Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Мы яшчэ шмат чаго парушым, і ў цябе адказу за наступствы не спытаем, – паабяцаў Піпін. – Ну, бывай, спадару!
Вандроўнікі рушылі далей і, калі сонца схілілася да Белага ўзгор'я далёка на захадзе, сягнулі Прырэчча й шырокага прырэцкага загону. Вось там іх нарэшце ўразіла ў самае сэрца. Бо тое быў родны для Фрода й Сэма край, і зараз гаспадар з служкам зразумелі, што гэты куток даражэйшы ім за любую іншую мясьціну ў сусьвеце. Шмат хацінаў не ставала. Некаторыя падаваліся спаленымі. Прыгожы ланцужок нораў з паўночнага боку возера цяпер быў пакінуты, а садочкі, што зыркім суквецьцем спускаліся да самай вады, зарасьлі пустазельлем. Горш за тое, вырас шыхт новых агідных будовінаў уздоўж усяго Азёрнага боку, дзе хобіцкі шлях падыходзіў блізка да берагу. Раней там цягнуліся прысады. Цяпер усе дрэвы зьніклі. А зірнуўшы на шлях да Торбы-пад-Стромай, сябры пабачылі здалёк высокую цагляную трубу, што вывяргала чорны дым у вечаровае паветра.
– Я іду, іду зараз жа! – выгукнуў у адчаі ўзрушаны Сэм. – Я мушу бачыць, што ж яны нарабілі! Мушу знайсьці майго Дзеда!
– Спачатку трэба высьветліць, з чым маем справу, Сэме, – параіў Мэры. – Мяркую, у "правадыра" пад рукою добрая зграя галаварэзаў. Лепей знайсьці таго, хто скажа, як справы.
Але ў Прырэччы ўсе хаціны й норы былі зачыненыя й ніхто вандроўнікаў не павітаў. Тыя зьдзівіліся, але неўзабаве зразумелі прычыну. Калі сягнулі "Зялёнага цмока", апошняга дома на хобіцкім баку, цяпер безжыцьцёвага ды з паламанымі вокнамі, пабачылі з трывогаю тузін вялізных злавесных людзей, касавокіх і смуглявых, якія стаялі, прыхіліўшыся да сьцяны шынка.
– Рыхтык той сябар Біла Бур'яка ў Прыгор'і, – заўважыў Сэм.
– Рыхтык тыя, якіх я бачыў у Ізенградку, – прамармытаў Мэры.
Бандыты трымалі ў руках дубцы, за пасамі тырчэлі рогі, але іншай зброі не было відаць. Калі падарожнікі пад'ехалі, людзі адышлі ад сьцяны й крочылі на шлях, перагароджваючы яго.
– I куды ж вы сабраліся, га? – вымавіў найвялікшы й найбольш злосны. – Няма вам далей дарожкі. I дзе ж даражэнькія шырыфы?
– Ідуць сабе паціху, – паведаміў Мэры. – Крыху ножкі пазьбівалі, магчыма. Мы абяцалі іх тут пачакаць.
– Га, а што я казаў? – павярнуўся важак да паплечнікаў. – Даводзіў жа Старычу: няма сэнсу давяраць малым дурням. Трэ было нашых хлапцоў выслаць.
– I скажэце, калі ласка, якая розьніца? – спытаў Мэры. – Мы тут ня звыклыя ўтаймоўваць разбойнікаў ды шалбераў але ж ведаем, як мець зь імі справу.
– Шалбераў, га? Вось як ты балакаеш, ну? А мо што паветлівей скажаш – альбо мы цябе хуценька навучым. Вы, малыя, нешта задужа да галавы ўзялі. Не давярайце зашмат правадыроваму добраму сэрцу. Бо Старыч прыйшоў, і правадыр ваш робіць, што загадвае Старыч.
– I што ён загадвае? – спакойна спытаў Фрода.
– Што трэ ператрэсьці тутэйшую старонку, абудзіць ды выправіць. Старыч тое ўмее. I жорстка, калі яго змусяць. Вам патрэбны лепшы правадыр. I яшчэ да сканчэньня году вы яго атрымаеце, калі ўзьнікнуць новыя клопаты. Тады ўжо вывучыце што-кольвек, пацучынае племя.
– Насамрэч я рады даведацца пра вашыя пляны, – паведаміў Фрода. – Бо зьбіраюся наведаць спадара Лота, і ён таксама, напэўна, пацікавіцца гэткімі вашымі намерамі.
– Лота? – бандыт зарагатаў. – Ды ён усё ведае! Не турбуйся, ён цяпер паслухмяненькі ў Старыча. Бо калі з правадыром клопаты, мы яго хуценька зьменім. Бачыш? А калі малы народзец паспрабуе сунуцца куды ня трэба, дык мы тое адразу выправім, разумееш?
– Так, разумею, – пагадзіўся Фрода. – І разумею таксама, што вы, відавочна, ня сочыце за навінамі. Шмат чаго зьмянілася з часу, калі вы пакінулі Поўдзень. Скончыўся ваш час, і час іншых бандытаў таксама. Цёмная вежа абрынулася, і цяпер у Гондары ёсьць кароль. Ізенградак зруйнаваны, і ваш каштоўны ўладар – жабрак у глухмені. Я стрэў яго на шляху. Цяпер па Травашляху паедуць весьнікі караля, а не грамілы зь Ізенградку.
– Жабрак у глухмені? – важак кпліва зірнуў на Фрода й пасьміхнуўся. – Га, насамрэч! Ну, пабрашы, пабрашы, надзьмуты недамерак. Нават калі тое й праўда, яно нас ня спыніць. Нам даспадобы гэтая тлусьценькая маленькая краінка, дзе вы зашмат ужо лайдачыце. Дарэчы, – ён шчоўкнуў пальцамі перад Фрода, – каралёвы ганцы! Ну й брахня! Калі якога пабачым, мо я й занепакоюся, га.
На гэтым Піпінава цярплівасьць вычарпалася. Ён узгадаў Кармаленскае поле. I вось тут, перад ім, касавокі латруга назваў Носьбіта Пярсьцёнка "надзьмуты недамерак"! Піпін скінуў плашч, выхапіў корд з похваў. Срэбра й аксаміт Гондару бліснулі пад сонцам, калі ён рушыў наперад.
– Я ганец караля! – абвесьціў ён. – Ты прамаўляў з каралеўскім сябрам і адным з найзнакаміцейшых у землях Захаду. Ты