Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Такім чынам? Вы прыйшлі да якіх-небудзь высноў?
— Так. Я б вельмі хацеў толькі, каб спачатку вы адказалі на адно пытанне.
— Я да вашых паслуг.
— Дык вось, жонка прафесара кахала вас?
Друцкі зрабіў няпэўны рух рукой.
— Хм… на жаль, так.
— Я быў упэўнены ў гэтым, — усміхнуўся японец, — і, як бачыце, гэта была якраз сіла, больш магутная за ўсялякі гіпноз. Наколькі я разумею, вам бы хацелася, каб гэтага пачуцця не было. Я лічу, аднак, што яно павінна было быць моцным. Думаю, поўнае ўгляданне тут тлумачыцца трыма ўплывамі: вашым вобразам, які жыў у псіхіцы гэтай жанчыны, уяўленнем, якое ў момант апладнення павінна было ўнушаць, што акт здзяйсняеце вы, і ўрэшце вашай прысутнасцю падчас цяжарнасці.
— Якімі шляхамі ўздзейнічалі гэтыя ўплывы?
— Біялогія яшчэ не ведае гэтых шляхоў. Яна толькі іх вывучае, абапіраючыся на маю тэорыю электранейронаў, якія з’яўляюцца эманацыяй цельцаў Нісля. Гэта эманацыя ўяўляе сабой пастаянную энергію з рознай частатой хваль і ў кожным арганізме ёсць тым, што мы прывыклі называць псіхічнай энергіяй.
— Значыць, гэта эманацыя не матэрыяльная? — спытаўся Друцкі.
— Даражэнькі, здаецца, што мы, біёлагі, звернемся да пэўнай дапамогі фізікаў, якія так апантана працуюць над вырашэннем праблем матэрыі і энергіі. Бо ў жывым арганізме ўсё выразней праяўляецца аксіёма, што дакладнай мяжы паміж матэрыяй і энергіяй няма. Вось і мае электранейроны знаходзяцца ў бясконцасці пастаянных змен і фаз. У сваёй энергетычнай, безумоўна, форме, як і ўсе не звязаныя ў атамы электроны, яны пранікаюць у матэрыю і аднолькава паспяхова могуць заставацца ў арганізме, які іх выслаў, і дзейнічаць на іншы. Разумееце?
— І гэтым шляхам адбываецца псіхічны ўплыў аднаго чалавека на другога?
— Не толькі псіхічны, даражэнькі, не толькі. Гэта ўжо даказала нам існаванне тэлепатыі, гіпнозу і да таго падобнага. Але мы назіраем і ўплыў чыста фізічны, анатамічны! Я не хачу стамляць вас прыкладамі, дастаткова, калі згадаю пра тое, што эпілепсія, якая выклікаецца зменамі ў тканках нервовых валокнаў, перадаецца шляхам углядання ў выглядзе бародавак, касавокасці, заікання і г. д.
— Гэтыя электроны нічым не адрозніваюцца ад электронаў, якія вылучае, напрыклад, радый?
— Адрозніваюцца толькі спецыяльным спосабам перадачы.
— А вылучаюць іх нервы?
— Увесь арганізм — гэта комплекс незлічоных перадатачных станцый, для якіх нервовая сістэмы — нібыта антэна. Акрамя таго, у ім нашмат большы комплекс прыёмных станцый. Гэтыя станцыі — залозы ўнутранай сакрэцыі. Яны прымаюць шматлікія імпульсы, як з самога арганізма, так і звонку. І пад уплывам гэтых імпульсаў утвараюць свае гармоны.
— Гэта страшна складана, — уздыхнуў Друцкі.
— Толькі для нас, — усміхнуўся доктар Кунокі, — па сутнасці сваёй усё гэта, відаць, ідэальна проста. Толькі сучасная навука знаходзіцца яшчэ ў зародкавым стане. Да вашага ведама, пачатак свядомага чалавечага мыслення адносіцца да часу, калі чалавек вынайшаў агонь, гэта прыкладна чатырыста тысяч гадоў таму. Праз чатырыста тысяч гадоў працы гэта мысленне дайшло да выкарыстання радыё і да члянення атама! А калі верыць вялікаму астраному Джынсу, людзі будуць жыць яшчэ сотні мільёнаў гадоў. Тады, пане, наша навука — гэта нават не алфавіт. І таму нам падаецца такой цяжкай шматскладовая будова спасцігальнага свету, як дзіцяці чытанне першага слова ў азбуцы. Але давайце не будзем больш пра гэта. Я вас стамляю.
— Вы што, доктар, сапраўды думаеце, што я дурань, — абурыўся Друцкі, — якога стамляюць падобныя рэчы?
— Не, не. Але хутка прыбудзе прафесар. Дык я хачу яшчэ вярнуцца да цікавай вам справы. Дык вось, угляданне, плёнам якога стала такое неверагоднае падабенства Пятра да вас, мела нечуванае ўздзеянне дзякуючы самому прафесару Бруніцкаму!
— Не разумею?
— Гэта натуральна. Ён быў вашым аднакласнікам і сябрам дзяцінства. Паводле яго слоў, ён заўсёды быў слабым і хваравітым і пастаянна прыгнечаны гэтым. Гледзячы на вас і адчуваючы вашу апеку і абарону, ён, пэўна, найбольш прагнуў быць такім, як вы. Гэта зразумела. Зразумела таксама, што ён так маляваў сабе ідэал маладога хлопца. Падсвядома, падкрэсліваю, падсвядома ён горача жадаў, каб, па меншай меры, яго сын стаў такім.
Друцкі задумаўся.
— Атмасфера, створаная дзякуючы гэтаму жаданню, у момант, калі прафесар даведаўся пра асаблівы стан жонкі, павінна была спрыяць угляданню.
— Гэтая атмасфера, паводле вашых слоў, уздзейнічала на прымальныя станцыі яго жонкі?