Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 134 135 136 137 138 139 140 141 142 ... 150
Перейти на страницу:

– Не, гэта не адзін з тых бандытаў, – пачуў Сэм гаспадароў голас. – З памеру хобіт, толькі апрануты дзівосна. Гэй! Ты хто й што там за гармідар?

– Ды гэта я, Сэм Гэйхад. Я вярнуўся!

Гаспадар Котан крочыў бліжэй, прыгледзеўся ў паўзмроку.

– Але! – выгукнуў нарэшце. – Голас той самы, і твар ня горшы за ранейшы, Сэме. Але на вуліцы я цябе ў гэткім рыштунку не пазнаў бы. Пабываў у замежжы, бачу. А мы баяліся, ты згінуў.

– Дык жа не! I спадар Фрода таксама. Ён тутака, і зь сябрамі. Вось з чаго гармідар. Яны Шыр падымаюць. Мы зьбіраемся выкінуць прэчкі гэных шалбераў ды іхняга правадыра таксама. I пачынаем упрост цяпер!

– Файна, файна! – загукаў Котан. – Надышло нарэшце! Я свару ўчыніць ужо год намагаюся, аджа народ не разварушыць. А мне яшчэ пра жонку ды Ружанку думаць... Бо бандыты ж тыя ні перад чым ня спыняцца. А цяперака – гайда, хлопцы! Прырэчча ўздымаецца! I мы не адстанем!

– А як там спадарыня Котанава ды Ружа? – пацікавіўся Сэм. – Ім жа небясьпечна адным заставацца.

– Мой Нібс зь імі. Але ты можаш пад'ехаць і яму дапамагчы, калі хочаш, – Котан усьміхнуўся.

I пабег з сынамі далей, да вёскі. А Сэм пасьпяшаўся да сядзібы й пабачыў, што ля вялікіх круглых дзьвярэй, на прыступках, што вядуць з двара да нары, стаяць спадарыня Котанава з дачкой Ружай, а перад імі – Нібс, сьціснуўшы сянныя вілы.

– Гэна я, Сэм Гэйхад! – выгукнуў Сэм, пад'яжджаючы. – Не спрабуй працяць мяне віламі, Нібсе. Дый сэнсу няма, на мне кальчуга.

Саскочыў з поні й падняўся па лесьвіцы. На яго пазірал і моўчкі.

– Добры вечар, спадарыня Котанава! – вымавіў Сэм. – Вітаю, Ружа!

– Вітаю, Сэме! – адгукнулася Ружа. – Ты дзе быў? Казалі, памёр, а я цябе зь вясны чакала. Не сьпяшаўся, але?

– Мо й не, – суздрам зьбянтэжыўся Сэм. – Але цяпер сьпяшаюся. Мы з бандытамі разьбіраемся, і я мушу вярнуцца да спадара Фрода. Аднак мне падумалася: трэ заехаць ды зірнуць, як там спадарыня Котанава маецца, дый ты, Ружа.

– Маемся няблага, дзякуй, – паведаміла спадарыня Котанава. – Ці маяліся б няблага, каб ня гэныя прайдзісьветы.

– Ну, дык едзь жа! – параіла Розі. – Калі ты даглядаў спадара Фрода ўвесь час, чаго цяперака пакінуў, калі небясьпека на носе?

Тое для Сэма было занадта. Ці тыдзень тут тлумачыць, ці не тлумачыць увогуле. Ён пайшоў прэч, усьсеўся на поні. А калі ўжо крануўся зь месца, Ружа зьбегла па лесьвіцы.

– Падаецца, Сэме, ты добра выглядаеш! – кінула. – Ідзі зараз! Але ж беражы сябе й адразу вяртайся, калі з бандытамі разьбярэсься!

Калі Сэм вярнуўся да Фрода, там была ўжо ўся вёска. Калі не лічыць юнакоў, сабралася болей за сотню дужых хобітаў з косамі й сякерамі, цяжкімі молатамі, доўгімі нажамі й кіямі, а некалькі – з паляўнічымі лукамі. Народ жа з навакольных сядзібаў яшчэ толькі падыходзіў.

Распалілі вялікае вогнішча, каб крыху ажывіць абстаноўку, а таксама таму, што правілы гэта забаранялі. Полымя зырка палала ў ночы. На загад Мэры бальшак у кожным канцы вёскі перакрылі. Калі на перашкоду натрапілі шырыфы, то ажно аслупянелі ад подзіву, але высьветліўшы што да чаго, большасьць паздымала пёры з капелюшоў і далучылася да паўстаньня. Астатнія ўцяклі.

Сэм знайшоў Фрода й сяброў ля вогнішча, яны гутарылі з старым Томам Котанам, гурт навокал слухаў, вырачыўшы ў захапленьні вочы.

– Ну, і што далей? – спытаў спадар Котан.

– Не магу сказаць, пакуль болей не даведаюся, – адказаў Фрода. – Колькі бандытаў увогуле паблізу?

– Цяжка сказаць. Яны ж туды й сюды цёгаюцца, не сядзяць на месцы. З паўсотні ў халупах ля хобіцкага шляху, але яны адтуль вылазяць зладзейнічаць, альбо "зьбіраць", як яны тое называюць. Усё ж рэдка іх меней за тузін ля правадыра, як яны яго клічуць. А ён у Торбе ці быў там, бо цяпер вонкі не паказваецца. Аніхто яго, папраўдзе, і ня бачыў тыдзень ці два, а даўгалыгія нікога блізка не падпускаюць.

– Яны ж ня толькі ў Хобіцку, так? – спытаў Піпін.

– Не, на жаль. Даволі шчэ далей на поўдні, у Доўгім панізьзі, ды на Сарнаўскім бродзе, як я чуў. Ды колькі бадзяецца ў Ляснакуцьці й на Скрыжаванцы. А да таго ў Замкнёных норах, як яны завуць іх: старыя тунэлі ў Міхальскім Выкапе. Вязьніцу зрабілі для тых, хто супраць іх. Усё ж, мяркую, іх ня болей за тры сотні па ўсім Шыры, уздоўж ці ўпоперак, а магчыма й меней. Справімся, калі ўтрымаемся разам.

– Ці ё ў іх зброя? – спытаў Мэры.

– Пугі, нажы, дубцы. Досыць для іх бруднай працы. Гэна ўсё, што яны дагэтуль дэманстравалі, – адказаў Котан. – Але ж скажу: ёсьць у іх і іншае, калі да бойкі дойдзе. Гэтак ці йнакш, сёй-той мае лукі. Пару нашых падстрэлілі.

1 ... 134 135 136 137 138 139 140 141 142 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)