Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Калі б уласнае жыццё і жыццё сваіх блізкіх можна было так апрацаваць на пранумараваных старонках, каментаваць заметкамі паводле назіранняў, апісаць паказаннямі сведкаў…
Багдан… Колькі ж таямніц утрымлівае яго жыццё, таяміц, недаступных нават ёй… Аліцыя паглядзела на гадзіннік: першая гадзіна — ужо, напэўна, устаў. Што ён робіць? Яна машынальна ўзяла тэлефонную трубку і назвала нумар.
Яна чула, што знялі трубку і голас Друцкага заканчваў нейкую фразу: «…абы толькі ты не енчыла».
— Ало!
— Гэта я, Бох. Я не перашкодзіла?
— Ах, як справы? Што зноў…
Было такое ўражанне, што ён збянтэжыўся, і Аліцыя раптам адчула востры боль у горле. Яна была амаль упэўнена, што ў яго Юлька…
Аліцыя сказала, што ў яе шмат работы, што яна не зможа выйсці з суда да трох і развіталася нібыта ў добрым настроі. Праз секунду яна звязалася з домам. Адказала Юзэфова.
— Панна Юлька дома? — спыталася Аліцыя.
— Няма, пані, гадзіну, можа, таму выйшла.
— А не казала, куды ідзе?
— Не, пані. Толькі тэлефанавала, а потым выйшла. Відаць, да нейкай сяброўкі.
— Добра. Не гаварыце ёй, што я званіла. Абед у тры. Да пабачэння.
Аліцыя хутка замкнула стол, надзела капялюш і збегла з лесвіцы. Тут жа непадалёк знайшла таксі і загадала ехаць на праспект Шуха. Калі ж машына рушыла, яна спахапілася.
«Калі ў яго Юлька ці іншая жанчына, ён пэўна ж мяне не пусціць і я толькі стану пасмешышчам у яго вачах, а хто ведае, можа, і зноў парве адносіны… Не, гэта бескарысна».
Яна змяніла рашэнне. Загадала таксісту стаць за два дамы далей, на другім баку вуліцы. Адтуль яна добра бачыла вароты дома Друцкага і магла заўважыць кожнага, хто б адтуль выходзіў. Шафёр, які, відаць, здагадаўся пра мэту гэтай стаянкі, з паўусмешкай на твары аглядаў вуліцу, час ад часу кідаючы позірк на сваю пасажырку.
Аліцыя адчувала камічнасць сваёй сітуацыі, але ні за што не пакінула б занятую пазіцыю.
Праз сорак хвілін яны выйшлі.
Інтуіцыя яе не падвяла. Багдан у светлым касцюме з Юлькай пад руку… Змяя, змяя…
«Выкіну яе з дому, як сабаку, — падумала Аліцыя, да болю сціскаючы пальцы, — як сабаку!..»
Аліцыя выйшла з машыны і пешкі накіравалася дадому.
Яна не праклінала Друцкага. Уся яе нянавісць і прага помсты накіраваліся на Юльку. Канечне, Юлька навязваецца яму са сваім каханнем… Змяя…
Адразу пасля прыходу дамоў Аліцыя патэлефанавала ў настаўніцкае бюро. На жаль, пасада яшчэ не вызвалілася. Яна павінна быць свабодная самае ранняе праз месяц.
«Што рабіць, што рабіць?» — адчайна думала Аліцыя, ходзячы па пакоі.
Яна не магла выкінуць Юльку на вуліцу, тая ж тады звернецца да Друцкага…
Дарма яна забрала яе з Хеля… Цяпер абавязкова трэба пазбавіцца ад яе, абавязкова!
Падчас абеду Аліцыя з Юлькай не перамовіліся ніводным словам. Устаючы з-за стала, Аліцыя сказала:
— Я цябе папрашу, каб ты не выходзіла, калі мяне няма дома. Юзэфова часам павінна хадзіць у краму, і кватэра застаецца без нагляду.
— Добра, — адказала Юлька і пайшла ў ванную, адкуль праз хвіліну пачулася плёсканне вады.
«Бессаромная жывёліна», — падумала Аліцыя.
Назаўтра і ў наступныя дні Аліцыя па некалькі разоў тэлефанавала дадому з суда, каб праверыць, ці выконвае Юлька яе забарону. Юлька сапраўды не выходзіла. Затое не было сумненняў, што яна званіла Друцкаму. Аліцыя ўжо некалькі разоў мела намер перагаварыць, у рэшце рэшт, з Багданам на тэму Юлькі, але заўсёды ў апошні момант не рашалася, баючыся апынуцца ў сітуацыі, калі трэба будзе паставіць ультыматум. Яна прадбачыла, што гэта было б роўнае паражэнню, таму што ён ні ў якім разе не саступіць, а яна будзе вымушана.
Зрэшты, на шчасце, Юлька пачала хварэць. Яна была бледная, у яе круцілася галава і яна страчвала прытомнасць.
Аліцыя з нежаданнем прапанавала ёй пайсці да ўрача, але дзяўчына падзякавала і адмовілася:
— Нічога страшнага.
«Тым лепей, — падумала Аліцыя, — хутка вызваліцца пасада, і я пазбаўлюся ад гэтай змяі».
Аднак усё склалася іначай.
Раздзел 23
Справа братоў Хадаровічаў была адной з тых, якія даюць грамадскаму абвінаваўцу магчымасць паказаць, на што ён здольны.
Праўда, следства не змагло даказаць іх заняткі сутэнёрствам, але прыйшлі трыццаць сведкаў, прыцягнутых пракурорам Аліцыяй Горн, і пакінулі ў яе руках столькі доказаў, столькі адмоўных водгукаў і выкрывальных сведчанняў, што абвінаваўчы прысуд ні для каго не быў сюрпрызам. Зала, перапоўненая жулікамі, альфонсамі, прастытуткамі, нелегальнымі акушэркамі і ўсялякай ускраіннай набрыддзю, прыняла прысуд маўчаннем, занатоўваючы ў памяці дэталі, якія калі-небудзь могуць спатрэбіцца для ўласнай абароны.