Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Траўма, што адбылася са мной пад час другой службы ў савецкай арміі, напамінала пра сябе. Тады ж мы перавярнуліся з машынай, і я балюча ўдарыўся галавой аб столь крытага грузавіка. Пашкодзіў пазванок і адбылося страсенне мозгу. Беспрытомным быў каля сутак… Каля двух месяцаў праляжаў у шпіталі…
Пра тое я не расказваў Яніне. Сам не ведаў, чаму. Мо ад таго, што хацеў выглядаць здаровым і дужым – без фізічных комплексаў і адхіленняў. Мо і так… А калі дакладна, то не хацеў напамінаць лішні раз пра тую аварыю на дарозе. Бо толькі ад аднаго напамінку нешта адразу пачынала шпыраць у скроні, і я пачынаў адчуваць, як з-пад ног спрабавала ўцячы ад мяне зямля ці падлога, – і тады я пачынаў губляць пачуццё рэальнасці…
Не ведала, ці не разумела, ці не захацела зразумець мяне, стараючыся не абцяжарваць сваё жыццё непатрэбнымі клопатамі? Я ж не стараўся нешта зрабіць, нешта памяняць, перайначыць, каб усё стала на сваё месца, бо паміж намі не было ніколі ніякіх непаразуменняў… Тут ужо зноў была мая віна. Віна бязвольнасці. Я, выходзіць, сам сябе пакараў.
Але як можна было мяне разумець, калі я забываўся сустрэць яе з працы, калі яна з раніцы прасіла пра тое, ведаючы, што зойдзе ў краму і будзе несці важкі груз?.. Як можна было разумець, калі я ўсе жыццёвыя і бытавыя клопаты ўзваліў на яе? Успамінаю цяпер, дык чырвань падкатваецца да твару, сорам апякае, – і тады я абзываю сам сябе самымі агіднымі і брыдкімі словамі…
Але ад таго лягчэй на душы ў мяне не рабілася.
Снілася амаль кожную ноч. І там снілася, на “Чорнай пантэры”. І цяпер сніцца. Нічога не гаворыць, а толькі смяецца-рагоча, аж заліваецца, а то зусім маўчыць і скрушна паглядае на мяне – як шкадуе, як перажывае за мяне, што я няправільна жыву, няправільна думаю і пражываю свае дні… Я ж чамусьці баюся загаварыць з ёю, баюся парушыць слабое, амаль кволае суладдзе (калі яно яшчэ і было), толькі слухаю, што яна думае, як ацэньвае сітуацыю. Ніводнага промніка папроку ці жадання не зыходзіла ад яе – як і не чалавек яна была, а нешта іншае – без эмоцый, без крыўды, без душы…
Аднойчы, вярнуўшыся з тыднёвай камандзіроўкі, убачыў на паліраваным часопісным століку аркушык паперы. Словы былі акуратна напісаныя, як даўно вывераныя і выпакутаваныя:
“Антон, зразумей мяне…
Сам жа ведаеш і адчуваеш, што так бясконца працягвацца ўсё не можа…
Цябе хвалююць найбольш свае, прыватныя, і адраджэнцкія клопаты, – ім найбольш аддадзены твой час. Але ж я ўсяго-наўсяго жанчына, якая патрабуе да сябе хаця б маленькай увагі і клопатаў. Ведаю, што кахаеш мяне, як і я цябе, але між намі нехта збудаваў ці ўзвёў высокую гару і раздзяліў нашы душы, прымусіў жыць у паасобку, нават калі мы і разам. Мо ў тым мы і невінаватыя, а вінаваты нехта іншы, нябачны, пра каго мы не ведаем. Так, як жылі да гэтага, я не хачу. Не мае сэнсу. Гэта – не жыццё, гэта – пакуты. Немагчыма такое вытрываць.
Я думаю, што ты зразумееш мяне. Як і я разумею цябе, але нічога, на вялікі жаль, парабіць з сабою не магу. Бо я проста слабая і кволая жанчына.
Таму – даруй і выбачай, не праклінай і не ўшчувай, а проста выкінь са сваёй памяці капрызлівую і неўтаймаваную бабу. Я заслужыла таго. У нечым, ды пры тым ў вялікім, і я вінаватая, тое я дакладна ведаю, і пераканана ў тым… Але і я выпраўляцца не хачу, дарэчы, як і ты…
У мяне чамусьці такое адчуванне, што ў цябе ёсць свая нейкая тайна, з якой ты не захацеў падзяліцца са мною. Тайна тваёй душэўнай расхрыстанасці, але – не безадказнасці. Ты пашкадаваў мяне, не падзяліўшыся ёю, але не пашкадаваў таго, што нарадзілася між намі. Можа я і зразумела б цябе, адкрыла б цябе іншага, непадобнага на існага, і даравала б усё, але ў мяне не было апірышча пад нагамі і ўпэўненасці, што нешта можа змяніцца... І нічога не мянялася сапраўды. Нараджаўся недавер. А недавер заўсёды нараджаў лёд. Ільдзінку растапіць лёгка. А калі ж мы нарадзілі айсберг? Хто растопіць яго?
Таму – за ўсё даруй.
Мы некалі, у нейкім мінулым стагоддзі, страчаліся з табой.
Нават лёталі на планету Ахутавану – прасторы багіні Кахання, мо і яшчэ там некалі стрэнемся ў нейкім новым жыцці і вымярэнні – на ўсё ласка Божая, плюс – нашае жаданне і імкненне да яднання нашых душаў. Але то ўжо са сферы фантастыкі і фантасмагорыі, мрояў і няздзейсненых жаданняў… Як было сказана ў Першым пасланні карынфянам? “Каханне церпіць доўга, мае міласэрнасць, каханне не зайздросціць, каханне не прыўзносіцца, не ганарыцца… не вар”яцее, не шукае свайго, не раздражняецца, не замыслівае злога; не радуецца няпраўдзе, а сурадуецца ісціне; усё пакрывае, усяму верыць, усяго толькі спадзяецца, і ўсё церпіць і трывае; каханне ніколі не перастае быць, хаця ж і прароцтва спыняецца, і языкі змоўкнуць, і веды знікнуць (ліквідуюцца); таму што мы часткова ведаем і часткова робім прароцтвы; калі ж прыйдзе час удасканальвання, тады ж тое, што часткова, і спыніцца…”