Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Аліцыя склала паперы і выйшла на калідор, у гэты час праход ёй заступіла худая старая жанчына, якую яна яшчэ падчас працэсу заўважыла сярод публікі.
— Што вам трэба? — затрымалася Аліцыя.
— У мяне важная справа, шаноўная пані пракурор, вельмі важная справа…
— Ну?
— Але толькі з вока на вока, бо гэта не абы-што…
— Гэта звязана са справай Хадаровічаў?
— І так, і не.
— За мной, калі ласка, — кінула Аліцыя.
У яе была яшчэ амаль гадзіна, і яна вырашыла даведацца, што гэта падазроная жанчына хоча.
— Калі ласка, — паказала яна на крэсла перад сталом.
— Бо я ведаю нешта, што вам можа спатрэбіцца, — пачала бабка, упіхваючы пад парыжэлы капялюш пасму сівеючых валасоў.
— Зараз, — перарвала яе Аліцыя, — найперш, як вас завуць?
Жанчына ўскочыла на ногі:
— А навошта гэта вам? Я не хачу ні аб што пэцкаць рукі. Я ў жыцці ўжо дастаткова нацярпелася з-за гэтых судоў і паліцыі. Я як прыстойны чалавек прыйшла, не тое што…
— Не хвалюйцеся, — стрымала яе Аліцыя, — аднак вы разумееце, што я павінна ведаць, з кім маю справу. Вы хочаце даць мне нейкія важныя паказанні і жадаеце, каб я вам паверыла, але як я магу верыць камусьці, хто саромеецца нават свайго прозвішча.
— Божа мілы, я ж не саромеюся, толькі мая хата з краю. Я вось слухала справу і тое, што вы гаварылі, і думала сама сабе: «О, такая, значыць, сур’ёзная дама, яна і самым важным не спусціць, а замкне ў турме». Таму я і асмелілася, а не тое, барані божа, каб самой у гэта ўлазіць.
— Чаму вы не звярнуліся ў Следчы камітэт ці ў камісарыят?
— А таму, шаноўная пані, што я падумала, што з вамі як з жанчынай мне будзе лягчэй размаўляць і пакрыўдзіць мяне вы не захочаце, а па-другое, што гэта ўвогуле жаночая справа…
— Добра, — сказала Аліцыя, — я вам абяцаю, што ваша прозвішча ў гэта не замяшаю, але мне яго, калі ласка, назавіце. Ну?
Жанчына скурчылася і прамармытала:
— Ладна… Я Буфалова, Ядвіга, — зіркнула яна спадылба на Аліцыю і дадала: — Вось вы ўжо ведаеце. Што ж, не адмаўляюся, я была асуджаная, але клянуся Богам, што за Пашчукуўну несправядліва. Яна сама, дурніца, кручком спрабавала і нарабіла. Я ўжо нічога не змагла паправіць. Не кажу, што з Малінаўшчанкай я не была вінаватая. Так. Я ведала, што рызыка вялікая, але яна сама настойвала, бо праз два месяцы шлюб… Яны ўсе такія, а потым чалавек з-за іх пакутуе…
— Вы акушэрка?
— А хто ж яшчэ? Шляхцянка я, з землеўласнікаў, але вось так на цяжкі хлеб пайшла…
— Дык што вы хацелі сказаць?
Буфалова шморгнула носам і дзелавітым рухам падсунула сваё крэсла.
— Ага, дык вось глядзіце, сама я не ведаю, чаму ў яго такі густ, каб абавязкова была цяжарнай, а яшчэ для яго важна, каб гэта было першае зачацце…
— Секунду, — перарвала Аліцыя, — хто ж гэта?
— Ён? А, ну, багаты, хіба. Грошай у яго, як лёду, і на сваёй машыне ездзіць, а сам брунецік, такі не малады і не стары, але ніштаваты, і ў пенснэ, а як жа…
— Дык вы нават прозвішча яго не ведаеце?
— Адкуль жа я магу ведаць, Божа мілы, ён спрытны і ніякіх падазрэнняў не выклікае, ніякіх слядоў не пакідае. Прыедзе, агледзіць дзяўчыну, хлараформам або чымсьці падобным усыпіць, і гэты яго шафёр адразу ў пакрывала і ў машыну. А ён толькі спытаецца, а хто яна, а на якім месяцы, а ці вядома з кім, грошы адлічыць — і яго ўжо няма.
— Зараз. Значыць, ён проста купляе ў вас цяжарных дзяўчат?
— Божа мілы, а хто ж гаворыць, што у мяне?! — спужалася Буфалова. — У іншых, а я ведаю, таму што мы ў адной прафесіі, разыходзіцца гэта паміж людзьмі.
— Ну, дапусцім, гэта так. Значыць, вы кажаце, што ў яго ёсць аўтамабіль. А вам не прыходзіла ў галаву запомніць яго нумар?
— А як жа, я ведала на памяць і на лісцік запісала, але, як на злосць, недзе падзела лісцік, а калі па памяці сабралася запісаць, то ў мяне ў галаве ўсё перамяшалася. І цяпер я ніяк не магу ўспомніць, ці то 87 653, ці 78 356, ці нешта падобнае. Але ж спачатку альбо 87, альбо 78, гэта жалезна…
Аліцыя хутка запісала і спыталася:
— Як гэта машына выглядае?
— Чорная, вялікая, а спераду тры залатыя кароны і нешта напісана…
— Можа, «рынкляр»?
— Во, відаць, так.
— Кабрыялет ці лімузін?