Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Друцкі пабляднеў і схапіў доктара за руку:
— Што вы сказалі?
— Расказваю. У прафесара нядаўна з’явілася думка, што ў псіхіцы індывідуума, як і ў яго марфалогіі, можна адшукаць сляды папярэдніх пакаленняў, а перш за ўсё бацькоў.
— І што?
— Не буду заглыбляцца ў падрабязнасці. Досыць таго, што прафесар правёў цэлы шэраг гіпнатычных эксперыментаў, як у клініцы, так і тут, — доктар указаў на закрытыя шторай дзверы, — у нас. Наколькі я мог зрабіць выснову з яго скупых справаздач, гэтыя даследаванні не далі такіх вынікаў, якіх ён чакаў і якія б дазвалялі яго гіпотэзе называцца навуковай тэорыяй. Аднак жа ў яго было некалькі выпадкаў, якія прымушаюць задумацца. Учора ж ён паставіў эксперымент на Пятру.
— І вы пры гэтым прысутнічалі?!.
— Не. Я толькі ведаю, што прафесар цэлы дзень рыхтаваўся да сеанса, а вечарам ён замкнуўся з сынам у кабінеце на гадзіну, а праз гадзіну… выйшаў ззяючы, нават, я б сказаў, узбуджаны. Ён заявіў мне, што яго гіпотэза ўзрушыць сучасную навуку і што ўгляданне павінна існаваць і павінна быць прызнана афіцыйнай навукай.
Друцкі слухаў затаіўшы дыханне і амаль крыкнуў:
— Тысяча чарцей! У мяне камень спадае з сэрца!
Японец слаба ўсміхнуўся:
— О, у нас і без гэтага быў шэраг, а дакладней, дваццаць два несумненныя доказы існавання частковага ўглядання, выкліканага штучна з дапамогай пераканання, і сем выпадкаў углядання, таксама частковага, без выкарыстання гіпнозу, а з дапамогай натуральных сродкаў.
— Як гэта, натуральных?
— З дапамогай канцэнтрацыі ўвагі цяжарнай па пэўнай дэталі. Так, напрыклад, у пакоі, пазбаўленым якіх бы тое ні было ўпрыгожванняў ці разнастайнасці, змяшчалі карціну з выявай чалавека з адным ненатуральна вялікім вухам. Пачварнасць гэтага вуха прыкоўвала пагляд пацыенткі месяцамі. Яе сын нарадзіўся з правым вухам, большым за левае на семдзесят чатыры працэнты.
— Фенаменальна!
— Альбо, напрыклад, для іншай цяжарнай мы напоўнілі пакой пахам мускусу. Потым адразу стварылі моцны раптоўны шум. Жанчына праз пэўны час, як толькі адчувала пах мускусу, ведала, што хутка будзе грукат, і затыкала вушы. Дык вось яе дачка, якой зараз гадоў дзевяць і якая вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе, як толькі адчуе пах мускусу, адразу затыкае вушы. Калі ў яе пытаюцца, навошта яна гэта робіць, дзяўчынка адказвае, што не ведае. Затое загіпнатызаваная яна без вагання сцвярджае, што будзе стрэл.
— А ў маці таксама захаваўся гэты рух?
— Не. Маці зусім не рэагуе на гэты пах. Але я скажу вам яшчэ нешта цікавае. Гэтая жанчына выйшла замуж за кур’ера з банка і нарадзіла яму сына. Хлопец, якога прафесар Бруніцкі даследаваў год таму, аўтаматычна рэагаваў на пах мускусу затыканнем вушэй. Як бачыце, уражанне, аказанае на маці, перадаецца і плоду, а гэты плод настолькі адлюстраваўся на арганізме маці, што транслюе ўражанне наступным дзецям.
— Неверагодна! Значыць, розныя арыгінальныя рэфлексы ў людзей можна будзе растлумачыць?
— Не толькі рэфлексы, а і адхіленні, агіду, пакутлівыя сны пра рэчы, якія пэўны індывідуум ніколі не бачыў, размовы праз сон на чужых, невядомых мовах, часцей за ўсё на санскрыце. Усё гэта наступствы ўражанняў, атрыманых падсвядома ва ўлонні маці, а часта перададзеных праз сотні пакаленняў.
— Да ашаламляльных высноў прыходзіць сённяшняя навука! — усклікнуў Друцкі.
— Ну, не такая ўжо і сённяшняя, — усміхнуўся Кунокі. — Бацька ятрахіміі[42], швейцарскі ўрач Парацэльс ужо ў пачатку шаснаццатага стагоддзя адшукваў крыніцы анамалій і паталагічных змен ва… угляданні маці падчас цяжарнасці. Праўда, для яго было важна выявіць прычыны ахрамазіі…
— Чаго?
— Ахрамазія — гэта поўны дальтанізм альбо калі чалавек усё бачыць шэрым. Парацэльс адкрыў гэта яшчэ за дзвесце гадоў да Дальтона і сцвярджаў, што людзі з ахрамазіяй — гэта дзеці жанчын, якіх падчас цяжарнасці трымалі ў турэмнай цямніцы. Канечне, гэта версія не вытрымлівае крытыкі. Затое іншыя яго ідэі пацверджаны ўжо некалькімі маімі вопытамі. Я маю на ўвазе музыкальнасць, якая часам бывае спадчыннай, аднак часцей гэта вынік уражанняў, атрыманых цяжарнай.
— Але гэта ўсё частковыя ўгляданні, калі ж гаворка пра Пятра, яно неверагодна поўнае.
— Так.
— І гэта неяк тлумачыцца?
— Зразумела. Прызнаюся вам, гэты выпадак мяне надта зацікавіў, — закруціўся ў крэсле доктар Кунокі. — Зацікавіў не толькі як свайго роду феномен, але і як пытанне, што датычыць непасрэдна прафесара Бруніцкага, да якога я з усёй душой, вельмі паважаю і ўзношу.
42
Ятрахімія — рацыянальны напрамак алхіміі XVI–XVII стст., які імкнуўся паставіць хімію на службу медыцыне і галоўнай мэтай рабіў гатаванне лекаў.