Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Не разагнуць спіны. Дрыжэлі, калаціліся ад перанапружання ногі. Малаткі стукалі ў скроні. Ледзьве дапаўзалі мы да ложкаў – падалі і адразу засыналі, паспеўшы перад гэтым нядобрым словам абмацюгаць сваю працу… Ноччу снілася рыба з вострымі зубамі, і яна хацела схапіць мяне за руку…
Ніколі ніхто з нас не спазняўся на вахту: загад капітана “Чорнай пантэры” выконваўся бездакорна.
4.
Нішто не абяцала кепскага надвор’я.
Калі ж мы перасеклі мерыдыян, і калі ўвайшлі ў воды Ахоцкага мора, аднекуль, па ўсім небе, сышліся чорна-свінцовыя аблокі, знячэўку ўсчаўся шалёны і напорысты вецер – і нашую пасудзіну загайдала бы трэску…
Зразумела было, што нам дастанецца па самую завязачку – шторм нараджаўся ўвачавідкі, пагрозліва стагнаў, хваляваўся акіян, шпурляючы салёныя важкія пырскі на твары і спіну, стараючыся збіць нас з ног…
У кожнага трывожна на душы, але ніхто адкрыта не паказваў яе – было забаронена паказваць, бо мора не для слабакоў, мора любіць мужных і настойлівых…
А пасля ў дадатак паліў дождж – густы і халодны.
У той час, як наш сейнер пачало разгойдваць усё больш і больш, мы з Саямам скончылі працу. Але не пацягнуліся да сваіх ложкаў, як раней, а заставаліся на палубе – толькі трошкі адышліся ад рабочых месцаў і прылеглі на мокры брызент, каб адпачыць, перавесці дух…
Хаця збольшага ўцягнуліся, сталі, так бы мовіць, двужыльнымі, і ўсё радзей і радзей пачыналі адчуваць стому, на гэты раз прыйшлося найбольш цяжэй… Але прылеглі мы не для таго, каб аддыхацца і набрацца сілаў – нешта не пускала спусціцца ў трум, замінала нешта.
А потым мы падняліся, каб сысці з палубы. Нешта хацелі сказаць адзін аднаму, ды не хацелася перакрыкваць шторм, які сварыўся-гірчэў на розныя галасы, гразіўся змыць нас у мора…
Саяма стаяў да мяне тварам, трымаўся за металічную парэнчу, чакаў, калі я першы ступлю і ён пойдзе следам за мною…
Добра, што не заспяшаўся, добра, што затрымаўся на секунду-дзве, бо тут жа ўбачыў, як за яго спіной, у наш бок, на нас, кацілася вялізная бочка. У некалькі тонаў вагой. Ці яна сама сарвалася з мацавальнікаў, ці хто знарок яе адкруціў з асновы і піхнуў на японца, я не ведаў, – стаяла густая сцяна дажджу, і таму наўрад ці што можна было заўважыць у гэтай шэрані…
Я не крыкнуў сябру, каб паасцярогся, – ён бы і не пачуў мяне і не зразумеў бы, каго ці чаго трэба асцерагацца. Таму я скочыў да яго і пацягнуў убок, – і ён упаў на мяне…
Бочка з грукатам праляцела па тым месцы, дзе толькі што стаяў Саяма, раструшчыла кабіну, паламаўшы рознае карабельнае начынне…
Саяма пільна зірнуў туды, адкуль кацілася смерць. Падалося: шэры цень прашмыгнуў за скрынямі, у якіх знаходзіліся канаты і знік за гарой складзенага брызенту…З твару Саямы цяклі густыя струмені дажджу, і ён не хаваўся ад яго, хадзіў заўсёды з непакрытай галавой.
– Антон сан… Я твой даўжнік. Ты мне ўратаваў жыццё. Я быў на валаску ад смерці.
– То я твой даўжнік, Саяма сан.
– Зноў твая сціпласць бярэ верх?
– Саяма сан! Я нічога такога не зрабіў, каб ты лічыў сябе даўжніком. То ты мне выратаваў жыццё, узяўшы мяне з сабою ў гэты незвычайны рэйс. То я табе ўдзячны, дарагі мой дружа!
– Ты малайчына, Антон сан, малайчына!..
А шторм узмацняўся яшчэ больш, набіраў сілу, злаваўся і вар’яцеў. Капітан выкрыкваў каманды, прымушаў усіх выконваць нашую ж работу, каб льга было зберагчы “Чорную пантэру”, на якой яшчэ трэба было працаваць, і выратаваць саміх сябе, свае жыцці…
– Трымайся, Антон сан! – крычыць на вуха сябар, падтрымлівае мяне, каб не паслізнуўся і не пасунуўся па палубе да парэнчаў.
– Трымайся, Саяма сан! – адгукваюся я, учапіўшыся, што было сіл у парэнчы, якія вялі да ўвахода ў чэрава сейнера. – Выстаім! Капітан выратуе нас!..
5.
Шторм аціх толькі пад раніцу…
Мы, знясіленыя і нямоглыя, пападалі, дзе хто стаяў.
Трое сутак капітан не будзіў людзей.
Калі спаў ён сам, ніхто не ведаў.
А потым, калі ўсе ачухаліся (ніводнага не прымусіў падняцца па камандзе), калі стала навокал ціха-ціха, калі ўсе прачнуліся і адчулі сябе шчаслівымі, што засталіся жывыя, – загадаў капітан сабрацца ўсяму экіпажу на верхняй палубе.
– Дзякую ўсім, што выратавалі “Чорную пантэру”! – абвясціў усім падзяку. – Дзякую, што ніхто не збаяўся стыхіі!