Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Як жывеш, Юрась? – павітаўшыся, падышоў да вялікай карціны – зімовага пейзажу. Здзіўлены быў яго смеласцю і непасрэднасцю. Яго пэндзаль валодаў нейкай таямнічай сілай, няйначай. За простасцю малюнкаў угадвалася нейкая паэтычная мелодыя пейзажаў…
– Ды нічога, змагаемся…
І ў гэты ж час да мастака падышла жанчына, пацікавілася, колькі каштуе яго “Зіма”.
– Ды ўсяго два мільёны, шаноўная спадарыня!
– А за паўтара? – паглядзела яна ўмольна на Юрася.
Ён трохі паразважаў, павагаўся, усміхнуўся, махнуў рукой:
– Так і быць, угаварылі! Толькі для вас.
Потым мне дзякаваў:
– Неяк дзіўна атрымліваецца – як толькі ты наведваешся да мяне, у мяне абавязкова купляюць карціны. Ці не падгаворваеш ты людзей?
– Падгаворваю, – смяюся я і рады, што дзень у яго не прайшоў марна, ведаю, што вечарам ён з добрым настроем возьмецца за верш ці будзе працягваць свой раман пра сівыя стагоддзі…
Ідучы ад яго, убачыў, як жанчыны прадавалі сушаных падлешчыкаў. Не ўтрымаўся, купіў два. А перад самым домам узяў пяць пляшак піва. Захацелася наладзіць сабе невялічкае свята. Без прычыны. Не сказаць, каб я быў вялікі аматар піва, але калі-нікалі мне яго вельмі жадалася. У халадзільніку ляжаў ладны шмат сала. І я ўжо ўявіў, ідучы, як я яго з цыбуляй, з хлебам, – і міжволі пракаўтнуў сліну…
Трэба было забегчы ў якую сталоўку ды пасёрбаць баршчу ці крупніку, ды і біфштэксік гарачы з”есці з грэчкай, ці плоў – сілы ж трэба, Антон сан, а ты ўсё пускаеш на самацёк, а потым здзіўляешся, чаму часам галава кружыцца ды мухі белыя лётаюць перад вачыма…
Вось так, сам сябе дакараючы, я падымаўся пакрысе на свой пяты паверх.
Калі ж пераступіў парог кухні, то быў здзіўлены і агарошаны: квадратны стол быў засцелены вышываным абрусам (акурат такі, як некалі бабуля Настазя вышывала), а на тым абрусе… Мяне чакаў святочны, не ведаю з якой нагоды, абед.
У місцы чырванеў – ішла ад яе пара, – боршч, якога мне хацелася паесці ў сталоўцы, толькі што выняты з вясковай печы, і біфштэкс з грэчкай, ды долькі лімона зверху ляжалі – тоненька парэзаныя. І ад усяго гэтага ішоў такі пах і водар, што ў мяне злёгку закружылася галава…
Напачатку я, здаецца, напалохаўся. Затоена азірнуўся, думаючы, што нейкая невядомая ці знаёмая жанчына завітала да мяне ў хату і падрыхтавала такі пачастунак (а мо гэта яна, Яніна, усё ж вярнулася да мяне ды стаіць у схованцы за фіранкаю – схавалася?), як вінавацілася перада мною.
Ні за шторай-фіранкай, ні ў шафе, ні на балконе яе не было.
І праз дзверы, само-сабой, ніхто завітаць не мог – другога ключа ні ў кога не было. Дзверы маглі хіба толькі ўзламаць. Але тое я адразу заўважыў бы. Хіба праз акно? З балкона? Дык і тыя дзверы я на зашчэпку ўзяў.
“Ды што я, дурань, ламаю сабе галаву, – накінуўся я немаведама на каго, – галодны, як воўк…”
“І я ж пра тое, – пацвердзіў нехта мае думкі. – Шмат думаеш і здзіўляешся, Антон сан…”
“Хто гэта са мною гаворыць?”
“Ужо і не прызнаеш? То загадаў гаспадыняй у тваёй кватэры заставацца, а то ўжо і зусім забыўся на маё існаванне, так?”
“Муха? – не паверыў я. – Няўжо? Ты, аказваецца, не пакінула мяне?”
“Як жа я магу цябе пакінуць, калі ты аддаў мне загад тут заставацца?”
“Даруй, я і забыўся… – хацелася прызнацца, што я ўсё ўспрыняў як жарт і гульню, але не хацеў пакрыўдзіць яе, дадаў: – Думаў, што ў маім жытле табе будзе сумна, што табе трэба воля…”
“А што такое – воля, Антон?”
“Воля? Гэта калі належыш толькі самому сабе, а не абставінам, калі робіш тое, што хочаш, ідзеш ці ляціш, куда жадаеш, гаворыш ці пішаш, што падказвае табе душа…”
“Дык я і так раблю, што хачу… А ты еш, еш, ты ж з дарогі, у жываце бурчыць. Пагаварыць у нас часу будзе шмат. Ідзі да стала, частуйся. Смачна табе есці!..”
“Добра, але адкажы на апошняе пытанне, бо ты заставалася за гаспадыню, – будзь ласкавая, скажы, хто падрыхтаваў усё вось гэта?”
“Сядай за стол, калі ласка. Як паясі, то тады і пагаворым далей”.
“А ты?”
“Мне нельга за стол. Забаронена гігіенай, ёсць такая навука. Мы заўсёды раздражняем і псуем людзям апетыт, калі лётаем каля стала…”
Але яна маўчала, тым самым выказвала нязгоду, упартасць і вытрымку.
Абед быў смачны, дужа смачны. Мусіць, я ніколі нічога смачнейшага і не еў. Абед запіў халодным цёмна-карычневым півам. Нават і ляшчы не спатрэбіліся. І адчуў я сябе задаволеным і шчаслівым чалавекам, якому нічога не трэба было ў гэтым жыцці, якому ўсё ўдаецца, у якога ўсё ладзіцца.