Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
……………………………………………………………
…Нам неяк здавалася, што падзеі і жыцці Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага адбыліся даўно, і іх пачала пакрываць ужо смуга даўніны. Але дзіўная рэч – чым далей мы аддаляемся ад іх, тым настойлівей яны набліжаюцца да нас, стукаюцца ў нашы сэрцы, і мы тады гаворым сабе: “Божа! Дык, аказваецца, тое ўсё здарылася зусім нядаўна – яно адбылося ўчора ці заўчора…”
Яны стварылі для нас, нашчадкаў, насычаныя глыбокім сэнсам і зместам старонкі гісторыі, і з кожным годам, стагоддзем яны будуць набываць усё большую і большую вагу і значымасць, узбуджаючы розумы ліцьвінаў сваёй апантанасцю, упэўненасцю, магутнасцю і святой верай у тое, што той край, за які яны змагаліся, ахвяравалі сваім жыццём, – урэшце рэшт стане вольным і шчаслівым...
Якія старонкі пакінем мы з вамі?
Ці любім мы па-сапраўднаму сваю радзіму, ці не застанемся вінаватымі перад нашымі нашчадкамі, ці ўсё зрабілі для таго, каб быць дастойнымі сынамі паўстанцаў – касінераў і інсургентаў?
“Не заставайцеся вінаватымі нікому і нічым, акрамя ўзаемнай любові; таму што той, хто любіць другога, выканаў закон” – вучыць святы апостал Павал у пасланні да рымлянаў (13:8). – Той закон, які сведчыць і патрабуе – любі бліжняга свайго, як самога сябе. Любоў ці каханне не робіць бліжняму зла; бо каханне і ёсць выкананне закона”.
Калі я прыходжу ў лес ці то ў Польшчы, ці то ў Беларусі, бачацца мне начныя кастры неўздалёк ад Нёмана ці Прыпяці; каля іх грэюцца і сушаць сваю амуніцыю інсургенты.
Яны не здзіўляюцца, калі падсаджваюся да іх, выстаўляю растапыраныя пальцы да агню, нават і не паглядаюць у мой бок, хаця бачаць мяне.
Для іх я амаль свой чалавек.
Мне ж вядома, каля якога кастра сядзяць “Тапор” і Пацябня, Серакоўскі і Дамброўскі, Далеўскі і Ражанскі…
– А дзе ж Кастусь? – пытаюся кожны раз пра адно і тое ж.
– Адлучыўся, хутка будзе.
– А хіба ён не загінуў?
– Хто табе пра тое наплёў? Ён жывы, жывы, і ніколі не памрэ. Ён прыйдзе да нас. Вінцэнт Канстанцін Сямёнавіч Каліноўскі проста чакае свайго часу, а мы чакаем яго. І ён, той час, абавязкова наступіць.
І я шчыра верыў у тое.
Заўсёды пакідаў лагер інсургентаў на досвітку, калі на начным небе дагаралі буйныя зоркі Валацужнага Шляху, таго шляху, якім пайшоў Воляй Абраны правадыр паўстання ў Несмяротнасць.
1999 – 2011
Вільня, Варшава, Масква, Піцер, Бярэсце, Гародня, Лондан, Парыж, Магілёў…
Замест рэцэнзіі, анатацыі і крытычнага аналізу
альбо мой погляд на тэму: “Кастусь Каліноўскі: чалавек і герой, адраджэнне беларускага народа, прадбачная параза паўстання”.
Аўтар рамана “Воляй абраны” Анатоль Бароўскі звярнуўся да мяне з просьбай: прачытаць і даць сваю крытычную ацэнку – як самому слыннаму герою Кастусю Каліноўскаму, так і таму супярэчліваму часу ў рэчышчы нацыянальнай ідэі і адраджэнню беларушчыны.
Адразу адзначу, што аўтар амаль правільна расставіў акцэнты ў гісторыі, паказаў сваё бачанне і адносіны да легендарнай постаці. Але я мушу не пагадзіцца з некаторымі момантамі выкладзенай пазіцыі як аўтара. Ці то наўмысна, ці то над ім свяціўся німб створанага папярэднікамі Асобы непахіснай духоўна і фізічна, якая не падлягае якому-небудзь перагляду і рэальнай ацэнцы яго дзейнасці, не ведаю. У нейкіх месцах былі спробы адысці ад ідэалізацыі кіраўніка паўстання 1863 года, але яны адбыліся мімаходзь.
Прызнаюся, раман мяне закрануў, і ад гэтага захацелася зрабіць і свой унёсак у гэтую тэму. А тэму падказаў сам аўтар: Кастусь Каліноўскі: Чалавек і Герой.
Пачну з выказванняў вядомага рэлігійнага дзеяча, слыннага прадстаўніка нашай роднай Беларусі Аляксандра Надсана. У сваім роздуме “Пра Боскае і людскае” пісаў: “Некаму, можа, будзе балюча развітацца з легендамі, але і праўду няма сэнсу хаваць. Гэта ўжо гісторыя, а яна павінна быць праўдзівая, каб у прышласці не паўтараць памылак”. Цалкам згодзен з ім.
Кастусь Каліноўскі – кіраўнік беларуска-польскага паўстання 1963 года супраць расейскага царызму. Даследуючы яго дзейнасць і ягонай постаці ў некаторых творах ён быў названы “заснавальнікам беларускага нацыяналізму”. Адзін з такіх прыхільнікаў сцвярджэння Янка (“Беларусь на гістарычных скрыжаваннях”) Запруднік.
Калі гаварыць пра літаратурную спадчыну Каліноўскага, то яна не вялікая – усяго толькі некалькі нумароў “Мужыцкай праўды” ды “Лісты з-пад шыбеніцы”, вершы, прысвечаныя сваёй нарачонай. Але яна, творчая спадчына, вымяраецца не аб’ёмам ці колькасцю твораў, а яе значнасцю і сілай. Для другой паловы ХІХ стагоддзя яго творы, напісаныя на нікому ў свеце невядомай “мужыцкай” мове, аказаліся з’явай незвычайнай, выбуховай і рэвалюцыйнай. Ніхто не асмеліўся аспрэчваць пазней таго факта, што менавіта толькі пасля паўстання Кастуся Каліноўскага ў сведамасці расейскай грамадскасці і нават ва ўсёй сусветнай супольнасці пачаў фармавацца погляд на Паўночна-Заходні край Расейскай імперыі ўжо не як на частку імперыі, а як на этнічную тэрыторыю пражывання новага няведамага дагэтуль народа – БЕЛАРУСАЎ.