Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 136 137 138 139 140 141 142 143 144 ... 150
Перейти на страницу:

– Яшчэ шмат працы, – адказаў на тое Мэры. – Калі ты не памыліўся ў падліках, дык мы ня справіліся нат з малой часткаю. Але ўжо сьцямнела. Мяркую, з наступным крокам варта пачакаць да сьвітанку. Тады наведацьмем правадыра.

– Чаму ня зараз жа? – зьдзівіўся Сэм. – Цяпер троху па шостай гадзіне. А я хачу майго Дзеда пабачыць. Ці ведаеце, што зь ім, спадару Котане?

– Ведаю. Ня тое каб добра, але й ня цалкам блага, Сэме. Яны ж слабаду зьнесьлі, такі яму горкі падаруначак. А цяпер ён у адной з тых новых халупаў, якія правадыровы людзі ладзілі, пакуль яшчэ рабілі штосьці, апрача выпальваньня й рабаўніцтва. Ня болей за вярсту ад Прырэчча. Але ж Дзед твой калі-нікалі да мяне завітвае, калі магчымасьць выпадае, дык я ўжо сачу, каб ён лепей харчаваўся, чымся некаторыя небаракі. Усё супраць правілаў, вядома ж. Я яго ў сябе пасяліў бы, дык жа не дазволена.

– Дзякуй, спадару Котане, я ніколі на гэтую ласку не забудуся. Але ж я так хачу яго пабачыць. Гэны ж правадыр ды Старыч, як пра іх кажуць, здольныя штось благое й да раніцы ўчыніць.

– Добра, Сэме, – пагадзіўся Котан. – Абяры хлопца ці двух ды едзь прывязі яго да маёй хаты. Не набліжайцеся толькі да старой хобіцкай вёскі за ракой. Джолі мой пакажа шлях.

Сэм паехаў. Мэры ж загадаў, каб па ўсёй вёсцы хадзіла варта, патрулюючы, і ўсю ноч вартавыя заставаліся ля агароджаў. Тады разам з Фрода выправіўся да Котанаў. Усе паселі ў цёплай кухні. Гаспадары зь ветлівасьці папыталі што-кольвек пра вандроўку, але адказаў амаль ня слухалі, бо значна болей іх цікавілі падзеі ў Шыры.

– Усё пачалося з Вугра, як мы яго клічам, – паведаміў гаспадар Котан, – і пачалося неўзабаве пасьля таго, як вы сышлі, спадару Фрода. Убіў ён у галаву дзівоснае, гэты Вугор. Падаецца, захацеў усім завалодаць сам, каб народу загады раздаваць. Неўзабаве высьветлілася, што ён ужо захапаў болей, чымся здароўю спрыяе, і працягваў хапаць, хоць было загадкаю, адкуль грошы. Млыны, бровары, шынкі, сядзібы й палі люлькавай зёлкі. Падаецца, Пешчакоў млын ён набыў яшчэ да таго, як перабраўся ў Торбу-пад-Стромай.

Вядома ж, і напачатку меў нямала маёмасьці ў Паўднёвым падзеле, ад бацькі ў спадчыну атрымаў, а да таго ж, бачце, прадаваў найлепшыя зёлкі, шмат прадаваў і слаў некуды ўжо пару гадоў. А напрыканцы мінулага году пачаў слаць ня толькі зёлкі, але й іншае дабро. Нястачы пачаліся, а зіма ж не за гарамі. Народ і зазлаваў, але на тое Вугор падрыхтаваў адказік. Мноства людзей, нягоднікаў збольшага, прыехала на вялізных вазах. Некаторыя – каб звозіць дабро на Поўдзень, а некаторыя – каб застацца. Ды шчэ болей далучылася потым. I не пасьпелі мы апамятацца, як яны ўжо тутака й тамака ў Шыры абжыліся, дрэвы валілі, капалі, будавалі сабе халупы й хаціны на свой густ. Напачатку за дабро й шкоду сплочваў Вугор, але неўзабаве яны пачалі распараджацца тут па-гаспадарску ды браць, што патрапіць на вочы.

Узбурэньні з таго былі, але ж меншыя, чым варта. Стары Віль Галава выправіўся да Торбы-пад-Стромай, каб абскардзіць усё, але ж туды так і не дабраўся. Зладзеі яго схапілі, зацягнулі й замкнулі ў нару ў Міхальскім Выкапе, там ён і сёньня. А пасьля таго як Новы год мінуў, ня стала нат пасады галавы, Вугор абвесьціў сябе правадыром шырыфаў, альбо ўпрост правадыром, і калі хто "высоўваўся", як яны кажуць, таго валаклі ўвасьлед за Вілем. Так вось усё павярнулася ад благога да горшага. Зёлкі не засталося, хіба толькі для людзей, і піва правадыр не выносіў, зноў толькі даўгалыгім дазваляў, і ўсе шынкі пазачыняў, і ўсяго рабілася меней, апрача правілаў. Як хто прыхоўваў трохі свайго, зьяўляліся чужынцы зьбіраць дабро "дзеля справядлівага падзелу", што значыла: ім усё, а нам нічога, адно пад'едкі, якія можна атрымаць у шырыфскай сядзібе, калі ты здолееш гэна зьесьці. Усё надзвычай блага. А калі Старыч абвесьціўся, дык увогуле пачалося агульнае абурэньне.

– Што гэта за Старыч? – спытаў Мэры. – Я чуў, як адзін з бандытаў казаў пра яго.

– Напэўна ж, найвялікшы зь нягоднікаў, – адказаў Котан. – Падчас апошняга ўраджаю, напрыканцы верасьня, так, тады мы ўпершыню пра яго пачулі. Аніхто яго ня бачыў, але ж ён у Торбе-пад-Стромай, і ён цяперака сапраўдны правадыр, мяркую. Усе бандыты робяць так, як ён кажа, а кажа ён большай часткаю сячы, выпальваць і руйнаваць, а цяпер і да забойства дайшло. Аніякай выгоды нават для іх саміх, і сэнсу аніякага ва ўчынках: сякуць дрэвы й пакідаюць гнісьці, выпальваюць хаты, а новых не будуюць.

Вазьмі ты Пешчакоў млын. Вугор загадаў зьнесьці яго, як толькі перабраўся ў Торбу. А тады прывёў мноства брудных людзей, яны пабудавалі большы млын ды набілі ўсялякімі коламі й іншаземнымі прыладамі. I толькі дурань Тэд радаваўся, і цяпер на млыне робіць, чысьцячы для даўгалыгіх колы там, дзе ягоны бацька быў млынар і сам сабе гаспадар. Вугор казаў, новы млын меле болей і хутчэй. Ён і іншыя млыны накшталт таго пабудаваў. Але ж трэ мець зерне, каб малоць, і новаму млыну працы ня болей, чым старому. А калі Старыч зьявіўся, увогуле зерня болей ня мелюць. Там заўжды нейкі грукат білаў, і дым з смуродам, і нават уночы спакою няма ў Хобіцку. А яны ж і бруд усялякі ў раку выліваюць: усю ніжнюю плынь Вады-ля-Стромы ўжо спаганілі, і бруд у Бранявін цячэ. Каб Шыр у пустэчу ператварыць, дык тое найлепшы шлях. Я ня веру, што дурань Вугор стаіць за ўсім гэтым. Напэўна ж, Старыч.

1 ... 136 137 138 139 140 141 142 143 144 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)