Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Канечне.
— Неверагодна, неверагодна… Чорт, вашыя адкрыцці зробяць пераварот у медыцыне.
— У чым? — засмяяўся японец.
— У медыцыне.
— Не, тут гаворка не пра медыцыну. Медыцына — гэта вузенькі, мізэрненькі фрагмент навукі пра чалавека. Адкрыцці прафесара Бруніцкага і мае дадуць. — доктар зрабіў паўзу, — дадуць чалавецтву магчымасць неабмежаванага і свядомага развіцця! Разумееце? Свядомага!
Доктар Кунокі пачаў разгортваць перад Друцкім вобраз будучыні, як перад вілай пачуўся сігнал аўтамабіля. Вярнуўся прафесар Бруніцкі. Ужо сам знешні выгляд выдаваў небывалы для яго выдатны настрой.
Ён доўга і шчыра паціскаў руку Друцкаму, за абедам быў вясёлы і гаваркі. Без ваганняў расказваў пра Пятра з такой свабодай, з якой ніколі пры Друцкім гэту тэму не чапаў.
Пазней яны перайшлі ў залу на каву, і Друцкі, сядаючы на канапу, ледзь не раздавіў ката.
— Чорт, Караль! — усклікнуў ён. — Я калі-небудзь раззлуюся і застрэлю гэтую скаціну.
— І вельмі нас пакрыўдзіш, — засмяяўся прафесар. — Праўда, доктар?
— Канечне. Я рэкамендаваў бы ваш знішчальны інстынкт скіраваць на нашых арпінгтонаў[43] і марскіх свінак. Апошніх у нас зараз зашмат.
— Начорта вам гэтае паскудства?
— Гармоны, сябра. Гэта наша фабрыка гармонаў. Да твайго ведама, у катоў найбольш актыўныя такія залозы, як селязёнка, шышкападобная залоза, валляковая залоза, а перш за ўсё печань. Сакрэцыя гэтых залоз у катоў можа падняцца вышэй, чым у любога іншага самца. Так, напрыклад, і ў марскіх свінак, трусоў і курэй самыя прадукцыйныя полавыя залозы.
Размова доўжылася да позняга вечара. Друцкі распытваў пра дастаўленых ім «трусоў», пра поспехі вопытаў над чаканым малышом і ці праўда будзе хлопчык.
— Бачыш, — смяяўся, праводзячы яго ў вітальню, прафесар, — ты адзін з рэдкіх і ўсё радзейшых аднаполых тыпаў.
— Ты што, лічыш сябе гермафрадытам? — пажартаваў Друцкі.
— Павер мне, Багдане, што так. І не толькі сябе, а і пераважную большасць людзей. Я гавару гэта не толькі як псіхіятр, але і як біёлаг. Калі б навука не дайшла да адкрыцця дзеяння асобных залоз, чалавецтва з яўгенічных[44] поглядаў не рашылася б рабіць вывады з вопытаў доктара Кунокі і маіх. Я цябе запэўніваю, што праз некалькі соцень гадоў розніца ў псіхіцы, а таксама другасныя полавыя і фізічныя прыкметы паміж мужчынамі і жанчынамі перастануць існаваць.
— Чорт! Ці не хочаш ты сказаць, што ў баб будуць расці вусы? Гэта было б непажадана.
— Не хвалюйся. Хутчэй у нас перастануць расці вусы, а ўзамен расшырацца косці таза і павялічыцца падскурны слой тлушчу. Жаночы пачатак у прыродзе мацнейшы.
— Ліха! Гэта значыць, што калі б я жыў праз тысячу гадоў, то павінен быў бы нараджаць дзяцей і карміць іх сваімі грудзьмі! — не стрымаў смех Друцкі.
— Наадварот, — паляпаў яго па плячы Бруніцкі, — можаш не хвалявацца. Хутчэй жанчыны перастануць нараджаць. Не па сваёй віне, а па віне жанчынападобных мужчын. Што ж ты хочаш, сотні рас вымерлі ў выніку гэтага. Грамадства, якое жыве ў надта вялікім дабрабыце, свабоднае ад фізічнай працы павінна дэгенераваць, а паколькі кожная дэгенерацыя ў прыродзе галоўным чынам і перш за ўсё ўплывае на атрафію здольнасці прадаўжэння роду, яно вымірае.
— Ну, Караль, вы тут столькі ўсяго нагаварылі, што мне пэўна ноччу прысніцца, што я нараджаю трайнят. Пакуль, стары дружа.
— Пакуль, стары дружа, — з цёплай ноткай у голасе паўтарыў прафесар, і яны моцна паціснулі адзін аднаму руку.
Аднак гэтай ноччу Друцкаму не суджана было заснуць. У «Аргенціне», куды ён паехаў проста з Дэмбовай, ён заспеў пані Хэлміньску. На шчасце, яна была з мужам і яго сястрой, што перашкаджала ёй прад’яўляць прэтэнзіі па прычыне яго доўгай адсутнасці ў іх вёсцы. Аднак вырвацца дадому яму ўдалося толькі а пятай.
Ён быў рады, што вароты адчыніла Зоська:
— Ты ўжо не спіш, малышка?
— Чакаю, — сказала яна, углядаючыся яму ў вочы.
— Ты сёння яшчэ прыгажэйшая, чым заўсёды, — пагладзіў Друцкі яе па шчочцы.
— Э-э-э… я ўжо, відаць, не зачыню вароты, — вырашыла яна, — пайду рабіць вам снеданне. А… можа, надта рана?..
Яны былі ўжо ў вітальні, і Друцкі прыцягнуў дзяўчыну да сябе.
— На такое снеданне ніколі не рана.
Зоська прытулілася да яго і прашаптала:
— Ой, гэта праўда, гэта праўда…
Ужо сапраўды была пара снедаць, таму што гадзіннік паказваў восем, і Зоська раптам усклікнула:
— Ой-ей! Памяць адбіла! Вам жа тэлеграма!
— Якая тэлеграма?
— Прынеслі апоўначы, — дзяўчына падала Друцкаму дэпешу.
43
Арпінгтоны — мяса-яечная парода кур.
44
Яўгеніка — вучэнне пра селекцыю прымяняльна да чалавека, а таксама пра шляхі паляпшэння яго спадчынных уласцівасцей. Вучэнне было заклікана змагацца са з’явамі выраджэння ў чалавечым генафондзе.