Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
“Ну, Антон сан, чаго ж ты так, га? – не разумеў мой сябар, пакутліва глядзеў на мяне, падштурхоўваў да разумных дзеянняў. – У яе ж разрываецца сэрца ад невядомасці і прадчування…”
“Ведаю, ведаю пра тое, Саяма сан, а парабіць з сабою нічога не магу… Загавару да яе – парушу ўсё, разбуру. Не прыйшоў яшчэ, мусіць, той, наш час, і таму нельга быць забойцам сваёй каханай, нашага кахання, чым адарыў нас Бог…”
“Можа і так, можа і правільна, – згаджаецца Саяма, і ўжо шкадуе, што наладзіў такі нечаканы эксперымент. – Выбачай, Антон сан… Хацеў прыемнае табе зрабіць…”
І ён тут жа націснуў чырвоную кнопачку.
Маўклівая і збянтэжаная Яніна, мая прыгажуня, маё жыццё і смерць, шчасце маё і пакуты, знікла, як знікла даўным-даўно, мо тысячы год таму з майго жыцця, па маёй жа віне, па маёй жа дурасці, – і я не паспрабаваў ніводнага разу наладзіць з ёю духоўную сувязь, каб растлумачыць хоць на адлегласці, чаму так здарылася-адбылося, чаму згасла тое полымя, што так напачатку шугала і сагравала абаіх… Дакараў і не дакараў сябе за тое, як і не ведаў, ці правільна тое рабіў… Мне заўсёды не ставала рашучасці, настойлівасці, перакананасці і цвярозасці. Я як плыў усё роўна па цячэнні, не ведаючы, што можна плыць і супраць плыні, тым самым можна памяняць свой лёс і жыццё… Ніхто мне і не падказваў пра тое, а сам я быў такі нездагадлівы, да глупства нездагадлівы…
Мы маўчалі.І маўчанне нашае было няёмкае, бо ўва мне ўсё трымцела і не выходзіла вонкі назапашанае за доўгія гады недаўменне і незразумеласць становішча, якое склалася між намі. Але няёмкасць была кароткай, маўчанне, як імгненне бліскавіцы, як чырканне знічкі на шэрым небе…
– Выбачай, Антон сан, спадар Антон Клімовіч, – вінаваціўся Саяма, паклаўшы сваю далонь на маю руку, і я адчуў, як яна дрыжыць, амаль калоціцца (ад чаго? Хіба ж то яму пазванілі?), – я ўсё ніяк не магу зразумець вашага паляшуцкага характару… Вы нейкія асаблівыя людзі, незвычайныя… Нават нам, фанатам цудоўнага і прыгожага, можна ў нечым павучыцца ў вас…
Я паціснуў плячыма – не пачуўшы цалкам яго словы, бо тут і ён, як кажуць, перагнуў палку, – ім вучыцца ў нас?! Абсурд!
– … так, так, павучыцца ў вас. А ці ведаеш ты, Антон сан, што паэзія нашага Ісікавы Такубоку, заснавальніка дэмакратычнай паэзіі, пераклікаецца з творчасцю вашага класіка – Максіма Багдановіча. Як і пераклікаецца творчасць групы пісьменнікаў “Белая бяроза” Мусякодзі Санэацу, Сіга Наоя, якія імкнуліся да самаўдасканальвання, да вытанчанага псіхалагізму. Яны ўсе разам вынайшлі ў паэзіі рэлігію быцця і існавання душы чалавека на пачуццях і эмоцыях. Правільней будзе сказаць – пастулаты Бібліі і запаветы Будды, пераклалі на мову паэзіі, каб крануць самыя запаветныя струны чалавечай душы – і ўсё для таго, каб ён хутчэй змог звярнуцца да Бога і быў бліжэй да Яго ў сваіх дзеяннях і памкненнях… Гэтыя і іншыя людзі абраныя Усявышнім – Хрыстом і Буддай. Бо яны ўказваюць нам шлях да самаўдасканальвання і самаўсведамлення, вызвалення ад путаў духоўнага рабства… Ты хоць слухаеш мяне, Антон сан?
– Слухаю. І вельмі ўважліва. І твае словы – не проста словы, а ўказальны кірунак майго жыцця. Бо і цябе паслаў мне Бог. І я ва ўсім павінен слухацца цябе, падпарадкоўвацца табе.
– Найперш самому сабе. Тады да мяне будзе не падпарадкоўванне, а імкненне ўдасканаліць самога сябе. Ты тое зразумееш пасля...
Мы даелі тэмпуру, дапілі гранатавы сок. Адчулі адначасова, што прыйшла тая хвіля развітання, і яе не абыдзеш, не аб’едзеш.
– Любое тваё жаданне я выканаю, – гаварыў-развітваўся Саяма, і ў яго вачах я не заўважыў ні суму, ні радасці, як быццам ён быў абыякавым да нашага развітання.
– А калі я папрашу камара падкаваць ці муху – здолееш? – я пачаў ужо і здзеквацца з самога сябе, і з яго, майго сябра, сам не ведаючы,
чаго – мусіць жа па той прычыне, што развітанне заўсёды рэч непрыемная і нават балюча-горкая, што яно раніць сэрца…
– Няма нічога прасцей, Антон сан… Не злуйся на развітанне. Не ў нашай уладзе яго пазбегнуць. У нас з табою ніколі не будзе развітання, таму што ў цябе ёсць “Кайсо” – я буду чуць цябе і бачыць, а ты – мяне… У любы час, у любую секунду…
– Дзякую. Ты стаў мне братам. Ты стаў для мяне правадніком. Ты стаў маім другім “я”.
– А ты маім. І табе дзякую, што сустрэў мяне.
Мы падняліся. Стукнуліся ілбамі, абняўшы адзін аднаго. Маўчалі. Усё было сказана і выказана.
“Бывай, Антон сан!..”
“Да сустрэчы, Саяма сан, будзьма!..”
– Да сустрэчы!
8.
“Доўга спіш, Антон… Зм-ммм… Прачынайся, ты ж паабяцаў па тэлефоне, што павінен да дзевяці сустрэцца з заказчыкам і аддаць яму эскізы будучага макета календара…”