Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Акенца «да запатрабавання» ўжо не працавала, але гэта было няважна. Дзяўчына ўзяла бланк і, напісаўшы тэлеграму, уручыла яе служцы. Яна палічыла словы:
— З вас два злотыя.
Толькі цяпер Юлька заўважыла, што не ўзяла сумачку.
— Божа мілы! У мяне няма з сабой грошай! — крыкнула яна з роспаччу. — А гэта так тэрмінова!
Служачая ўсміхнулася:
— Заўтра мне аддасце.
— О, якая вы добрая, якая вы добрая!
— Я бачу, што для вас гэта вельмі важна, — кіўнула галавой работніца пошты.
Юлька павольна вярталася ў «Гадзіву». О, ці важна ёй? Больш чым важна! Заўтра, канечне, яна аддасць доўг на пошце. У сумачцы ў яе ёсць паўтара дзясятка злотых… Раптам яна ўсвядоміла, што гэта ж грошы, якія яна атрымала ад Аліцыі, што гэта сукенка, якая на ёй, што ўсё, што ў яе ёсць, усё, што яна ўмее, усё дзякуючы выключна Аліцыі.
Яна была ў безвыходным становішчы і доўга не спала ноччу, усхліпваючы ў падушку.
Раздзел 21
— Зараз я з табой убачыцца не магу, — гаварыў прафесар Бруніцкі, — але буду табе ўдзячны, калі ты прыйдзеш да мяне на абед.
— Дамовіліся, Караль. Здаецца, у цябе выдатны настрой.
— Так, Багдане, гэта нават больш, чым настрой. Я табе званіў некалькі разоў, але і ўчора мне адказалі, што цябе няма ў Варшаве.
— Я, уласна, пад Варшавай, — адказаў Друцкі.
— Так, я ведаю, панна Лэнска мне згадвала, што ты сядзіш у нейкіх Хэлмінах. Дзякуй табе, што наведаў панну Лэнску. Ты не знаходзіш, што яе стан значна палепшыўся?
— Яна цалкам занятая думкамі пра…
Друцкі наўмысна зрабіў доўгую паўзу.
— Пра каго? — нецярпліва спытаўся Бруніцкі.
— Чаму не «пра што», а?
— Дык усё роўна, пра што.
— Пра цябе, Караль.
Бруніцкі кашлянуў у трубку:
— Так… ну… дык я чакаю цябе на абед, дарагі Багдане. Да пабачэння.
Друцкі адклаў трубку і засмяяўся.
— Ужо можна шумець? — спыталася Зоська, стоячы ля акна з трубой ад пыласоса ў руцэ.
— Шумі, малышка, колькі табе хочацца.
Дзяўчына павярнула рычажок, і пыласос забурчэў нізкім тонам.
Зоська нахілілася над дываном так, што яе кароткая паркалёвая сукенка ў блакітную палоску адкрыла ногі вышэй за пругкія мускулы, што звязваюць калені, зрэшты, сукенка ўся прылягала да скуры, вільготнай ад спякоты.
— Зоська! — усклікнуў Друцкі.
Яна адвярнула заружавелы твар.
— Ты ведаеш, што ты прыгожая, чартоўка!
Зоська выпрасталася і вышчарыла шырокія белыя зубы. Паркаль быў такі празрысты, што праз яго выразна былі відаць дзве бронзавыя плямы на дужых пругкіх грудзях.
— Ну дык, можа, і прыгожая, але не для кожнага.
— Як гэта, не для кожнага? — крыху абурыўся Друцкі.
— Дык не для вас, бо да вас перад ад’ездам куды прыгажэйшая пані прыходзіла, ды і гэта, у якой вы цяпер на вёсцы былі, гэта таксама прыгажэйшая.
— Хадзі сюды! — рэзка кінуў ён.
Не вагаючыся, Зоська паклала трубу пыласоса і наблізілася да крэсла ля тэлефона. Друцкі працягнуў руку і пасадзіў яе сабе на калені. Дзяўчына не супраціўлялася, але сядзела неяк напружана. Праз шоўк піжамы і тонкую сукенку ён адчуваў вільгаць яе скуры. Яго рука, перамяшчаючыся па яе голых лытках, таксама стала вільготнай. Пах яе цела нагадваў водар чыстай бялізны і чабору, а скура шыі і твару пахла малаком.
Друцкі ўпіўся ў яе вусны.
— Зараз, — лёгка адсунула яго Зоська, — я выключу пыласос. Шкада току.
Яна ўстала, і ён таксама ўстаў. Яна выключыла пыласос і, выпрастоўваючы рукі, сказала:
— Страшная спякота! Так бы — ды ў Віслу!
— Пакупайся ў ванне, — працадзіў Друцкі праз сціснутыя зубы, запальваючы папяросу.
— О, не… Я не адважваюся!
— Чаму? Калі ласка. Напусці сабе вады, толькі не надта халоднай, бо прастудзішся.
— Можна? Вы праўда дазваляеце?
— Колькі хочаш!
— Бо я часам, калі вас не было, думала пакупацца, але баялася. О, вы толькі не падумайце, што я брудная. Я і так мыюся, а гэта дзеля прахалоды.
— Не, не думаю. Дай мне паснедаць і купайся, колькі хочаш.
— Дзякуй, вялікі дзякуй! — усклікнула Зоська проста з дзіцячай радасцю і хутка падала яму каву, пасля чаго знікла.
Друцкі паспытаў каву, яна была гарачая. Наблізіўся да акна. Тэрмометр у цені паказваў трыццаць сем градусаў. Во спёка!
З ваннай да вушэй данёсся плёскат вады. Друцкі прыжмурыў вочы, хвіліну павагаўся і націснуў на ручку дзвярэй ваннай. Яны былі адчыненыя.
Дзяўчына стаяла голая ў душавой нішы сярод граду кропляў, якія атачалі яе. Яна апляла рукамі сваю шыю, падстаўляючы твар і грудзі пад моцны напор. Вочы зажмурыла, а шум вады заглушыў крокі Друцкага.