Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
У мой сон зноў стукалася яна, мая кватарантка, але мне ўжо было радасна ад таго, што мой дзень пачынаўся з пэўнага раскладу маіх клопатаў.
“Уставай, уставай, устава-ааай!.. Я ведаю, што ты любіш, лежань, паспаць раніцай, але ж…”
І я ўжо расплюшчваю вочы.
Першае, што адчуў, дык гэта ўнутраны прыліў сілаў, светласць у галаве і лёгкасць, ад учарашняга песімізму не засталося і знаку. Значыць, дзень абяцае быць насычаным і ўдалым, і я яго пражыву з карысцю, без сораму за бязладнасць і пустэчу. Як і памятаю, калі прачынаўся з такім настроем, то потым не шкадаваў, і, як казаў мой сябра-драматург Васіль Ткачоў, хваліў пражыты дзень…
“Ды прачнуўся я, дзякую, што разбудзіла…”
“Бачу, бачу… У цябе сёння сапраўды клопатны дзень”.
“Ведаю. Падымаюся…”
За акном шэрань. І таму не зразумець – сонца яшчэ за гарызонтам ці вынырнула ўжо сонца з-за шчыкоў далёкага лесу. Гадзіннік, што вісеў на сцяне, паказваў дзевятую гадзіну…Заведзенага распарадку сну ў мяне не было. Усё залежала ад таго, колькі і як я працаваў вечарам перад гэтым. Калі заседжваўся над пісаннем да раніцы, то і прачынаўся сярод дня. Калі ж прастойваў за мальбертам дапазна, то тады няведама калі і прачынаўся, блытаў раніцу з ноччу…
“Пара галіцца, Антон…”
“Ну ты мяне і дастаеш, Мухіко сан! Зундзіш, як надакучлівая муха, не даеш засяродзіцца…”
“Дык я ж муха і ёсць. Хіба ж не ведаеш?”
“Ды яшчэ ж і занудлівая…”
“Такая ўжо нарадзілася, выбачай… Лепш ці горшай быць ужо не змагу. Не перараблюся я ўжо, так і ведай…”
“Ведаю. Ды ладна, будзь такой, як ты ёсць… А мне, мусіць, прыдзецца трываць і цярпець твае дурыкі…”
“Буду такой, буду… Ды дзякуй за дазвол, спадар Антон…”
Я пагаліўся, памыўся. Адчуваў, што мяне не пакідае першапачатковы настрой – і гэта мяне радавала. Заўсёды раніцай я прашу ў малітве да Бога, каб даў сілы і розум для вырашэння ўсіх маіх вялікіх і малых клопатаў. А іх набягала процьма – як камарынае воблака. І выбраць з іх галоўнае ці пабочнае нельга было – яны выстрайваліся ў нябачную чаргу, і мне прыходзілася выхопліваць з гэтага шэрагу тую, якая найперш завісла ў маёй памяці і найбольш непакоіла…
“Антон сан, – просіць мяне мая кватарантка. Яна жыве на крышталёвай люстры, начуе ў карабку з-пад сярнічак. Адтуль яна вядзе са мною доўгія і
маўклівыя, часам фантастычныя дыялогі, – пакуль ты голішся-чапурышся, уключы мне маю любімую…”
“Не можаш без гэтага?”
“Не магу. Ты ж таксама любіш розныя мелодыі. Калі слухаеш цыганскія ці індыйскія матывы, я ж табе не замінаю – засынаю і маўчу, нават і сігналаў не падаю… Ці не так?”
“Так, так… – згаджаюся я, і рабіць няма чаго, іду да магнітафона, стаўлю касэту ВІА і ўключаю ў электрасетку. Музыка – стэрэа, гук бегае па дзвюх калонках, і гэта нагадвае жывы арганізм, які авалодвае чалавечым розумам і псіхікай, калі не душой. А ў маёй кватаранткі, цікава, ёсць душа?
Ведаю, што Мухіко ад гэтай мелодыі балдзее, і на доўгі час адчэпіцца ад мяне, будзе слухаць і слухаць заказаную мелодыю. Уяўляю, як яна зажмурвае ад задавальнення фасетачныя вялікія вочы, цярэбіць-перабірае нагамі, трэ адно аб адно празрыстыя крыльцы, і пры гэтым ківае ў такт мелодыі галавой… Кайф-фф! Калі яна ў мяне просіць, каб я пракручваў для яе гэтую мелодыю, то я стаўлю ў адтулінку толькі “яе” касэту, на якой запісана адна і тая ж тэма – пра жыццё яе крылатых суродзічаў. Песні з усяго зямнога шара пра мух, стракоз, конікаў, карацей, пра ўсіх, хто здольны лётаць. А потым стаўлю праграму на рэверс. А гэта азначае, што “яе песні “ будуць гучэць бясконца – увапрэцца касэта ў тормаз, і зноў уключаецца на новы круг, – аж пакуль я не прыйду са сваіх маршрутаў і не выключу… Сам не разумею, чаму яна атрымлівае ад гэтага асалоду, але я выконваю яе прыхамаці. Бо свой жа – урэшце рэшт – чалавек, ну, няхай не чалавек, а жывая і пры тым разумная істота, з якой мне цікава, з якой весела, і я зусім не лічу, што я адзінотнік…
У яе я ўклаў шмат энергіі і сілы, вольнага часу і настойлівасці.Я навучыў яе шмат якім цікавым рэчам, перакаваў яе на новы, амаль чалавечы лад.
І, галоўнае, навучыў сваёй роднай мове. Нашай, ліцьвінскай, мове. Навучыў размаўляць безгалосна, моўчкі, нават на адлегласці. Няважна на якой. І ніхто ў свеце не мог падслухаць наш дыялог.