Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 131 132 133 134 135 136 137 138 139 ... 150
Перейти на страницу:

– Зачынілі іх, бо правадыр піва ня любіць і ня церпіць, – патлумачыў Робін. – З таго й пачалося. Адылі цяпер, мяркую, людзі ягоныя – вось хто піва любіць і мае. А таксама правадыр ня церпіць, каб народ з уласнай волі цёгаўся, дык калі хто хоча куды йсьці, мусіць да шырыфскай сядзібы завітаць перш ды растлумачыць куды й навошта.

– Сорамна табе мець дачыненьне да такой бязглузьдзіцы, – дакарыў Сэм. – Табе ж у шынку ўтульней, чымся ва ўласнай скуры. Заўжды там тырчэў, па службе ці не.

– Так я й жыў бы, Сэме, каб мог. Але ж ня трэ так сувора. Што я зрабіцьму? Ты ж ведаеш: я ў шырыфы падаўся сем гадоў таму, задоўга да ўсяго гэтага. Бо любіў пашлындацца туды-сюды, народ паглядзець ды вызнаць, дзе піва найлепшае. Цяпер жа ўсё па-іншаму.

– Дык кінь, не шырыфствуй болей, раз гэты занятак зрабіўся зьнявагаю.

– Нам кідаць не дазволена.

– Калі шчэ пачую "не дазволена", раззлуюся, – папярэдзіў Сэм.

– Не сказаў бы, што не хачу тое пабачыць, – сьцішыў голас Робін. – Калі б усе разам раззлаваліся, мо нешта й атрымалася б. Праблема ў даўгалыгіх, Сэме, правадыровых людзях. Ён паўсюль іх рассылае, і калі хто з нас, малога народу, выступіць супраць, дык адразу ж валакуць у Замкнёныя норы. Першым узялі старога Пончыка, галаву Віля Беланога, а тады шмат каго. Апошнім часам усё горшае. Цяпер і зьбіваюць на горкі яблык.

– Тады чаму вы робіце іхнюю працу? – злосна спытаў Сэм. – Хто вас да Жабішчаў даслаў?

– Ды ніхто. Мы тутака й стаім, у вялікай шырыфскай сядзібе. Мы – першы ўсходнепадзелаўскі разьдзел цяпер. Кажуць, цяперака сотні шырыфаў, а з усімі гэнымі новымі правіламі яны й болей хочуць набраць. Большасьць не з сваёй волі йдзе, але ж ня ўсе. I ў Шыры ёсьць тыя, што ў чужыя справы нос соваюць дый выхваляюцца. I горш за тое: жменя тых, хто віжуе й даносіць правадыру й ягоным людзям.

– А, дык вось як вы пра нас вызналі!

– Менавіта так. Нам жа ранейшай Хуткай поштай карыстацца не дазваляюць, а самі яе ўжылі, ды ў розных месцах трымаюць асаблівых весьнікаў. Адзін прыбег учора зь Беланораў з "сакрэтным данясеньнем", а другі адсюль яго панёс далей. А да надвячорку сёньня прыйшоў адказ – загад арыштаваць вас ды прывезьці ў Прырэчча, а ня проста да Замкнёных нораў. Відавочна, правадыр хоча хутчэй вас пабачыць.

– Наўрад тое яго пацешыць, калі спадару Фрода зь ім разьбярэцца, – мовіў Сэм.

Шырыфская сядзіба ў Жабішчах апынулася ня лепшай за сядзібу ля мосту. Блага складзеная зь мярзотнай бляклай цэглы, яна мела толькі адзін паверх і вузкія вакенцы, унутры была сырая й тужлівая. Вячэру падалі на доўгім голым стале, які ня шкрэблі, напэўна, некалькі тыдняў. Але ежа лепшага й не заслугоўвала. Вандроўнікі радаваліся, пакідаючы на ранак гэтае месца. Да Прырэчча заставалася васямнаццаць вёрстаў, рушылі а дзясятай. Выехалі б і раней, але затрымаліся толькі таму, што адцягваньне ад'езду відавочна злавала ачольцу шырыфаў. Заходні вецер зьмяніўся на паўночны й схаладнеў, але болей не дажджыла.

Вёску пакідала даволі сьмешная працэсія, а той нешматлікі народ, што выйшаў зірнуць, "як вандроўнікі нарыштуніліся", вагаўся: ці не забаронена сьмяяцца з гэтай нагоды? Тузін шырыфаў "канваяваў вязьняў", але Мэры прымусіў іх ісьці наперадзе, а Фрода зь сябрамі ехалі сьледам. Мэры зь Піпінам і Сэм сьмяяліся й гаманілі, а шырыфы кульгалі наперадзе, намагаючыся выглядаць суворымі й значнымі. Фрода ж маўчаў, падаючыся сумным і задумлівым.

Апошнім у вёсцы мінулі каржакаватага старога, які падразаў кусты.

– Вітаньне, вітаньне! – гукнуў ён весела. – Дык хто каго заарыштаваў, га?

Два шырыфы адразу ж пакінулі шэраг і накіраваліся на яго.

– Гэй, ачольца! – тут жа гукнуў Мэры. – Загадай-тка сваім вярнуцца на месца, а тое я іх сам вярну!

Ад раздражнёнага выкліку ачольцы два раззлаваныя шырыфы вярнуліся.

– А зараз хадзем! – загадаў Мэры, і вандроўнікі паклапаціліся, каб поні крочылі якраз такім крокам, на які яшчэ ставала ног у хобітаў.

Сонца выйшла з-за хмараў, і, нягледзячы на пранізьлівы вецер, шырыфы неўзабаве запыхцелі й узапрэлі.

Ля Трохграшовых Камяніскаў яны здаліся цалкам. Бо прабеглі чатырнаццаць вёрстаў з адным толькі адпачынкам ля полудня. А ўжо было тры гадзіны пасьля. Шырыфы згаладнелі, пазьбівалі ногі й болей гэткім крокам рушыць не маглі.

– Ну, цяперачка клыпайце як здолееце! – абвесьціў ім Мэры. – Мы далей паехалі.

– Бывай, Робін-Бобін! – разьвітаўся Сэм. – Я цябе чакаю на ганку "Зялёнага цмока", калі ты шчэ не забыўся, дзе ён. Толькі не забрыдзі куды-колечы, дабіраючыся!

– Вы ж арышт парушылі, вось што, – сумна вымавіў ачольца, – і за наступствы я не адказваю.

1 ... 131 132 133 134 135 136 137 138 139 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)