Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Я цяпер нічога не пішу – я проста вышываю... Муж мой таксама чакае “Полымя”, вельмі чакае. Ці бачылі, як пераводзяць Вашыя вершы з “Перапіскі з зямлёй”? Вельмі цікавая Ваша фатагр[афія] ў “Лит[ературной] России”, Вы там – як Цэзар! Сяння я прачытала, што Пётр I забараніў сваім сенатарам, выступаючы, чытаць прамову з паперы: “Дабы дурость каждого видна была”... Гэта вельмі на Пятра падобна!
Мне робіцца жаль, што Вы так занятыя працаю і не маеце магчымасці болей чулай, неабходнай увагі аддаваць паэзіі, цяпер я Вас зусім разумею. Думаю, што ў Вас усё, усё добра. Не нервуйцеся толькі, дайце справам жыцця крыху самім улажыцца так, як гэта ім належыць...
Калі б ад Зэльвы да Пількаўшчыны было можна заехаць саначкамі на дзень, я б паехала праз снежныя сумёты і ахвотна пабыла б з Вашай мамаю, але гэта аж за Нараччу... Муж мой крыху паправіўся, ачуняў, я вельмі, вельмі рада! Ён шле Вам свае прывітанні.
Застаюся з вялікай пашанай да Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 20 студзеня 1967 г.
Даражэнькія!
Спадзяюся, што Вы ўжо разам са сваёй здаровай, мілай жоначкай, і ўсе Вашыя клопаты кончыліся. Радзікуліт – гэта не смяртэльная справа, трэба толькі трымаць ногі ў цяпле і нервы ў спакоі. Сцэражэце спакой адзін другога, бо трэба быць здаровымі і паўнацэннымі, асабліва нам.
Што да нашых справаў, дык мы крыху паправіліся. Праўда, муж – cухі па-ранейшаму, хоць і есць добра. Нервуецца, курыць – як той комін, не сціхаючы, вечна кашляе пры тым. Аб усіх далейшых справах не ведаю, што Вам і напісаць. Пашлю Вам лепш кусочак ліста майго друга Міколачкі П[рашковіча] – судзеце самі. Ліст адашлеце мне! Ён за гэта на мяне не загневаецца, бо, бывае, і сам ён у асяроддззі найлепшых сяброў так робіць з маімі лістамі, і я яму гэта дазваляю.
За сваю “Літаратурную Гродзеншчыну” будзьце спакойныя! Калі выкінуць нас на гэты раз, мы “прарасцем” ізноў, бо мы ж – на нашай зямлі! Горай з сябрам Аляксеем… Мне яго шчыра жаль… Вельмі легкадумна паступаюць з ім, з альбомам, з Данутай ды з намі ўсімі! Так нельга! Бачылі ж, што бралі да друку! Ды і сам Карпюк – стары камуніст, барацьбіт, і нейкай непатрэбшчыны даваць у альбом не будзе! Не будавалі ж князі ці графы, а рукі нашага народу тварылі паэзію з каменняў. Дык можа, і глядзець нельга на будыніны, якія стаяць не ад сяння? Аб ідэалёгіі – гэта проста сярэдневяковая сафістыка. Не зменіцца значанне 50-гадовага строю дзеля харошых абразкоў беларускага Гродна! Мусіць, тая беларускасць і муляе, адным гэта “не нравится”, другім – “nie podoba sia”, а трэція (упэўнена, што іх – меншасць!) не маюць дастаткова сумлення і інтэлігенцыі, каб бараніць перад чужымі капрызамі свае народныя вартасці!
І калі не надрукуюць маю кнігу дзеля гэтых самых “прынцыпаў”, – алах іх бяры! Я на сваёй зямлі, я “прарасту”! Калі б убачылі сябра Аляксея [Карпюка], скажэце яму, што калі не выратуе альбому – я захварэю са злосці! Данусі я сама напісала, што думаю. Я фактычна супраць такога: “…І жменю лёну, каб прыкрыць чым сорам”. Была ў нас бяда, але нагаты – я не бачыла! Вельмі руплівыя, гаспадарныя, таленавітыя нашыя жанчыны каб некалі да гэтага дапусцілі?! Мы былі босыя, зрэбныя, але наконт таго “сораму” – сто раз прыкрытыя і скромныя, як манахі!
І Валодзі напісала, што яго ранейшыя творы мне болей падабаюцца. Ён мне “Нёман” прыслаў, а я яму – такое… Я, мусіць, злая вельмі, ну але я такая ёсць. Перадайце сваёй жоначцы прывітанні і пажаданні добрага здароўя. Цалуйце дачушку. Вітайце маіх літаратурных сяброў, асабліва сябра Карпюка.
Лісты мае і да мяне часта цяпер гінуць, таму пішэце, ці атрымалі гэтага. Скажэце Аляксею Нікіфаравічу, няхай звернецца да разумных людзей у ЦК! Яны часта памагаюць.
Бывайце! Пішэце! Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 7 лютага 1967 г.
Максім Танк!
Сяння лістаноша прынесла ліста ад Юры, у якім быў толькі вызаў (!) ад жанчыны, якую ён вылечыў і якая вельмі перажывае і яго нездароўе, і адносіны, якія склаліся ў яго дома. Болей, мне сказалі, лістоў няма... Вечарам я ўзяла газету і, калі разгарнула яе, – выпаў ліст... Гэта быў ліст ад Вас, тонкі, як лязо брытвы, і таму непрыкметны адразу. Муж ужо схадзіў у міліцыю, і яму сказалі: ніякіх выездаў – яшчур! Што рабіць, Максім Танк? Я знаю, што Вы мне паможаце, але як і каму даць вызаў, калі яны не хочуць яго браць? Трэба паехаць, бо шкада сына, шкада да болю, і трэба вярнуцца хутчэй, бо што будзе з мужам?
Я крыху перажываю Ваш адыход з “Полымя”. Часопіс якасны, вартасны і выглядае цяпер, як “Новый мир”! Усё радуе. Я баюся, што ўсё гэта залежыць, у велькай меры, ад галоўнага рэдактара. Ці не найлепей было б на Ваша месца паставіць некага, хто з Вамі працаваў? Спадзяюся, што нейкая змена ў Вас ужо гадуецца, зарысоўваецца, больш-менш дастойная Вас.