Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Твар Друцкага зморшчыўся.
— Зоська, — цвёрда сказаў ён, — ідзі, калі ласка, дадому.
Дзяўчына адкрыла рот, але не адказала. Толькі акінула Аліцыю ненавісным позіркам і выйшла.
— Бох! — паўтарыла Аліцыя.
Друцкі скінуў коўдру, надзеў туфлі і, паправіўшы піжаму, устаў:
— Што б гэта значыла? — хрыпла спытаўся ён.
— Бох! Так ты мяне вітаеш?
— Я цябе вітаю так, як ты сюды ўвайшла.
— Бох!
— Ну што ты паўтараеш, — раздражніўся Друцкі, — Бох ды Бох!
Ён закурыў і, не гледзячы на яе, сеў на падаконнік.
— Гэта дзеўка, — выдавіла Аліцыя са сціснутай глоткі, — гэта дзеўка — твая каханка!
Друцкі паціснуў плячыма.
— Добрую ты мне знайшоў саперніцу, — дадала Аліцыя з іроніяй.
— Што табе трэба? — абыякава спытаўся ён.
— Бох! Як ты са мной размаўляеш? Чым я заслужыла гэты тон і абразы?
— Прабач, я і сапраўды быў не надта ветлівы, — спахапіўся ён, — але мяне пазбавіла раўнавагі тваё ўварванне. Прабач.
Друцкі наблізіўся да Аліцыі і пацалаваў ёй руку.
Яна села на найбліжэйшае крэсла і глядзела на яго вачыма, поўнымі неспакою.
— Навошта ты пакінула Хель? — спытаўся ён так, нібыта яго не цікавіў адказ.
— Бох! Ты мяне не кахаеш?! — усклікнула Аліцыя. — Ты ўжо мяне не кахаеш!
Багдан маўчаў.
— Скажы… скажы… чаму? Не разумею, чаму?! Няўжо была падстава, няўжо я змянілася?
— Не, — запярэчыў Друцкі, — ты не змянілася. Зусім не змянілася. Ты ўвогуле не можаш змяніцца.
— Ты кажаш гэта з папрокам?
— Хто яго ведае, Аль? Ва ўсякім выпадку, не з папрокам. Я ніколі нікога не папракаю і сам не выношу, калі мяне папракаюць. Не выношу!
Аліцыя схапіла яго за руку:
— Пачакай, Бох, я не хачу сцэн. Я прыйшла проста даведацца, ты… ты… ужо мяне не кахаеш, як раней?..
Друцкі нічога не адказаў, і Аліцыя прыціснула яго руку да грудзей нейкім сутаргавым рухам:
— Бох, Бох, ведаеш, ты для мяне — усё, ты мая радасць, усё маё жыццё. Ты павінен гэта ведаць! Я не магу цябе страціць! Не магу! Бох, ты мяне разумееш?
— Не разумею, — не стрымаўся Багдан, — я не магу зразумець, як можна хацець ад каго-небудзь, каб ён перастаў быць сабой!
— Я не хачу гэтага.
— Так. Ты хочаш, каб я адрокся ад свабоды, ад свабоды, якая ўласна і ёсць я. Гэта мая сутнасць.
— А памятаеш, як ты прапанаваў мне шлюб?
— Не спрачаюся, — паціснуў плячыма Друцкі.
— Ну і?..
— Ну і нічога! Ты мне тады адмовіла.
— Дапусцім, тады адмовіла. Але, напрыклад, сёння?..
— Давай не будзем пра гэта, Аль. Ты ж дарослы чалавек і добра ўсведамляеш, што сёння ўсё зусім інакш.
Аліцыя да крыві пракусіла вусны, паглядзела на яго дзіўна звужанымі зрэнкамі.
— Паслухай, Аль, — пачаў Багдан прымірэнча. — Ты мяне добра ведаеш. Ты ведаеш, што я не змагу вытрымаць ніякіх сувязей, яны супярэчаць маёй прыродзе. Нам было добра разам. Гэта так? Я, па меншай меры, захаваў да цябе шмат добрых пачуццяў і ўдзячнасці за гэтую частку жыцця, за гэтую цудоўную частку жыцця, якую ты мне падарыла. Таму не трэба…
— Пачакай, Бох, — перарвала яго Аліцыя, — адкажы мне спачатку, ці ўсім жанчынам ты паўтараеш гэта самае пры расстанні? Здаецца, ты выдаеш гэта аўтаматычна.
— Ты нядобрая, Аль. Навошта ты хочаш іроніяй атруціць і твае, і мае ўспаміны? Паколькі мы расстаёмся…
— Не, не! Не расстаёмся! — не стрымалася Аліцыя. — Гэта ты мяне хочаш кінуць, гэта ты мяне адштурхоўваеш!
Багдан узяў яе за руку:
— Супакойся, Аль, навошта гэты пафас.
— Пафас? — горка засмяялася яна, — я цябе кахаю, Бох, я цябе абагаўляю, без цябе я не змагу жыць. Няўжо ты не разумееш, што гэта павінна быць патэтычна… Нехта хоча адабраць цябе ў мяне, але я цябе не аддам, не аддам ні за якія скарбы!..
Аліцыя апляла яго сваімі абдымкамі, гарачымі вуснамі прыпала да яго вуснаў.
Ён не мог вызваліцца з гэтых абдымкаў, не здолеў адштурхнуць ад сябе гэтую жанчыну, прыгажосць якой яго проста абяззбройвала, а яе страсць выклікала буру ў яго пачуццях.
— Я прагну цябе, Бох, і ты мяне прагнеш, я кахаю цябе да вар’яцтва, Бох!.. Ты маё шчасце, ты маё шчасце… Бачыш, бачыш, тваё каханне таксама не згасла, таму што ты не можаш адрачыся ад мяне, Бох!.. Я так цябе чакала… І скажы, скажы, ты мяне не хочаш?..
Ён панёс яе ў абдымках, а тое, што адбылося потым, стала самым красамоўным адказам на яе пытанне.
Аднак гэты адказ прадыктавалі толькі пачуцці. І цяпер, седзячы ў крэсле і гледзячы, як Аліцыя перад люстэркам папраўляе валасы, Друцкі злаваўся на сябе.
Ён слухаў тое, што яна гаварыла, але зместу слоў не разумеў. Ён думаў пра тое, як ёй растлумачыць, што, нягледзячы ні на што, ужо няма дарогі назад, у тыя часы, калі яна запаўняла яго жыццё. Ён не мог адшукаць слоў, якімі трэба было ёй гэта растлумачыць, ён адчуваў сябе няёмка. Ён не мог гэтага цярпець!