Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Якую – лухту? – не зразумеў я.
– Ну, што ты камара прыручыў. Няхай птушку якую, варону ўрэшце рэшт, ці звера якога, але каб камара…
– А муху?
– Што – муху? Якую муху? – ужо не разумеў пытання, нахмурыўся, чакаючы ад мяне нейкую падначку.
– Муху, скажы мне, можна прыручыць? Да мяне муха ўчора заляцела, ад вераб”я хавалася, – яе можна прыручыць?..
– А якая розніца – муха ці камар? Можа ты і блыху, ці клапа якога з тараканам прыручыш, але пра тое трэба пераканаўча і таленавіта напісаць, расказаць так, каб табе паверылі, каб жахаліся ад здзіўлення, вішчэлі ад задавальнення з такой кнігай ці героем.
– А “Камар” – не пераканаўча? Не таленавіта?
– Прашу прабачэння, не. – Рыгор аж пачырванеў ад шчырага прызнання, аддаў мне назад мой твор.
Што ж, можа яно і сапраўды так усё выглядае, можа мне і сапраўды не хапіла сіл, здольнасцей і таленту, каб раскрыць душу камара (а хіба яна ёсць у яго – душа?). Мяне разбіраў смех, але я не дзяліўся сваёй нязгодай з Рыгорам. Фантастыка? Не рэальна? Выдумана? Не раскрыў усіх глыбіняў? Для мяне гэта ж чыстая рэальнасць, але ці здольны тое зразумець спадар рэдактар?
– Значыць, не надрукуеш? – пытаюся ўсур”ёз, як быццам мяне сапраўды хвалюе пытанне надрукавацца ў яго. – Не падабаецца?
– Не, – ужо цвёрда і адназначна робіць прысуд рэдактар, – не падыходзіць ён для нас… Добры твор, але ты не дацягнуў яго да ўзроўню нашага часопіса. Нясі што іншае. Нясі нешта цікавае, такое, як ты пра вужыка напісаў.
– Але ж ты яму зрабіў габрэйскае абразанне без майго дазволу.
– Ну і што? Я ж рэдактар. А гэта слабое… На мой, безумоўна, погляд…
– Добра, што хоць толькі на твой…
Так і не зразумеў мяне Рыгор. Як і не зразумеў майго “Камара”. А шкада. А я лічыў, што стварыў выдатны вобраз сучаснага крывасмока… Не, Рыгор чалавек быццам бы і някепскі. Як працаваў у газеце “Звязда” (хаця зноў жа – у нас, у беларусаў, няма слова “звязда”, ёсць зорка. Так як і няма савецкай Белорусии, а газета з такой назвай існуе… Не краіна, а абракадабра…), то быў напорыстым і хвацкім журналістам. Лез у гушчыню падзей, шукаў, так бы мовіць, на свой азадак прыгодаў. Потым стаў рэдактарам “Гомельскіх ведамасцей” – акурат пад час перабудовы, акурат у той час, як сканала эсэсэраўская імпэрыя.
Газета выклікала здзіўленне і цікавасць – аказваецца, можна выкрываць на яе старонках бальшавіцкіх прайдзісветаў і хабарнікаў… А потым змянілася ўлада, правільней, яе кіраўнікі, а яшчэ правільней, што яны самі перамяніліся. На змену дэмакратам прыйшлі чырвоныя дэмакраты, служкі дыктатуры, і свабода слова накрылася… жаночай хусцінкай. Тады ж Рыгор і аказаўся ворагам новай улады – ньюкамуністаў…
Але з рэдактарства газетай ён вынес галоўны вопыт – навучыўся прабіваць і выпрошваць грошы ў тых, у каго яны ёсць, – на рэкламу. Тады ж і цюкнула ў галаву – з такім жа поспехам можна збіраць грошы і для іншага выдання, якое можна самастойна заснаваць, напрыклад – часопіс. Так яно і сталася…Карацей, я не крыўдаваў на Рыгора. Няхай лічыць сябе і паэтам, і празаікам, і тым, што мог вяршыць суд і выносіць прысуд любому твору і творцу. Што ж, ён меў тое права, бо ён яго купіў, купіў настойлівасцю, працай і ўвішнасцю.
Далей мой шлях ляжаў да гарадскіх уладаў. У горадзе знішчаліся апошнія парасткі беларушчыны, гінула апошняя беларуская школа: загадчык гарадскога аддзела адукацыі Вадзім Сабко заслаў у школу манкуртаў, каб тыя пераламалі ход падзей, каб прымусілі бацькоў перапісаць свае заявы і прасілі дзяцей сваіх вучыць толькі на мове суседняй дзяржавы… А потым апраўдваўся, даказваў нават, што то не ён вінаваты, што на тое была бацькоўская воля – воля родителей. Вось так – і ніхто ім не ўказ. Нездарма ж кажуць – які поп, такі і прыход. Які старшыня калгаса, такія ж і брыгадзіры…
Потым я завітаў на рынак, дзе перад ўваходам ў яго гандляваў сваімі карцінамі празаік і паэт Юрась Фатнеў. Ён напачатку “ліцвінскай адлігі” ліст нават адправіў усенароднаабранаму, паплакаўся, што яго, расейскага чалавека, які пераехаў з браншчыны ў Ліцвінію, не шануюць у краіне палешукоў. Прыгразіў нават – калі яму не дапамогуць друкавацца, то ён і назусім пакіне паляшуцкі край, і потым хай не ўпрошваюць яго вярнуцца назад... А калі яго не зразумеў той, каму скардзіўся, – проста не даў адказу, не адрэгаваў на яго пагрозы, – узяўся за пэндзаль і пачаў маляваць. Ды і яшчэ прадаваць свае творы. Гандаль нечакана для яго самога пайшоў добра. Ён набыў скураную куртку, абутак, накупляў яшчэ фарбаў і багетавых рамак. Адчуў сябе незалежным чалавекам. І ўжо марыў пра тое, калі ён трохі назбірае даляраў, то адправіцца ў невялічкае падарожжа – у госці да Эйфелевай вежы, каб пабачыць, як людзі жывуць на гнілым захадзе, пахадзіць, паглядзець на мастакоў Манпарнаса…