Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Усяго Вам добрага! Прывітанні ад мужа. Застаюся з пашанай – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 14 студзеня 1967 г.
Максім Танк!
Спадзяюся, што Вашаму тату лягчэй у больніцы. Дадуць яму лякарствы, адыдзе непатрэбная вадкасць з арганізму, спадзе пухліна з ног, і – зноў лепей будзе працаваць сэрца. Спадзяюся, бо вельмі хачу, каб ён яшчэ пажыў... Прынёс мне ўчора муж кніжку – “Максім Танк у школе”, вось там я і пазнаёмілася з Вашымі бацькамі, сялібаю. Я не дзіўлюся Вашай маме, што яна не хоча ехаць у Мінск. I Вы гэта разумееце, вазьміце свой верш “Пасля вайны”... Па-мойму, нягледзячы на ўсе паседжанні, Вы часцей павінныя быць цяпер ля яго, каб ніколі не адчувалі папроку ў сваім сэрцы, што далі замала тым, якія Вам аддалі ўсё.
Безумоўна, не трэба мне Вам напамінаць, каб былі бадзёрымі і вясёлымі мыслі пры хворым, ды і наагул! Калі б і надыйшоў час разлучыцца, то і гэта трэба ўспрыняць спакойна, проста – гаспадар застаецца на полі... Толькі не пераймайцеся ж лішне, не думайце аб гэтым многа. Жаль, што я не магу Вам хоць крыху памагчы. Дзякую Вам сардэчна, што, маючы такое гора, знайшлі хвіліначку часу, каб ім падзяліцца...
Мая вялікая просьба да Вас – каб глядзелі сябе, і глядзелі добра! Акрамя ўсяго іншага, Вы вельмі патрэбныя на свеце, Максім Танк! А мне здавалася, што Вы сярод людзей і вясёлых навагодніх уражанняў... Мая дваюрадная сястра таксама папала ў аўтамабільную катастрофу. Папраўляецца, аднак, хутка, з радасці, што дастала ордэн Леніна. I таксама я думала – як ёй весела на Новы год...
Што да канфліктаў, дык хто іх арганізуе? I скажаце ж Вы... З гэтым чалавекам я апошні раз гутарыла, калі несла Вам на пошту сваё SOS... Але вось сяння стукатам-грукатам у дзверы падняла мяне з пасцелі яго жонка. Ёй трэба былі бляхі – пячы цяляціну. Злезла з пасцелі, дастала бляхі, пачаставала цесткамі і хлопцу нешта яшчэ дала з ёлкі... Вось і канфлікты Вам. А на рабоце ў мужа ідзе па-свойму... Ну, цяпер спакайней, далі кабінет – маленькі і цёплы. Ходзіць аб адным – каб далі спакойна чалавеку жыць і працаваць.
Трудна хацець ад Івана Пятровіча нейкіх галосных працоўных подзвігаў у 65 лет жыцця, але сумленна і нармальна ён працуе ўсё сваё жыццё! Чалавек ён вельмі чэсны. I калі б ізноў з яго “дзерлі скуру”, то канфлікты будуць! Калісьці гэты чалавек вельмі хацеў, каб я зноў вярнулася працаваць у больніцу. Я не вярнулася – вось мой адзіны канфлікт. Я не магу Вам пісаць усяго, бо шкадую Вашага часу, напэўна, болей, чымсьці свайго спакою...
Між іншым, прыгадала сабе з часоў маёй работы ў больніцы: у мяне ёсць адно знаёмства ў выдавецтве! Нехта тав. Матузаў. Аднойчы яны разбіліся з машынай каля Зэльвы. Прывезлі і ўнеслі на насілках параненых і ледзь жывых. Тав. Матузаў, цэлы, акрываўлены, адно толькі казаў: “Мой партийный билет...” Усё было ў парадку з білетам – горай было з касцяком! Памятаю, пытаўся ў мяне, чаму я ўсё найболей клапачуся ля аднаго хворага... Гэтага хворага даверыў мне хірург. Ён быў апераваны на рака страўніка... Я ж яго адкарміла, каб бачылі! Я не знаю, што з ім, я баялася нават цікавіцца гэтым, бо ведала, што яму доўга жыць не давядзецца...
Матузаў быў надзвычайна церпялівы і тактоўны хворы. Асталося ў мяне аб ім вельмі добрае ўражанне. Калі б ён мяне яшчэ памятаў, дык быў бы яшчэ адзін знаёмы сябра ў выдавецтве! Што да верша “Сусед”, дык я адразу ведала, што ён дрэнны, і была вельмі злосная на сябе, што Вам яго паслала. Паслала толькі таму, што вось такая рыса вельмі характэрная для маіх землякоў... Іх дабрата і шчодрасць, пры ўсёй іх часам беднаце, захапляюць мяне. Я пазнала чэхаў і іншыя народы, але найболей праўды і любасці знаходжу ў сваім! Цывілізацыя – не заўсягды культура!..
Пісаў пару слоў Валодзя [Караткевіч]. Ён не гневаецца, але вось цяпер можа загневацца! Ён прыслаў нам “Нёман”... Я да гэтага ўжо прачытала ягонага “Хрыста”. Я не магла напісаць Уладзіміру, што ён мне падабаецца. Я яму толькі напісала, што “Хрыстос” меней мне падабаецца, чымсьці ягонае “Нельга забыць” ці “Каласы пад сярпом тваім”... Я знаю, што гэта прыкра і Валодзі, і ягонай харошай маме... Ці я магла б ведаць Вашую думку аб гэтым творы? Я яго яшчэ раз буду чытаць, бо, можа, я не зразумела твор? Можа, на гэта мелі ўплыў скарочанні цэнзуры? Там ёсць захапляючыя сцэны і вобразы, але вось цэласць да мяне не дайшла, не захапіла мяне... Мне было б прыкра, калі б па сваёй абмежаванасці я хоць крышачку абразіла яго твор...