Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
А Мухіко сан (так я назваў чамусьці муху – на японскі манер) не падавала голас, не прыляцела да мяне, як я прасіў. Вытрымлівала, значыць, гонар, затаілася недзе ў сваёй схованцы…
3.
За акном стаяла ранняя цёплая восень. Тая пара, калі і летам не назавеш, і на восень не вельмі падобна.
Вяршыні бярозы, што дасягалі майго акна, былі яшчэ спрэс зялёнымі, – і крапінкі жоўтай нідзе на іх не значылася. Дрэвы яшчэ жылі ў пары шчаслівага і спякотнага вымярэння, цёплага дажджу, мройных жаданняў, – і сны ў іх былі спакойныя, як і летняя дажджавая пара…
“Ну, які настрой маеш? – падала голас Мухіко. – Ці прыйшоўся да спадобы табе абед?”
“Дзякую… Вельмі ж смачны. Паэзія, сімфонія, а не абед… Буду памятаць усё сваё жыццё…”
Мяне ахутала разамлеласць і лянота – гаварыць больш не хацелася, а было жаданне прылегчы на канапу, ды яшчэ глыток-другі каўцянуць халоднага піва.Але да піва не дайшлі рукі – як толькі сеў на канапу, як прытуліў галаву да мяккай спінкі, мяне адразу ахапіў сон. Так я, мусіць, яшчэ ніводнага разу не засынаў – адразу і моцна.
І снілася мне “Чорная пантэра”. І мой сябар з вачмі-шчылінкамі. Усміхаўся мне і, круцячы рукамі, гаварыў весела:
– Харасё зіць пачаў, Антон сан… Ты дазіў да камунізьму ў асёбна ўзятай кватэры. Знаціт, цібе не трэба ціпер ні за цьто змагацца, ні за цьто перажываць… Харасё, харасё, харасё…”
4.
Спаў я, мусіць, доўга. Дужа доўга.
Што снілася акрамя сейнера, нічога не памятаў: як у беспрасветнае беспамяцтва праваліўся.
Адзінае, пра што я не ведаў, як гэтым, нечаканым і некім падораным, багаццем распарадзіца, распарадзіцца так, каб не нашкодзіць самому сабе, і не сапсаваць музыку цудадзейнага і чароўнага, якое прыходзіць не да кожнага і не так часта, – а мо і зусім не прыходзіць зусім…
Я ж нікога не клікаў, не скардзіўся на свой лёс, не крыўдаваў на сваё жыццё. Адзінае, у чым адчуваў дыскамфорт, горыч, шкадаванне, крыўду, знявагу, і што мяне палохала і апякала ўсярэдзіне, – дык гэта жорсткае бязладдзе на маёй Радзіме. Зневажала адкрытая хлусня, замаскіраваная пад клопаты “аб прастом народзе”, непрыхаваны цынізм, які ўзялі на ўзбраенне ўсе вертыкальшчыкі і ўся вертыкальна-гарызантальная хеўра на чале з галоўным камандуючым, галоўным вертыкальшчыкам – Галверам.
Хаця ж я магу быць не да канца шчырым. Найбольш перад гэтым мяне ўзрушыла і вывела з раўнавагі (прызнаюся, што ж рабіць?) Яніна. Правільней, тое, што яна збегла ад мяне. Пакінула не ў пажары сваркі ці істэрычнай спрэчкі, і нават не з-за таго, што я пачаў піць ці весці разгульны вобраз жыцця… Хаця ж і піў, праўда, чыстая праўда. Бо мне нічога не ўдавалася, нічога не тварылася, бо знямеў пэндзаль, а ў ручцы высахла чарніла і я не мог нарадзіць ніводзін прыстойны радок…
Творчы застой. Тупік…
Яна мне ўсё даравала. Не магла толькі дараваць іншага – маю няўвагу да яе.Тое для яе было страшэнным ударам.
Аднойчы прыйшла з працы вясёлая і шчаслівая. Але ў вачах я заўважыў схаваны сум і журбу. У руках трымала вялізны букет чырвоных ружаў, і сама разружовілася ад іх.
Я здзіўлена глядзеў на яе. Жонка спявала напаўголаса нейкую песеньку, глядзелася ў люстэрка, што вісела каля парога – як бы ацэньвала, рабіла агледзіны збоку. У яе і прычоска была нейкая незвычайная – такой ніколі не бачыў, і выглядала яна на той момант гадоў на дзесяць маладзей.
– І дзе ж гэта ты, мая жоначка, столькі кветак расстаралася? – не вытрымаў і папытаўся, настроіўшыся на вясёлы лад, падлабуньваўся, стараўся падтрымаць яе святочны і адначасова незразумелы настрой.
Яніна вытрымала паўзу і, не гледзячы на мяне, а некуды ўбок, прамовіла з мяккай, але глыбокай балючай падначкай, якая асляпіла мяне маланкай і забіла перуном, прынізіла, раструшчыла, знішчыла ўшчэнт мой паляшуцка-шляхетны гонар:
– Ну, калі каханенькі-родненькі муж забывае пра тое, што ў яго жонкі дзень нараджэння, то, дзякуй Богу, пра тое добра памятаюць мае палюбоўнікі!..
Пада мною, здаецца, расступілася зямля – і я, не маючы ніякага апірышча, ляцеў у бяздонне, праклінаючы сябе, сваю дзіравую памяць, бязглуздую ўпэўненасць у сваёй бязгрэшнасці і правільнасці, і запознена да мяне пякучай пульсацыяй даходзіць: “Божачка! Дык жа ў Яніны сёння, аказваецца, дзень народзін. Узрост Хрыста! Ёлупень! Ты пра што думаў, склероцік тупагаловы, га?!”
Ды каб жа толькі гэты выпадак. Ён жа не адзіны! Не толькі гэты пракол. Мне Яніна даравала б такую правіну, мо і не звярнула б на тое ўвагі, перавярнула б усё на жарт, але ж я ўмудраўся выкідваць шмат якіх і іншых конікаў, чым усё больш і больш выводзіў яе з раўнавагі і цярпення…