Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Перадайце прывітанні ад мяне Клімовічам. Вельмі хачу прыехаць у Вільню, але пачакаўшы, як выйдзе мая кніжка. Муж мой працуе адзін і на адной стаўцы, так што не вельмі і паедзеш куды. Крыху спяшаюся, заўтра ў нас вялікае свята. Бывайце!
З пашанай да Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 21 жніўня 1967 г.
Даражэнькія!
Даруйце мне, калі ласка, што позна адказваю Вам на Вашага харошага ліста. Было ў нас увесь гэты час многа гасцей. Цяпер памалу ўсе яны раз’ехаліся, на дварэ – дождж, ужо вечар, і я Вам пішу. Днём насіла ў хату памідоры, выбрала цыбулю, зварыла абед, бо мой муж вельмі любіць добры догляд. Сяджу цяпер, адпачываюць ногі, якія мне заўсёды баляць пасля зняволення.
Думаю аб чалавеку, ліста якога з 1916 г. Вы мне працытавалі. Ведаю, быў гэта Ваш муж, так мне сказалі мае сябры. Як жа праўдзіва ён прадбачыў будучыню, і як жа цяжка мусяла быць Вам некалі пасля ягонай смерці…
У Вільню мне выбрацца цяжка. Смешна, але я сама баюся ехаць далёка ад хаты, мучуся вельмі ў дарозе і наагул не прывыкла падаражаваць. Вас вельмі хачу бачыць і пры першай нагодзе пастараюся гэта зрабіць. Нечаму не піша мне Клімовіч, можа, загневаўся? Але на гэта не было прычыны. Перада мною цяжкі ліст з Менска. Вы, напэўна, чыталі аб смерці Б. Лапава ў “ЛіМе”. Гэта быў, як пішуць сябры, вельмі стойкі і добры беларус. Калі памёр, дык рэктар не дазволіў паставіць яго труну ў педінстытуце, казаў, што экзамены, але былі яны толькі ў адной часці гэтага будынку. Пасля казаў, што Б. Лапаў памёр ад гарэлкі. Яму паказалі экспертызу, што сведчыла супроць – памёр ад інфаркту (пасля Алексютовіча…). Не дазволіў усё роўна, і труп стаяў на вуліцы Менска, бо вузкія сходы, і труна не прайшла б у хату… Каля 40 асоб нашых прафесараў і кандыдатаў навук і некаторыя пісьменнікі звярнуліся да тав. Машэрава, каб зняў тую нялюдскую, негуманную гадзіну з пасады рэктара. Такому я б і свіней не даверыла, не толькі моладзь. Сябры чакаюць, які будзе рэзультат.
Вельмі ўрачыста святкавалі Скарынінскія дні, толькі не было на святкаванні нечаму прадстаўнікоў ад братоў-украінцаў. Было гэта дзіўна.
Ці не маглі б Вы некалі выбрацца да нас? Напішэце мне аб гэтым, калі ласка, я пастараюся так усё прышыкаваць, каб Вы змаглі пабыць у нас даўжэй. А можа, Вы гэта зробіце зімою? Напішэце, калі выгадней для Вас.
Да нас некалі абяцала прыехаць Паўлінка Мядзёлка, але пасля перастала нам нават пісаць. Вельмі дзіўная яна асоба. Мой муж вельмі добра знаў у Празе Тамаша Грыба, а я прыехала ў Прагу якраз у час яго хваробы, была на крэмацыі, часта пасля сустракалася з яго імем, шляхотным і чэсным. Бедная Паўлінка М. не ведае, як ад яго адхрысціцца, як ад прывіда… Не разумею яе, чаго баяцца мінулага? Гэта ж не мае адносінаў да яе камуністычных перакананняў. Смерць Тамаша Г. іх не кранае. Я крыху шкадую, што аб гэтым усім ёй напісала. Відавочна, я ёй замуціла спакой.
Ніхто нічога не піша мне з Польшчы – ні дзеці, ні сябры. Нават не ведаю, які стан здароўя сябра Ластаўкі? Сяння і яму напішу. Захаладала ў нас, і мне стала лягчэй. Пасля доўгага прабывання на Поўначы я пагана пераношу жару.
Пішуць сябры, што кніга мая “Невадам з Нёмана” крыху спозніцца з той прычыны, што многа і тэрмінова друкуюць цяпер падручнікі. Не ведаю ўжо, якой яна атрымаецца. Муж мой мае ўжо 65 год, яму цяжка працаваць, ён усё не на пенсіі, бо 8 з паловай гадоў зняволення нам так і не залічылі. Усё дапрацоўвае. Жаль мне на яго глядзець, увесь час я на ягоным утрыманні.
Сын наш у Польшчы, яго вывезлі туды, калі нас выдалі чэхі ў СССР, яму было тады 12 гадоў. Ён выжыў, скончыў нават Медыцынскую акадэмію, але здароўя, спакою і жыцця няма ў яго… Усё гэта за грахі маці, за Беларусь…
Не, не варта аб гэтым… Надта цяжка ўсё ўспамінаць. Ёсць у нас унукі, харошыя хлапчаняты – Міхаська і Алесік. Можа, Бог дазволіць, і яны будуць жыць шчаслівей і вальней, чымсці мы. Была ў нас цікавая жанчына – украінская паэтэса Оксана Сенатовіч. Прыязджала з Данутай Бічэль. Так і пілі віно тры паэтэсы за шырокім сталом нашай старэнькай хаты. Гутарылі і гутарылі, успаміналі ўсё.
Дзве нядзелі быў у нас с. Прашковіч. Я вельмі хачу, каб Вы дазволілі яму зайсці да Вас, калі ён будзе ў Вільні, гэта сардэчны, харошы вельмі чалавек. Нічога пакуль што не пішацца, бо надта многа хатняй работы, а жаль – час уцякае, і так нямнога жыцця яшчэ нам засталося.