Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Ну, удачы вам на шляху ды шчасьліва вярнуцца дахаты! – сказаў спадар Масьляк. – Мусіў я раней вам казаць, што, з чутак, ня ўсё ў Шыры добра. Нешта дзіўное адбываецца, кажуць, калі ня хлусяць. Аднак даруйце мне дзёрзкасьць, калі ласка, вы ж зусім іншыя вярнуліся з вашых вандраваньняў, дый выглядаеце, быццам здольныя лёгка разабрацца зь любою напасьцю. Не сумняюся, неўзабаве вы ўсё там выправіце. Удачы вам! I чым часьцей да мяне завітаеце, тым болей мне будзе радасьці!
Пажадалі ўсяго добрага шынкару й выехалі праз Заходнюю браму, кіруючы да Шыру. Поні Біл выправіўся зь імі. Як і раней, небарака нёс даволі паклады, аднак бадзёра трухаў побач з Сэмам і падаваўся цалкам задаволеным.
– Цікава, на што гэта намякаў стары Ячман, – вымавіў Фрода.
– Нешта мне прыгадваецца, – адгукнуўся Сэм змрочна. – Я ж бачыў у люстэрку: дрэвы пасечаныя ды накшталт таго, старога майго гоняць з слабады. Хутчэй бы дахаты.
– Нешта ня так і з Паўднёвым падзелам, відавочна, – заўважыў Мэры. – Бо ж паўсюдна не стае люлькавай зёлкі.
– Што б там ні было, відавочна, стаіць за ўсім Лота, – абвесьціў Піпін. – Без сумневу.
– Стаіць мо й стаіць, дый нехта яшчэ за ім, няйначай, – вымавіў Гэндальф. – Вы забыліся на Сарумана. Ён раней, чым Мордар, зацікавіўся Шырам.
– Ну, цяпер вашаць з намі, дык усё хутка высьветліцца, – сказаў на тое Мэры.
– Я пакуль што з вамі, але ненадоўга. Я ў Шыр не паеду. Вам самім належыць усё ўладкаваць, бо ці ж вы ня маеце ўжо досьведу? Ці не разумееце: мой час скончыўся? Болей не мая справа выпраўляць рэчы або дапамагаць у тым ці іншым. Што ж тычыцца вас, дарагія сябры, вам і не патрэбная дапамога. Вы значна вырасьлі. Вырасьлі да сапраўднай велічы, так, бо вы цяпер сярод найвялікшых, і я болей не баюся ні за кога з вас. А я неўзабаве збочу. Бо маю доўгую размову з Бамбадзілам. Такую, якой аніколі ня меў за ўвесь свой час. Ён – камень нязрушны, а я – перакаці-поле. Але ж дні маіх перакатаў скончыліся, і цяпер нам шмат чаго ёсьць распавесьці адзін аднаму.
Неўзабаве сягнулі таго месца на шляху, дзе разьвіталіся калісьці з Бамбадзілам. Спадзяваліся, і нават амаль упэўненыя былі, што пабачаць яго там. Аднак яго не было, а шэры туман на поўдні над Скляпеньнямі зусім засьціў удалечыні Старую пушчу.
Прыпыніліся, і Фрода з шкадаваньнем зірнуў на поўдзень:
– Хацеў бы я пабачыць старога Тома. Цікава, як ён там?
– Добра, як і заўжды, можаш быць пэўны, – адказаў Гэндальф. – Анічога яго не турбуе і, мяркую, ня надта цікавіць, што мы бачылі альбо зьдзейсьнілі, апрача хіба нашага візыту да энтаў. Мо пазьней будзе прыдатны час для вас зьезьдзіць пабачыць яго. А зараз на вашым месцы я пасьпяшаўся б дахаты, пакуль не зачынілі браму Бранявінскага мосту.
– Ды няма там аніякай брамы, – запярэчыў Мэры, – на шляху ва ўсялякім выпадку, вашаць жа добра ведаеш. Брама ў Прыбычча ёсьць, гэта так, але ж яны ўпусьцяць мяне ў любы час.
– Не было брамы ў твой час, ты маеш на ўвазе, – паправіў Гэндальф. – Цяпер, мяркую, вы яе ўбачыце. I, верагодна, сустрэнеце болей непрыемнасьцяў, чым чакаеце, нават ля Прыбыцкай брамы. Аднак вы з усім справіцеся. Да пабачэньня, дарагія сябры! Не апошні раз бачымся! Да пабачэньня!
Павярнуў Ценяра, і вялікі конь пераскочыў прорынь, што цягнулася ўздоўж шляху. Гэндальф гукнуў, і конь ірвануў наперад, імкнучыся да курганоў, рыхтык паўночны вецер.
– Ну, вось мы й засталіся, як пачалі, чацьвёра, – падсумаваў Мэры. – Астатніх пакінулі за сьпінамі, аднаго за другім. Нібы ўсё было марай, што павольна распусьцілася.
– Не для мяне, – заўважыў Фрода. – Мне, хутчэй, падаецца, што я зноў засынаю.
8. Ачышчэньне Шыру
Сьцямнела, калі стомленыя й мокрыя вандроўнікі дабраліся нарэшце да Бранявіну – і ўбачылі, што далей праезду няма. На кожным канцы мосту тырчэлі вялізныя брамы, абсаджаныя шыпамі, а на дальнім беразе ракі высіліся новыя даміны: двухпавярховыя, з вузкімі прамымі акенцамі, голыя й кепска асьветленыя, надта непрывабныя й цалкам няшырскія з выгляду.
Хобіты закалацілі ў браму й загукалі. Спачатку ніхто не адказваў, тады, на дзіва, нехта задзьмуўу рог, і агні ў вокнах згасьлі. Зь цемры пачулася: