Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
На працягу васьмі гадоў касцёл быў зачынены і апячатаны, а каталіцкая імша вялася ў драўлянай каплічцы, якая знаходзілася на тэрыторыі могілак. У 1840 годзе, згодна мноства хадайніцтвам мясцовых памешчыкаў і шляхты, імператар Мікалай І распарадзіўся вярнуць ім касцёл, які з таго часу стаў прыходскім. Пасля рамонту Юравіцкі храмавы комплекс яшчэ болей радаваў вока вернікаў. На самым высокім месцы гары, якая выглядала конусам, іезуіты ўзвялі велічны касцёл, у якім знаходзіўся цудатворны абраз Божай Маці.
У лістападзе 1861 года на каталіцкі прыход у Юравічы быў прызначаны ксёндз Яшчовіч. Ён правёў поўную рэвізію храмавых збудаванняў і папрасіў у Мінскай рымска-каталіцкай духоўнай кансісторыі на завяршэнне рамонту яшчэ 500 рублёў. Тых грошай настаяцель так і не атрымаў.
Ксёндз Гуга Гадзецкі, які замяніў яго, быў больш настойлівы, – яму кансісторыя вылучыла ў траўні 1862 года на канчатковы рамонт 343 рублі і 28,5 капеек. Гэтую суму ён выдаткаваў у тым жа годзе на самыя неадкладныя патрэбы і далажыў пра тое свайму духоўнаму кіраўніцтву, што “... акрамя тых пачынак усяго патрэбна для завяршэння працы Юравіцкага касцёла 2.254 рублі”. Аднак завяршыць рамонт храма апошняму ксяндзу не давялося – пачалося паўстанне 1863 года, што прывяло да канчатковай ліквідацыі Юравіцкага каталіцкага прыхода.
Улетку 1864 года Мінская праваслаўная епархія звярнулася да генерал-губернатара М. Мураўёва з хадайніцтвам аб закрыцці Юравіцкага касцёла ў сувязі з тым, што яго клір умешваецца ў справы праваслаўных. Генерал ад інфантэрыі зрабіў на гэты конт запыт ваеннаму начальніку Мазырскага і Рэчыцкага паветаў. Беларускія губерні на той час знаходзіліся на ваенным палажэнні. Правялі раследванне і далажылі, што “... юрыдычных фактаў аб тым, што ксяндзы прымалі ўдзел у паўстанні, няма, але плёткі прымушаюць сумнявацца ў іх палітычнай дабранадзейнасці”. Мураўёву-вешальніку тыя факты падаліся пераканаўчымі, і ён 11 лістапада 1864 года падпісаў распараджэнне аб закрыцці Юравіцкага касцёла ў сувязі з тым, што “...пад час нядаўніх беспарадкаў мясцовыя памешчыкі і шляхта спявалі рэвалюцыйныя песні, і акрамя таго, гэты касцёл... “весьма вреден для православия”.
І ўжо 27 лістапада для выканання гэтага распараджэння ў Юравічы прыбыў вайсковы атрад. Пра падзеі таго дня ў сваіх успамінах распавядаў ксёндз Сенчукоўскі:
“У Юравічах я сустрэў роту расейскіх жаўнераў, якія на працягу чатырох гадзінаў сякерамі секлі ў касцёле алтары, статуі дванаццаці апосталаў і арган... Ротай жаўнераў камандаваў ваенны начальнік павета маёр Сцефановіч — фанатык-паляк. І толькі для таго, каб паказаць сваю адданасць расейскаму цару, загадаў... нішчыць сякерамі алтары...”
Пасля такога вандалізма Сцефановіч звярнуўся здзекліва да каталіцкіх вернікаў са словамі:
– Ну і чаго вы дабіліся? Глядзіце, ваш касцёл адразу ператварыўся ў праваслаўны. Нават Маці Божая прыняла праваслаўе, а да гэтага была каталічкай. Таму і вы адразу ж прымайце праваслаўе. Такі загад і Мураўёва, і Расейскай Праваслаўнай Царквы!
Аднак вернікі-каталікі не выканалі яго загад, а праз дзень напісалі агульную скаргу на учынены ў іх храме пагром, чым нанеслі ім вялікую абразу. І не толькі ім, а і цудатворнаму абразу Божай Маці. Падпісалася больш як 150 вернікаў. Паставілі свае подпісы пад скаргай мяшчане і сяляне, а памешчыкі і шляхта ўстрымаліся.У выніку Юравіцкаму каталіцкаму прыходу ўсё ж дазволіі праводзіць імшу ў драўлянай капліцы пры могілках, але ўсё роўна праз нейкі час прыход канчаткова “упразднили”. Да слова сказаць, селяніна І.К. Луцэвіча, які збіраў подпісы пад лістом-скаргай, арыштавала паліцыя і дальнейшы яго лёс, на жаль, невядомы.
Той гвалт лішні раз даказваў, як прадстаўнікі праваслаўнай рэлігіі адносіліся да іншых канфесій, асабліва да каталіцызму. Яны бралі прыклад са свайго быццам бы прагрэсіўнага і неверуючага цара Пётры І, які разам з алкаголікам Меньшыкавым учыніў такі ж пагром у Сафійцы. Пазбавіў жыцця амаль усіх святароў-уніятаў храма. Як гэты факт ні стараліся замоўчваць расейскія савецкія ідэолагі і РПЦ, але ў памяці народа (як праваслаўных, так і каталікоў) ён застанецца адной з ганебных старонак, да якой спрычыніліся расейскія заваёўнікі.
Мо таму Гасподзь і наслаў на самадзержца невылечныя хваробы, што ён, не вытрымаўшы пакут, папрасіў сваю Кацьку даць яму атруты; як наслаў іх на цара Ірада; на таго ж расейскага першацара Івана Жахлівага, на Нерона і іншых праўцаў, якія палічылі сябе роўнымі Богу і што ім усё дазволена – чыніць пералюб, адбіраць у людзей жыццё, караць невінаватых, быць суддзёй і катам адначасова, ды яшчэ на свой лад пісаць гісторыю людства і дзяржавы...