Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
З радасцю пачулі, што на поўную сілу пачаў дзейнічаць падпольны Літоўскі правінцыйны камітэт, які меў за галоўную мэту рыхтаваць паўстанне ў Літве, – у Ковенскай, Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губерніях. А на Беларусі геаграфія разлягалася на Віцебскую і Магілёўскую губерні.
Сустрэўшыся з Вікенціем Канстанцінам Каліноўскім, расказаўшы пра свае прыгоды і пра маскоўскія падзеі, пра “Агул”, пачуў ад дыктатара:
– Далучайся да нашай дзейнасці. Нам трэба абавязкова і як найхутчэй сфарміраваць паўстанцкі атрад у Ковенскім павеце.
У мястэчка Чэкішке Баляслаў прыехаў праз два дні. Яно знаходзілася над ракой Дубісай – не надта шырокай, але плыткай. Лагер паўстанцаў месціўся воддалеч ад Чэкішак – пад засенню высозных дубоў і ясакараў. Правёў туды яго мясцовы жыхар – Раман Нарбутовіч.
Пад вечар яго адшукаў ксёндз Апанас Наравойша. Радасна абвясціў:
– Мы тут у шапку не спалі. Маем ужо вялікі гурт паўстанцаў. Народ апантаны і смелы. Кожны дзень людзі прыбываюць і прыбываюць. Найбольш бацькі з сынамі.
Ксёндз не мітусіўся, але сказаць, што ён быў памяркоўны і абыякавы, не выпадала. Адзенне яго не выдавала святара, толькі голасам адрозніваўся – раз за разам паўтараў “Езус Хрыстус”, “Святая Багародзіца”…
Росту сярэднягя, хударлявы, на шчацэ бародаўка, сінія вочы пад густымі бровамі, барада.
“Мусіць жа, такі і адважны, як і разумны, – падумалася Баляславу, – цвёрды характарам і непахісны ў перакананнях… Пашчасціла мне мець такога намесніка, сам Бог паслаў”.
– Ці ўсё так добра, як вы кажаце, святы айцец? За што ж будуць змагацца жамойцкія сяляне? Хто здолеў за такі кароткі час зрабіць з іх касінераў і інсургентаў? Па дарозе сюды мне апавядаў пра вас Раман Нарбутовіч. Казаў, што вас паважаюць і любяць мясцовыя сяляне, што вы карыстаецеся вялікай павагай у іх.
Ксёндз усміхнуўся, паглядзеў некуды ў засмужаную далеч.
– Так, усё так, дарагі Баляслаў! Акрамя таго, што я на імшы даводжу людзям пра аднаўленне свайго жыцця, гавару з кожным і ўпаасобку. Прыводжу словы з Бібліі. Кажу, што ёсць Стары Запавет – учарашні дзень чалавецтва, але Езус Хрыстус падараваў нам Новы Запавет, па якім мы павінны будаваць сённяшняе жыццё. Паўтараю, што мы павінны памяняць саміх сябе, а потым урад, які прыгнятае народ… Каб сказаць, што мы дайшлі да сэрца кожнага селяніна, не магу. Жамойцы падымаюцца на барацьбу з царскімі ўладамі толькі з-за таго, што тыя груба зняважылі каталіцкую веру…
– А за Айчыну?
Ксёндз уздыхнуў, паклаў далонь на калена Баляславу:
– А вось тут… А вось тут іх нянавісць да цара і заканчваецца. Колькі я ім ні даводжу, што трэба глядзець глыбей і шырэй, паразумення не знаходжу: адказваюць маўчаннем. Вось разам з вамі, дарагі Баляслаў, чаго-небудзь даб’емся, каб браты жмудзіны зразумелі, што абараняць неабходна не толькі сваю веру, а і Айчыну, якая завецца Літва-Беларусь…
Калышка злёгку ўсміхнуўся, зазірнуў ў блакітныя вочы святара:
– Вы мне усё роўна як казань прачыталі. Дзякуй за шчырасць, хаця вы трошкі і астудзілі мой пыл.
Ксёндз наклаў на сябе крыж, прамовіў:
– Не адчайвайцеся, дарагі Баляслаў! Селянін паразумнее, калі са зброяй у руках уступіць у бой з царскімі жаўнерамі. Для яго чужая мова як і чужая рэлігія, костка ў горле. Здабудзецца рэлігія, а следам за ёй і воля.
– Хай будзе так!
– Будзе так! – падсумаваў размову Наравойша. – Усё ў руках Езуса Хрыстуса!
…Раніцай, на золаку, яго разбудзілі. Той жа Раман Нарбутовіч:
– Таварыш камандзір, новая партыя паўстанцаў прыйшла.
Прыйшлі сяляне. Убачыўшы, што да іх ідзе Баляслаў, скінулі магеркі. Гэта здзівіла яго, і ён, не хаваючы ўсмешку на твары, спытаў:
– Што вы як перад панам якім шапкі здымаеце? Як гэта разумець?
Самы старэйшы з іх, відаць, ніколі за словам у кішэню не лезе, мовіў:
– А мы не шапкі перад панам здымаем, мы камандзіра войска вітаем!
– Што ж, тады добрай раніцы, дарагія! Рад, што наша войска папаўняецца. Я буду вашым камандзірам. І завуць мяне Баляслаў Калышка. Колькі вас і адкуль?
– Дваццаць тры чалавекі, – адказаў той жа бойкі селянін. – З пяці бліжэйшых вёсак мы прыбылі. Астатнія абяцалі прыйсці праз колькі дзён, збіраюцца пакуль. Мяне завуць Ігнат Сулімскі, а гэта маіх трое сыноў.
– Добра. Шукайце сабе месца, ладзьце часовае жытло, каб схавацца ад слоты. Вам паможа Нарбутовіч.
Ігнат Сулімскі падышоў да Баляслава.
– Пытанне нас хвалюе спадар камандзір. Як са зброяй? Мы што-кольвечы прыхапілі сваё – косы, вілы, сякеры, але гэта так, каб не з пустымі рукамі. А ці ёсць штуцэры, абмундзіраванне, абутак?