Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Вельмі чакаю ўспамінаў, іх усе, усе друкаваць неабходна! Тое, чаго мне бракуе ў іх, поўнасцю дапаўняюць “Нарач” і ўся насычаная болем, змаганнем і каханнем да зямлі нашай Ваша тагачасная і сучасная творчасць! Не маглі ж Вы быць такім, як я Вас сабе намалявала. Вы цікавы сам па сабе, а я ж – зусім другая, я – проста вясковая дзяўчына, некалі. Я трагічна, заўсягды – адна... У гэтых успамінах столькі роздуму, розуму і... дыпламацыі! Я ўсё памятаю! I тое, як слухаючы Вас, ген[эрал] Жэлігоўскі адкрыў Амерыку, што т. зв. “хамы” маюць сваю, зусім сваю культуру! Прытым вялікую! Яна біла фантанам з “Нарачы”, а тую “Нарач” Вы ледзь закранулі ва ўспамінах! Як жа тактоўна, дыпламатычна – аб сабраццях па пяру... Я з нецярпеннем чакаю працягу. Я аналізую сябе. Я крыху зайздросная за Вас, бо ўсе маюць свае велічыні і могуць весела аб сабе думаць і клапаціцца, а мы маем мала такіх, як Вы, і Вы – наш! Я так думаю.
Я не магу быць інакшай, чымсьці я ёсць! Я куды болей думаю аб Вашых успамінах, чымсьці аб сваіх вершах, я ўжо адвыкла зусім друкавацца, і мне здаецца, што гэта – фантазія! Вы ўжо мне зрабілі многа добрага, я і ад гэтага адвыкла ў жыцці, мне часамі не верыцца... З жахам адкрываю ў сабе матэрыяльныя зацікаўленні. Міхаську – шубку, нагавічкі цёплыя, Юру – кашулю капронавую, каб мог, як казаў мне, сам пад кранам яе вымыць, не просячы жонкі... Мужу – кнігі, Алесіку – мядзведзя вялікага, а сваім суседзям – 100 грам! Яны ўжо чакаюць на гэта, язык высалапіўшы! Я жартую, безумоўна, але не зусім жартую, я змянілася?
Не магу вытрымаць з цікавасці: што там вельмі няздатна начоўп наш вечны партызан? Ведаю адно, што намеры ў яго заўсягды добрыя, ручаюся! Урэшце, клопаты – гэта жыццё, калектыўныя клопаты – рух! Цешуся, што Вы адведалі свайго тату. Што казалі лекары? Чаму ён сумны? Шкада, недзе, яму поля, бору і Нарачы... Вы добра яго знаеце? Я так хацела б чуць, як яны калісьці вылічвалі, калі якое свята… Гэта так важна, ад гэтага мяняецца пагода і крыху жыццё. Хочацца, каб пажыў хоць лежачы, дачакаўся вясны яшчэ раз, можа, гэтая будзе – найпрыгажэйшая...
Дзякую шчыра Захару Пятровічу [Матузаву] за прывітанне і цешуся, што ён пра мяне не забыўся. Я ж і з ім гутарыла па-беларуску! Шчыра вітаю Любоў Андрэеўну, дзякую ёй і ўсім за прывітанні! З новых думак:
Пішу Вам толькі кароткія [вершы], каб Вас не нудзіць лішне. Наш “глаў” змяніўся! Здаецца, не знайшоў больш магчымасці ўкусіць, не магу верыць, што з яго атрымаецца чалавек... А можа? Гыркае яшчэ толькі Зеўс – бухгалтар, але не кусае, хоць відно, што апетыт ёсць... Пакуль усё добра: грып, хворых многа, справаздачы зданыя, і муж пачынае папраўляцца! Шчыра Вам за гэта ўсё дзякую!
Кладу кусочак ліста ад п. К., каб крышачку мяне зразумелі... Пішучы, яго прышлеце назад. Ці пазбавіліся грыпа? Як Ваш малы ўнучак? Жадаю Вам усяго добрага.
З вялікай пашанай да Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 20 лютага 1967 г.
Максім Танк!
Вельмі добра, што Вы ёсць на свеце. Я зусім не хвалю Вас, гэта я перабіраю ў думках маё жыццё, і жудасна мне ад зла людскога... Я так баюся, каб Вы не сталіся інакшым! Людзям так трэба ціхай, непрыкметнай і пэўнай, як скала, дабраты. У мяне нейкі голад той дабраты. Смешна, але ў жыцці маім кожны хацеў ад мяне помачы і сілы. Бесканечна. Я крыху змучылася, і мне здаецца часам, што Вы — нерэальнасць.
Ці Вы мяне разумееце? Муж на дзяжурстве. Позна ўжо і вельмі ціха. «Полымя» яшчэ няма ў Зэльве. З Вашага ліста дыхнула нейкай палёгкай, што яно выйшла. Мне не верыцца крыху, але я моўчкі цешуся. Мне хочацца толькі пісаць лепш! Калеснік сказаў некалі, што вершы мае вельмі наіўныя, і гэта засела мне ў голаву. Калі вярнуся, дык крыху напішу прозы.
Ізноў аб Вас. Я з Вамі гутару, як з Міхаськай. Ходзіць тут не аб узроўні гутаркі, але аб яе чысціні, першапачатковай беззаганнасці нейкай. Будзьце заўсягды такі, Максім Танк, я баюся, што прачнуся некалі, і Вы станеце такі, як усе людзі... Але не! Мы з Вамі – вязні ў мінулым, якія мелі столькі дзён і начэй, каб пазнаваць, ацэньваць явішчы жыцця і думаць. Я заўсягды сеяла сілу і вытрываласць, барацьбу і змаганне, але вечна жыла ўва мне і гэтая другая душа, не, не слабая, толькі жаночая.