Але чаму тады ўшанаваная не Аксана Забужка, чаму ня Юры Андруховіч, бо ж яны ўкраінскія пісьменьнікі, або чаму ня нейкі апазыцыйны расейскі літаратар — і такія б лёгка знайшліся? Сьвятлану Алексіевіч з вайною ва Ўкраіне зьвяжа толькі той, хто ні пра тую вайну нічога ня ведае, ні саму Алексіевіч не чытаў.
Сьвятлана Алексіевіч у сваёй літаратурнай творчасьці сьведчыць пра паразу і страту. Пра што б яна ні пісала, з кім бы ні гаварыла, гэта яе дзьве неадступныя тэмы. Калі ў наступным годзе будзе адзначацца круглая, трыццатая гадавіна Чарнобыльскай катастрофы, магчыма, знойдзецца нехта, хто перакладзе і гэтую яе кнігу. Некалі ў Харватыі былі выдавецтвы, якія спаборнічалі за тое, каб першымі выкупіць правы і выдаць кнігу новага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі. Але тады былі іншыя выдаўцы і іншыя рэдактары. І так, было б несправядліва менавіта цяпер, у тры сорак, у той дзень, калі Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію, забыцца павіншаваць Наташу Мэдвэд, якая бездакорна адрэдагавала для выдавецтва Edicije Božičević гэтую кнігу, не замінаючы калегу-перакладчыку ў нюансах. Калі б не яна, Сьвятлана Алексіевіч так і засталася б для нашага чытача абсалютна ананімнай. Важна, што так ня здарылася і што мы яшчэ на маленькі крок наблізіліся да Эўропы.
11 кастрычніка 2015
Лявон Вольскі, Менск
«На выбары, ўпярод, беларусЫ! І не забудзьце прычасаць усы»... «Выбары ў параўнаньні з Нобэлем — дробная фікцыя, Саўка, ня болей» — спрачаюцца музычныя героі Лявона Вольскага.
Саўка:
На выбары, друзья, ўпярод і зь песьней!
Чэм дальшэ, цем всё будзет інцерэсьней.
Но ў меру інцерэсна — ўсё культурна -
Сто грам на грудзь, і бюлецені ў урны.
Я сам быў прэдседацелем кагда-та.
Студзенты галасуюць так, как нада,
А такжэ людзі із госапарата.
Как нада галасуюць і салдаты.
Грышка:
Гэта мышыная ўсё валтузьня,
Бо Алексіевіч Нобэля ўзяла.
Выбары ў параўнаньні з Нобэлем —
Дробная фікцыя, Саўка, ня болей.
Саўка:
Якога, Грышка, Нобеля, аксьцісь ты!
Как нада галасуюць і арцісты.
Ані ужэ праехалі па сёлам
З шоў агітацыонным, но вясёлым.
Ані ўсім аб’ясьнілі харашэнька,
Што прэзідзентам будзет... самы сільны,
Дастойны самы, самы лучшы, мудры...
Сто грам на грудзь, і бюлецені ў урны!
Грышка:
Выбары — дзея трэцяга пляну,
Калі параўнаць з трыюмфам Сьвятланы.
Усім надакучылі вашыя фішкі,
Дробныя, шэрыя гора-людзішкі.
Саўка:
Друзья, прашу, ня слушайце убогіх!
І, есьлі нада, талханіце ў бок іх.
На выбары, ўпярод, беларусЫ!
І не забудзьце прычасаць усы.
Грышка:
Я пастаянна галасаваў,
Пасьля чаго быў поўны завал.
Дык вось цяпер не пайду я і ўрэшце,
Хочацца верыць, зьменіцца нешта.
24 кастрычніка 2015
Валянцін Жданко, Менск
З агляду лістоў на Свабоду «Паштовая скрынка 111».
... Адна з найбольш адметных і радасных для Беларусі падзей апошняга часу — прысуджэньне літаратурнага Нобэля Сьвятлане Алексіевіч. Першая ў нацыянальнай гісторыі Нобэлеўская прэмія — падстава для гонару краіны. Беларускія ўлады, аднак, адрэагавалі на падзею больш чым стрымана. Прычына зразумелая: Сьвятлану Алексіевіч ніяк не залічыш у прыхільнікі Лукашэнкавай палітыкі. З падазрэньнем паставіліся да трыюмфу беларускай пісьменьніцы і некаторыя нашы слухачы. У прыватнасьці, вось што піша Барыс Руцько зь Менску:
«Прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч — гэта пачатак ажыцьцяўленьня адмысловага пляну супраць Беларусі, мэта якога — стварэньне хаосу дзеля таго, каб зрынуць Лукашэнку. Асабіста я чакаю, што Алексіевіч неўзабаве стане лідэрам беларускай апазыцыі, а потым — і кандыдатам у прэзыдэнты ад гэтай апазыцыі. Прычым, хутчэй за ўсё, не празь пяць гадоў, а гады праз два-тры.