Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Каля фальварка Шнурышкі, дзе паўстанцы далі апошні бой, з Баляславам засталося ўсяго пяць чалавек. Знясіленыя, галодныя, параненыя яны ўпалі пад дрэвы, каб аддыхацца, набрацца сіл…
Тут іх і заспелі царовы карнікі…
……………………………………………………………
22 сакавіка…
Дзень пахмурны і насуплены – неба, здаецца, гатовае было абрынуцца на зямлю ачышчальным дажджом.
На плошчы каля Вострай Брамы стаялі людзі.
Застылі ў маўклівым чаканні і глядзелі, як на плошчы ў суправаджэнні расейскіх грэнадзёраў ішоў, горда ўзняўшы галаву, невысокага росту русявы юнак. На плошчы адбываўся не першы расстрэл касінераў. Вільня патанала ў крыві паўстанцаў. Людзі здзіўляліся – ніхто з тых, каго падводзілі да віселіцы, не прасіў літасці, не плакаў, не падаў на калені.
На грудзях асуджаны на смерць трымаў правую руку, пераплёўшы два пальцы – указальны і вялікі. Той, хто бачыў гэта, ведаў, што азначае той патаемны знак.
Кастусь Каліноўскі глядзеў толькі перад сабой, глядзеў праз шыбеніцу, праз густы людскі натоўп, праз дамы і вуліцы, – глядзеў ужо ў вечнасць.
І тут яму на момант падалося, што яго нехта маўкліва і гучна паклікаў з натоўпу, з усіх сілаў стараючыся прыцягнуць да сябе ўвагу. Асуджаны спыніўся. Паглядзеў направа. Здалося, што на яго ўнікліва глядзелі дзявочыя вочы.
“Марыся? Адкуль ты тут? Хіба ж ты не асуджана і не сасланая, як гаварыў следчы і Ядвіга Макрыцкая, твая цётка? Ці гэта зусім і не ты?..”
Позірк пакутліва і настойліва шукаў сярод соцен вачэй родныя абрысы твару і блізкія вочы, але ён ні на адных не мог засяродзіцца і спыніцца, - нешта перашкаджала ці замінала. Але як толькі ён убачыў твар пад белым капялюшыкам, павязаны па абадку чырвонай стужкай, які прыветна-горка ўсміхаўся, – у Каліноўскага ёкнула соладка-шчымліва сэрца.
Канваір таўхануў нечым тупым у плечы, загадаў груба:
– Не останавливаться!
Адлегласць паміж асуджаным і шыбеніцай скарачалася з кожным крокам.
– Бывай, мой народзе!.. – узняў дыктатар правую руку, не расчэпліваючы пальцы. – Няхай цябе міне пятля расейскай шыбеніцы... Шлях мы вам паказалі і вызначылі. Мы верым, што недарэмна аддалі за вас свае жыцці!..
Узышоўшы на памост, асуджаны абвёў позіркам наваколле і людзей.
Сэрца па-ранейшаму заходзілася ад хвалявання: “Марыська, галубка мая чорнабрыва! Няўжо гэта ты сярод людзей стаіш?..”
З натоўпу выпырхнуў белы, бы снег, голуб, узляцеў у неба. Адляцеў да Вострай Брамы некуды да будынкаў, вярнуўся, пачаў кружляць над галавой Каліноўскага, лапочучы крыламі, а потым паляцеў некуды ўверх, вышэй дамоў і, здаецца, вышэй аблокаў, – і знік у паднябессі.
Той, хто чытае прыгавор, стараецца вымаўляць словы гучна і пагражальна, каб пачулі ўсе ў натоўпе:
– Да смяротнай кары праз павешанне прыгаворваецца дваранін Вікенцій Канстанцін Каліноўскі!..
Яшчэ больш мацнейшым і гучнейшым голасам асуджаны выкрыкнуў:
– У нас няма дваранаў, у нас усе роўныя!
І тады ж, у той жа момант, з-за воблакаў, выглянула бела-чырвонае сонца, набрынялае крывёю пакут і несправядлівасці. Абагрэла сваімі промнямі, аблашчыла пяшчотна твар, супакоіла.
Ён прымружыў вейкі, атрымліваючы апошнюю асалоду ў сваім жыцці – яднанне з сонцам…
Дзесяць гадзінаў трыццаць хвілінаў. Зазванілі званы ў храмах, пераклікаючыся адзін з другім, як бы апавяшчаючы страшную вестку…
І перад тым, як кат накінуў яму на шыю пятлю, з натоўпу выгукнуў нехта з касінераў, нават некалькі галасоў:
– Каго любіш, Кастусь?!
І ён, зноў набраўшы поўныя грудзі паветра, гледзячы некуды ў натоўп, шукаючы сваіх паплечнікаў, выгукнуў, што было сілы:
– Люблю Ліцвінію!..
– То і ўзаемна!
І праз хвіліну пайшоў у бяссмерце…
Калі Кастуся вынялі з пятлі, калі паклалі на памост, да яго падышоў доктар Фавелін. Нейкі час глядзеў у вочы дыктатара, якія былі скіраваны ў неба – да пана Бога. Потым укленчыў, дакрануўся да запясця рукі, каб канстатаваць смерць, прыкрыў нябожчыку вочы.
У гэты момант асабісты доктар Мураўёва нешта шаптаў, нячутнае нікому.
Пачуць яго мог хіба толькі нябожчык, ад якога яшчэ не адляцела душа, але расхінула анёльскія крылы для вечнага палёту ў гісторыі і вечнасці…
Вільня…
Крочу шляхам Кастуся Каліноўскага ад турмы да Галгофы. Чуў, як стагнаў кожны камень бруку, як уздрыгвала зямля ад кожнага кроку асуджанага… Гул ранішняга звону, што склікаў на літургію і імшу, з болем адгукаўся ў сэрцы кожнага віленца…
І сонца, як і тады, у суровы і пахмурны дзень 1864 года, старалася схавацца за аблокі. Кожны год, у гэты ж дзень, калі прыязджаю сюды, каб прайсці пакутніцкім шляхам слынным сынам зямлі ліцьвінскай, тут надараецца такое ж самае надвор’е…