Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
Атака салдатаў для інсургентаў не была нечаканай. Яны падрыхтаваліся. як след. Падпусцілі бліжэй, – і толькі тады адкрылі агонь… Карнікі, пакінуўшы некалькі чалавек забітымі, адступілі. А потым нечакана і мястэчка пакінулі.
Нешта было незразумелае ў паводзінах генерала Ганеўскага. Хітры стары ліс ведаў толк у ваеннай справе, таму адступленне яго салдатаў было вельмі падазроным. Пасланы выведчык Сямён Крукаў назад не вярнуўся, невядома, што сталася з ім. Загінуў ад царовай кулі, ці ўзялі ў палон ды выцягваюць з яго жылы, каб даведацца пра патаемныя планы касінераў, пра іх дыслакацыю…
Сем гвардзейскіх рот, два эскадроны конніцы і дзве сотні казакаў на чале з маёрам Гільдбахам рушылі на дапамогу маёру Мерліну. Мала гэтага, дык нямецкія бароны выдзелілі атрад егераў, які налічваў дзвесце стралкоў.
А егеры выдатна ведалі мясцоваць, усе дарогі і сцяжынкі, тайныя закуткі з заплюшчанымі вачыма маглі адшукаць. Як і ведалі ўсе фальваркі і мястэчкі, падыходы да іх.
Трывожнае маўчанне зацягнулася і Даленга разам з Баляславам прымаюць рашэнне самім рухацца да фальварка, каб хутка перагрупавацца і аб’яднацца з атрадам ксяндза. Але паўстанцаў Мацкевіча на месцы не аказалася – затрымліваліся. Даленга заклікаў да пільнасці, каб не было нечаканасці пад час атакі карнікамі. Як і меркаваў Даленга, раніцай царскія гвардзейцы рушылі ў атаку на пазіцыі інсургентаў. Сустрэлі іх кулямі ды штыкамі… Адна атака гвардзейцаў, другая. трэцяя, чацвёртая…
Бачачы, што гэтыя дзеянні не дасягнуць поспехаў, генерал-лейтэнант Ганеўскі вырашыў сам павесці салдат у атаку. Бачыў яго раз’ятранага Баляслаў, цэліўся ў яго, стрэліў, патрапіў у нагу… Закульгаў генерал-лейтэнант, сеў на зямлю. Грэнадзёры паднялі яго і аднеслі ў больш бяспечнае месца.
І дзесятая, самая напорыстая, падмацаваная аўтарэтэтам і асабістым прыкладам генерала-лейтэнанта, захліпнулася…
Курляндскія егеры праявілі ініцыятыву – павялі атрады салдат акружным шляхам, нечакана атакавалі правае крыло.
Дзве гадзіны змагаліся паўстанцы з карнікамі і курляндскімі егерамі. З самага пачатку бою загінулі лепшыя і вопытныя афіцэры-паўстанцы, сур’ёзна параненым аказаўся Даленга.
Вось тады толькі падышоў атрад Антона Мацкевіча. Ксёндз, убачыўшы, што паўстанцы амаль разгромлены, не разгубіўся. Сакрушальным аказаўся націск свежых інсургентаў. Але сіла і салому ломіць… Занадта позна далучыліся да бою, які ўжо, лічы, і скончыўся… Параза напаткала паўстанцаў.
Больш як сто інсургентаў паляглі ў баі, шмат разбеглася. Смелыя і адважныя афіцэры Антаневіч і Жарскі, знаходзячыся ў першых радах, загінулі. Даленга акрываўлены, ляжаў на палатнянай падсцілцы. Куля ўдарыла ў спіну, кранула пазванок. Яго вынеслі з полю бою на руках.
Перад гэтым ён аддаў распараджэнне камандаваць паўстанцкімі атрадамі начальніку штаба Ігнацію Ляскоўскаму.
А кіраванне агульным войскам узяў на сябе Баляслаў Калышка. Ён, як і раней, падзяліў атрад на дзве часткі. Адну з абозам, калі ўжо сцямнела, адправіў да мястэчка Попелаў. Другую ж вярнуў на ранейшыя пазіцыі, туды, дзе праходзіў бой. Вось толькі цяпер Калышка злучыўся з атрадам Мацкевіча, з рэшткамі яго атрада.
Адпачываць і прыводзіць сябе ў парадак не было калі, і таму раніцай, дзевятага траўня, вырашылі рушыць следам за абозам. Дагналі яго каля фальварка Шнурышкі. Не паспелі прайсці з вярсты тры, як іх нечакана атакавалі карнікі Ганеўскага. Да гэтага інсургенты гатовы не былі – на адкрытым полі не паспелі нават апамятацца і аказаць супраціўленне…
Толькі стралкі змаглі стрымаць наступленне салдатаў. Але ў іх не хапала патронаў. Абозу ж удалося вырвацца з акружэння. Баляслаў камандаваў правым крылом. Левае было сакрушана, частка правага зусім адрэзана ад галоўнага атрада. Паспрабавалі прабівацца ў іншы бок…
Не вытрымалі націску карнікаў – паўстанцы былі разбіты ўшчэнт. Хто разбегся, пакінуўшы поле бою, хто здаўся ў палон – больш як пяцьдзесят чалавек. І ўсё ж больш як чатырыста інсургентаў на чале з Мацкевічам і Ляскоўскім дапялі да Панявежскіх лясоў…
Быў і яшчэ адзін бой, другі і трэці. Сілы і рады інсургентаў раставалі ўвачавідкі.
Атрад быў разбіты, а “галоўных начальнікаў” – Баляслава Калышку і Зыгмунта Серакоўскага – захапілі ў палон.
Перад гэтым атрад Ганецкага атрымаў загад акружыць лес, дзе знаходзіўся фальварак Крошты. Калышка рушыў у той бок, каб аб’яднацца з атрадам Серакоўскага, якога неслі на насілках. Інсургенты былі яшчэ здольныя аказваць супраціў карнікам…