Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Хто там? Прэч! Ці ж ня бачыце надпіс: "Няма праходу ад заходу да сьвітанку"?
– Вядома, ня бачым – цемначы! – гукнуў Сэм у адказ. – І калі шырскіх хобітаў хочуць трымаць вонкі пад дажджом у такую ноч, дык я зьдзяру твой надпіс, як толькі пабачу!
Бразнула шыбіна, з хаты леваруч высыпаў натоўп хобітаў зь ліхтарамі. Яны адчынілі браму з другога боку, некаторыя зайшлі на мост. А калі пабачылі вандроўнікаў, то відочна перапалохаліся.
– Ну, ты, ходзь сюды! – паклікаў Мэры, пазнаўшы аднаго. – Калі шчэ не пазнаў мяне, Хоб Сеньнік, дык прыгледзься. Я – Мэры Бронь-Быч, і я хачу ведаць, што адбывацца й што прыбычац накшталт цябе тут робіць. Ты ж звычайна пільнаваў Засечную браму.
– Бацюхны! Тое ж спадарык Мэры, няйначай, і ўвесь у ваярскім рыштунку! – вохнуў стары Хоб. – Аёй, а яны казалі – вашмосьць памёр. Паводле ўсіх расповедаў, у Старой пушчы згінуў. Як жа я рады пабачыць усё ж вашу жыўцом.
– Тады не тарашчы вочы праз краты, а адчыні браму!
– Мне шкада, спадару Мэры, але ў нас загад.
– Чый загад?
– Правадыра з Торбы-пад-Стромай.
– Правадыра? Сапраўды? Ты маеш на ўвазе спадара Лота? – спытаў Фрода.
– Мяркую, што так, спадару Торбінсе, але нам даводзіцца цяпер казаць упрост "правадыр".
– Але, але! – згадзіўся Фрода. – Ну, я рады, што прынамсі Торбінсам ён болей не называецца. Аднак відавочна надышоў адпаведны час, каб радзіна зь ім разабралася ды паказала яму ягонае месца.
Хобіты за брамаю прымоўклі.
– Бяда будзе, калі гэтак размаўляць, – вымавіў нехта з натоўпу. – Бо яму ж данясуць. А калі гэтак шумець, дык пабудзіш і правадыровага вялікага ачольцу.
– Мы так яго абудзім, што ён ад неспадзяванкі не ачомаецца, – паабяцаў Мэры. – Калі ты маеш на ўвазе, што ваш правадыр наймае галаварэзаў з глухмені, дык мы сюды ў час пасьпелі.
Саскочыў з поні і, убачыўшы ў сьвятле ліхтара шыльду з надпісам, сарваў яе ды кінуў за браму. Хобіты адсунуліся, і ніхто не варухнуўся, каб адчыніць.
– Давай, Піпіне, – прапанаваў Мэры. – Двох тут дастаткова.
Піпін з Мэры ўскараскаліся на браму. Хобіты паўцякалі. Рог задзьмуў яшчэ раз. З большага будынку праваруч зьявілася вялізная цяжкая постаць, бачная ў сьвятле зь дзьвярніцы.
– Што тут такое? – гыркнуў ачольца, крочыўшы наперад. – Браму зламалі? Прэч, а тое я паскручваю вашыя брудныя танюткія шыйкі!
I раптам спыніўся, бо заўважыў бляск мечаў.
– Біл Бур'як, – пазнаў Мэры. – Калі ты не адчыніш браму празь дзесяць сэкундаў, моцна пашкадуеш. Калі не падпарадкуесься, пакаштуеш сталі. А калі адчыніш браму, то й пройдзеш празь яе, і аніколі болей ня вернесься! Бо ты – гультай і бандзюга з шляху.
Біл Бур'як уздрыгнуў, сунуўся да брамы й адчыніў яе.
– Дай сюды ключ! – загадаў Мэры.
Але бандыт кінуў ключ, цэлячы ў галаву хобіта, а тады рынуўся ў цемру. Калі прабягаў міма поні, адзін зь іх брыкнуў ды трапіў у Бур'яка. Той зь енкам пакаціўся ў цемру. Аніколі болей яго ня бачылі ды ня чулі.
– Файна, Біле, – ухваліў Сэм поні.
– Вось і ўсё з вашым вялікім ачольцам, – абвесьціў Мэры. – Правадыра стрэнем крыху пазьней. Пакуль што нам патрэбнае месца на ноч. Раз вы пабурылі тутэйшы шынок, каб пабудаваць гэтую мярзоту, дык разьмяшчайце нас у ёй.
– Мне шкада, спадару Мэры, – папярэдзіў Хоб, – але тое не дазволена.
– Што не дазволена?
– Браць на ноч прышлы народ вось так, ды лішнюю ежу есьці, ды ўсялякае такое, – патлумачыў Хоб.
– А што такое здарылася? – спытаў Мэры. – Год неўраджайны ці што? Мне падалося, файнае лета ды ўраджай таксама.
– Ну так, год неблагі, але. Шмат чаго вырасьцілі, але ж папраўдзе й ня ведаем, што здарылася з ураджаем. Гэта ўсё "зборшчыкі" ды "падзяляльнікі". Шныраць навокал, усё падлічваюць, вымяраюць ды забіраюць на захаваньне. Болей забіраюць, чымсьці дзеляць, шчыра кажучы, і мы большасьць ня бачым.
– Ну, досыць, – Піпін пазяхнуў. – Тое надта стамляльна для мяне сёньня. Ежа ў нас і з сабою ёсьць. Дайце нам пакой, каб пакласьціся. Гэтак ці інакш, ён усё роўна будзе лепшым за многія месцы, якія мне давялося пабачыць.
Хобіты ля брамы, відавочна, пачуваліся няёмка. Напэўна, было парушанае яшчэ нейкае правіла, але хіба запярэчыш такім уладарным гасьцям, тым больш што двое зь іх выглядаюць надзвычай высакарослымі й дужымі. Фрода загадаў, каб браму зачынілі зноў. Трымаць варту ва ўсялякім выпадку было слушна, пакуль бандыты яшчэ шныралі навокал. Тады чатыры сябры рушылі ў хобіцкую вартоўню й уладкаваліся, як здолелі. Гнюснае месца, голае, з маленечкім агменьчыкам, дзе й добрага цяпельца няможна было раскласьці. У верхніх пакоях стаялі шэрагамі маленькія ложкі, на кожнай сьцяне віселі аб'явы й сьпісы Правілаў. Піпін усе папазьдзіраў. Піва не было, ежы – дык зусім нічагуткі, але ж вандроўнікі падзялілі на ўсіх тое, што прывезьлі з сабою, і вячэра выйшла неблагая. Да ўсяго Піпін парушыў Правіла 4, кінуўшы большасьць дроваў, дазволеных на наступны дзень, у агмень.