Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Год: 2015
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- ISBN: 978-0-929849-78-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Краткое содержание книги:
У кнізе сабраныя матэрыялы, якія больш чым два дзесяцігодзьдзі гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.
У кнізе скарыстаныя фатaздымкі Ўладзя Грыдзіна, Багдана Арлова, Аляксандры Дынько, AFP.
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015
Гэта вельмі эўрапейскі, а разам з тым і вельмі асаблівы выбар. Як тады, калі быў узнагароджаны вялікі баўгарын, габрэй, аўстрыец, нямецкамоўны пісьменьнік Эліяс Канэці, або калі трыма гадамі раней, у 1978 годзе, прэмію атрымаў Іцхак Башэвіс Зынгер, які пісаў на адной эўрапейскай мове, што зьнікла з дымам нацыстоўскіх крэматорыяў, або калі ў 1961 годзе быў ушанаваны вялікі югаслаўскі (нашчадкамі якога лічаць сябе сэрбы і сёй-той басьнійскі харват...) апавядальнік і раманіст Іва Андрыч, які стварыў літаратурную гісторыю пра малую і закінутую эўрапейскую краіну Босьнію і які ў эўрапейскую літаратурную сьвядомасьць вярнуў атаманскую Турцыю як яе складовую частку; ды ўрэшце такім самым, вельмі асаблівым нобэлеўскім выбарам быў і сам Архан Памук, які вярнуў эўрапейскай літаратуры вялікую гісторыю пра горад і гарадзкі характар нашай цывілізацыі.
Так, і да Сьвятланы Алексіевіч былі набэлісты з Усходняй Эўропы, але не з такой закінутай, прыніжанай і маргіналізаванай краіны, як Беларусь, і ня ў тым часе, калі Ўсходняя Эўропа раптам перастала быць тэмай эўрапейскіх дэмакратычных і літаратурных абмеркаваньняў, пасьля таго, як ёй падманам замест абяцанай свабоды падсунулі банальныя макдональдсаўскія забягалаўкі. Былі і раней усходнеславянскія набэлісты, але пасьля Аляксандра Салжаніцына ў 1970 годзе не было таго або той, хто б сваім словам сьведчыў пра жахлівы стан свайго сьвету. Тым часам як Салжаніцын сьведчыў пра краіну Гулагу, лягераў і бясконцага прыніжэньня, якое зазнае першая асоба адзіночнага ліку, Сьвятлана Алексіевіч сьведчыць пра нешта яшчэ горшае і страшнейшае: сьведчыць пра паразу свабоды і пра страту апошніх ілюзіяў наконт самой магчымасьці свабоды. Можа, яна магчымая для нейкага будучага пакаленьня, таго, якое яшчэ не пачало нараджацца, але для нас, жывых, яе ўжо ніколі ня будзе — мы, жывыя сьведкі камунізму і вязьні посткамуністычнага сьвету, свабоды ўжо не пабачым. Ці ня ёсьць перабольшаньнем і гэтая першая асоба множнага ліку, і зьмяшчэньне нас, тутэйшых, у алексіевіцкую постсавецкую і постбрэжнеўскую парадыгму? На жаль, не. І хоць наша колішняя будзёншчына непараўнальная з будзёншчынай працоўных людзей і грамадзянаў у краінах рэальнага сацыялізму, нашы посткамуністычныя нягоды ніколькі ня розьняцца. Паміж Харватыяй і Беларусьсю або Харватыяй і Расеяй розьніца толькі ў нюансах, ну і вядома, у памерах.
Сьвятлана Алексіевіч — сама па сабе літаратурная велічыня, бо яе сукупная жыцьцёвая творчасьць сьведчыць пра нашу эпоху так, як можа сьведчыць толькі літаратура.
Выбар Сьвятланы Алексіевіч у нечым належыць да выключэньняў: яна ня піша вершаў, раманаў і апавяданьняў. Не займаецца мастацкім выдумваньнем, гэта пярэчыць ня толькі яе пісьменьніцкім стратэгіям, але і яе маралі. Яна забараніла сама сабе нешта прыдумляць. Сьвятлана Алексіевіч насамрэч журналістка, але няма нічога скандальнага або нязвыклага — хоць сярод харватаў знайшліся б і зьдзіўленыя, і раззлаваныя — у тым, што ёй прысуджана Нобэлеўская прэмія. Гаворка тут не пра агульнавядомы факт, які прынагодна схільныя пахваліць і тутэйшыя людзі, што журналістыка часам набывае літаратурную каштоўнасьць і што ня мусіць быць розьніцы паміж добрым стылем у журналістыцы і добрым бэлетрыстычным стылем; Сьвятлана Алексіевіч — сама па сабе літаратурная велічыня, бо яе сукупная жыцьцёвая творчасьць сьведчыць пра нашу эпоху так, як можа сьведчыць толькі літаратура.
Дзякуючы выдавецтву Edicije Božičević і ў нас, амаль нечакана, два гады таму выйшла яе кніга «Час second-hand» з падзагалоўкам «Канец чырвонага чалавека» (пераклаў Фікрэт Цацан), зь дзясяткамі сьведчаньняў пра распад Савецкага Саюзу. Што здараецца, калі найбольшая імпэрыя сьвету, дзе ніколі не заходзіць сонца і чые гаспадары амаль паўстагодзьдзя валодаюць большай часткай плянэты, абрынецца на галовы сваіх падданых? Алексіевіцкія гісторыі, без адзінага выключэньня, інтымныя і прыватныя. Яна бярэ інтэрвію ў звычайных, зможаных людзей, дае ім выгаварыцца, падштурхоўвае іх да таго, каб яны казалі і тое, у чым яны да Суднага дня не прызналіся б ні сабе, ні іншым, і перадае іх споведзі як драматычныя маналёгі, зь якіх нейкім дзіўным чынам прабіваецца шматвяковы літаратурны досьвед, ад Антыгоны да Шэксьпіра і да Дастаеўскага, так што чытач на імгненьне і ня ведае, што ён насамрэч чытае і якая тут роля самой Сьвятланы Алексіевіч. Яна ня робіць высноваў, не гаворыць, маўчыць, яе голасу ў гэтай кнізе няма.